“Тэатральны запаведнік” шукае… “аканома”

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Як разгледзець адметнасць уласнай сцэны самім і “прадаць” яе іншым?

/i/content/pi/cult/298/4998/4-1.jpg

Прырода тэатральнага мастацтва надзвычай спецыфічная: яно існуе роўна да таго часу, пакуль доўжыцца спектакль. Але вось ізноў загараецца ў зале святло, гледачы пакідаюць будынак і... Як жа тэатр працягвае сваё жыццё далей? У якім выглядзе застаецца з намі? Урэшце, дзякуючы якім складнікам упісвае сябе ў нашу агульнакультурную гісторыю?..

Сёння ўжо відавочна, што мода на тэатр як на своеасаблівы элітна-інтэлектуальны асяродак, дзе размаўляюць "пра сваё", страціла актуальнасць. У той жа час, да ўзроўню відовішчнай установы, асноўнай задачай якой з'яўляецца забаўляльна-рэкрэацыйная функцыя, тэатр наш яшчэ таксама не сягнуў. І гэткае яго становішча, з аднаго боку, надзвычай прыцягальнае тым, што не дае адкрытага ходу для навамодных бяздумных "вопытаў" на гледачах, з іншага ж - нярэдка аказваецца неўспрымальным да тых цікавых эксперыментаў, якія адбываюцца не толькі ў сусветнай тэатральнай прасторы, але і на нашых родных абсягах. Але беларускі тэатр не спяшаецца заняцца самаспасціжэннем - сёння нашмат цікавей выглядае ідэя выхаду на міжнародную арэну. Якім чынам? Акурат пра гэта і пойдзе гаворка.

 Заўважнасць канкурэнтаздольнасці

Калі казаць пра рэальную прысутнасць сучаснага беларускага тэатра ў міжнароднай прасторы, адзіныя, каму гэта насамрэч удалося, - рэжысёры тэатра лялек. Аляксей Ляляўскі, Алег Жугжда, Віктар Клімчук - сёння гэтыя імёны не проста вядомыя за межамі нашай краіны, але і запатрабаваныя прафесійна. Рэжысёры ствараюць пастаноўкі ў іншых тэатрах, актыўна бяруць удзел са сваімі спектаклямі ў найбуйнейшых міжнародных фестывалях. Аднак - вось парадокс! - усе яны заваявалі прызнанне і пашану, у першую чаргу тым, што кожны раз дэманстравалі свой высокі прафесійны ўзровень. А ўжо "беларускасць", прычым, зусім не лабавая, узнікала на наступным этапе: калі пастаноўка набывала інтанацыі, ледзь улоўны каларыт, нюансы, якія і вызначаюць паняцце аўтарскага стылю. Так што сёння многія еўрапейскія тэатры лічаць за гонар запрасіць на пастаноўку тых жа Жугжду або Ляляўскага: за імі "стаіць" добрае імя і высокая планка творчага прафесіяналізму.

Рэжысёры ж драматычных тэатраў, на жаль, пахваліцца падобным "выхадам у свет" не могуць. І справа зусім не ў тым, што гэты від тэатра менш мабільны за лялечны. Проста яны мала кантактуюць у рэальнай творчай практыцы са знешнімі, іншымі формамі і прынцыпамі работы, у выніку чаго паняцце ўласнай "адметнасці" паварочваецца зусім іншым бокам, замінаючы выхаду нашых рэжысёраў на сусветную "творчую біржу". І хаця многія з іх усё ж перыядычна ездзяць на пастаноўкі ў тэатры іншых краін, як правіла, гэтыя іх работы не аказваюцца заўважанымі на ўзроўні таго або іншага рэгіёна і з гэтай прычыны не выходзяць на якасна іншы ўзровень. Апошні прыклад: "Пінская шляхта" ў рэжысуры Мікалая Пінігіна ў варшаўскай "Рампе", якая так цешыла сэрцы ўсіх тэатральных "балельшчыкаў" і якая прадэманстравала цалкам годны мастацка-пастановачны ўзровень, наўрад ці выйдзе за межы нашай уласнай радасці, у першую чаргу, акурат таму, што яна не стала падзеяй для польскай тэатральнай грамадскасці і не стварыла для яе прэцэдэнту знаёмства з "іншай", аўтарскай рэжысурай. А так хацелася б, каб работа мастацкага кіраўніка аднаго з вядучых беларускіх тэатраў была прадстаўлена на адпаведным, вартым таго ўзроўні, а не ў "выпадковым" тэатры! Бо, як вядома, трапным "стрэл" атрымліваецца толькі тады, калі папярэдне ўдаецца добра і дакладна "прыцэліцца".

Як змяніць гэтую сітуацыю? Адказ- відавочны: пастарацца працаваць так, каб пастаноўкі, на якія рэжысёры выязджаюць, каб зарабіць грошай, усё ж станавіліся тэатральнымі падзеямі не толькі для нас (маўляў, беларуса запрасілі працаваць за мяжу!), а, у першую чаргу, для тых тэатраў і рэгіёнаў, дзе паўстаюць. Толькі так пагалоска пра творчы ўзровень беларускіх рэжысёраў зможа ўзмацніцца і стаць ім рэальнай рэкламай.

 Глядзі сваё

Зрэшты, экспарт айчынных прафесіяналаў - гэта далёка не першачарговая задача, што стаіць перад нашым тэатрам. Нашмат больш актуальнае- стварэнне ўласнага тэатральнага прадукту, які быў бы цікавы не толькі вузкаму колу прафесіяналаў, але і шырокай глядацкай аўдыторыі. Чаму мы вельмі часта кажам, што на міжнародным узроўні на сённяшні дзень не існуе такога паняцця, як "беларускі тэатр": усе, канешне ж, ведаюць, што ў нашай краіне працуюць тэатральныя трупы, але пэўнага вобраза, асацыятыўнасці - не ўзнікае? Ды таму, што мы самі, па сутнасці, не маем дакладна акрэсленай агульнай карціны беларускага тэатральнага працэсу!

"Нам за тое, што мы прапагандуем беларускую культуру, павінны прадастаўляць дадатковыя прэферэнцыі!" - гэткія заявы неаднойчы даводзілася чуць ад тэатральных рэжысёраў. Маўляў, кожны з іх мог бы спакойна ставіць Шэкспіра з Чэхавым і не ведаць сабе гора-бяды, але ж... Наяўнасць у рэпертуарнай афішы свайго калектыву нацыянальнай драматургіі яны нярэдка выдаюць бадай за подзвіг, наракаючы на гледача і крытыкаў за тое, што тыя, у сваю чаргу, не адзначаюць гэта як факт высокага грамадзянскага служэння, а ў большай ступені выказваюць заклапочанасць мастацкім узроўнем прадстаўленага матэрыялу. Ды толькі ўсур'ёз аб прапагандзе можна разважаць толькі тады, калі робяць гэта гледачы, а не самі творцы. Як жа данесці здабыткі айчыннага тэатра да тых, для каго яны прызначаны?

Як прадэманстраваць, што не толькі "за морам", але і ў нас ёсць тэатральныя пастаноўкі, вартыя таго, каб быць заўважанымі і адзначанымі? Тут таксама існуюць даўно вядомыя рэцэпты, якія чамусьці нашымі тэатральнымі дзеячамі амаль што ігнаруюцца.

Рэцэпт першы: фестывальны

У апошнія гады стала заўважнай тэндэнцыя павелічэння прысутнасці айчынных калектываў на міжнародных тэатральных фестывалях, якія праводзяцца на Беларусі. Аднак гэтага на паверку аказваецца мала: зазвычай галоўная задача падобных форумаў- прадставіць агульную панараму мастацтва, не засяроджваючыся на адным яго аспекце. Іншая справа, што ва ўсе часы надзвычайны інтарэс да сябе выклікалі фестывалі, якія ставілі за мэту сабраць карціну таго, што адбываецца "тут і зараз" у нацыянальным тэатральным мастацтве. Згадайма хаця б знакамітыя некалі "Прыбалтыйскія тэатральныя вёсны", якія ў свой час давалі карціну інтарэсаў і пошукаў, абазначаючы і пэўныя вектары творчага развіцця тэатраў.

Што ж, у свой час падобны творчы форум абазначыўся і ў Бабруйску: Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі меў на мэце скласці панараму таго, што за тэмы цікавяць сёння беларускіх аўтараў і якія жанравыя формы знаходзяць для іх нашы рэжысёры. На жаль, такая важная задача сышла з першага плана, у выніку чаго фестываль у Бабруйску з канцэптуальнага, важнага на агульнарэспубліканскім узроўні агляду-форуму ператварыўся ў звычайнае "мерапрыемства", якое не вырашае аніякіх творчых задач, а проста прывозіць у горад спектаклі іншых тэатральных калектываў. Той факт, што абласныя ўлады не "здаюць" яго, падтрымліваючы фінансава, безумоўна, варты станоўчай адзнакі. Аднак пакінуць фестываль без належнага напаўнення - значыць, змарнаваць усе тыя намаганні, якія прыкладваюцца для падтрымання яго жыццядзейнасці.

 Рэцэпт другі: адрасны

 Усе мы са школьных часоў памятаем пра тое, што лісты, адрасаваныя "на вёску да дзядулі" да адрасата не даходзяць. Але ў нашых унутрытэатральных справах па-ранейшаму працягваем думаць, што галоўнае - зрабіць, а ўжо спажыўцы знойдуцца самі сабой. На паверку ж аказваецца усё іначай. Яскравы прыклад - дзейнасць Цэнтра беларускай драматургіі пры Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. У свой час ішло шмат размоў аб тым, што гэта павінна быць дзейсная актыўна-ініцыятыўная група, асноўным заняткам якой будзе прасоўванне сучаснай беларускай драматургіі на сцэны айчынных тэатраў. Часткова так і сталася: сёння пад дахам Цэнтра ладзяцца разнастайныя чыткі, майстар-класы.

Адно пытанне - дзе ў гэты час знаходзяцца тыя, каму ўсе гэтыя мерапрыемствы здольныя прынесці рэальны плён? У асноўным, наведвальнікамі і "спажыўцамі" гэтага з'яўляюцца студэнты сталічных ВНУ і тыя маладыя людзі, якія, скончыўшы Акадэмію мастацтваў, усё наважваюцца ўступіць у прафесію дзякуючы сваім творчым эксперыментам. У той час як рэальныя практыкі тэатра - тыя, хто сёння працуе і сваімі спектаклямі фарміруе беларускую тэатральную афішу,- аказваюцца цалкам неахопленымі. Для іх падобныя імпрэзы не ўяўляюць практычнай, прыкладной значнасці, таму што часта скіраваны адно толькі на самавыяўленне нейкіх "прыхаваных талентаў" і не ўлічваюць практычных патрэб і рэалій існавання беларускага тэатра. А, між іншым, нават простае анкетаванне рэжысёраў адносна таго, што б ім хацелася бачыць у творах сучасных аўтараў, якія жанравыя і тэматычныя спектры сёння запатрабаваны, здолела б выявіць тое магнітнае поле, якое магло б закумуляваць рэальныя высілкі па стварэнні драматургічнага прадукту, канкрэтна запатрабаванага сучасным тэатрам. У выніку самі сабой адпалі б размовы пра тое, чаму ж цудоўныя, вострыя тэксты сучасных аўтараў так і не знаходзяць у нашых тэатрах сваіх рэжысёраў.

 Рэцэпт трэці: выхад у свет

Не сакрэт, што сёння ў тэатральных колах літаральна ўсе з непрыхаванай нецярплівасцю чакаюць першай цырымоніі ўручэння Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Адны - каб нарэшце займець магчымасць прыцягнуць увагу прафесіяналаў да сваёй працы, другія - каб чарговы раз пафасна сказаць, што "нічога не атрымалася". Ды толькі 27 сакавіка міне, пераможцы, вызначаныя журы, атрымаюць свае ўзнагароды... А што далей? Як сам факт перамогі ды і проста ўдзелу ў творчым конкурсе адаб'ецца на далейшым жыцці таго або іншага калектыву? І ці не станецца так, што самі ж тэатры скажуць: навошта мы будзем траціць сілы на ўсялякія "спаборніцтвы", калі ў гэты самы час можам спакойна працаваць для сваіх гледачоў?..

Бадай, галоўнае, на што нельга ні ў якім выпадку забывацца, - тое, што сама па сабе прэмія не з'яўляецца (і не павінна быць!) нейкім абсалютам творчага прызнання. Яе першасная і галоўная задача - даць магчымасць выхаду лепшым тэатральным пастаноўкам, створаным у нашай краіне, на больш шырокую, іншую аўдыторыю. І гэта аднолькава актуальна не толькі для тэатраў, што працуюць у рэгіёнах, але і для сталічных калектываў, якія нярэдка гэтак жа, як і абласныя, маюць вельмі абмежаванае глядацкае кола. Не сягаючы далёка, можна згадаць расійскую "Залатую маску": не толькі лаўрэацтва, але і намінаванне на яе з'яўляецца для любога калектыву своеасаблівым выхадам на новы, іншы, узровень творчага існавання. У тым ліку - дзякуючы таму, што яго спектаклі, асабліва калі тыя прадстаўляюцца ў праграме "Russian case", змогуць убачыць прадстаўнікі тэатральнай эліты многіх краін свету, крытыкі, менеджары і фестывальныя адборшчыкі, ад каго сёння шмат у чым залежыць прысутнасць тых ці іншых тэатраў у міжнароднай творча-фестывальнай прасторы.

Хацелася б, каб і наша Нацыянальная тэатральная прэмія адкрыла айчынным творцам выхад да новых перспектыў і будучых праектаў. А дзеля гэтага і неабходна глыбокая праца па стварэнні таго самага "ўрадлівага слою" ў выглядзе прадуманай спадарожнай інфармацыйнай прадукцыі, якая прадставіць айчынныя тэатры ў найлепшым, выгадным для кожнага калектыву, святле. Іначай жа, седзячы ў бяздзейсным чаканні на краі поля, давядзецца надзвычай доўга чакаць патрэбных нам "узыходаў".

■ ■ ■

Паўтара месяца таму ў рамках прома-тура па Польшчы мела магчымасць цягам тыдня пазнаёміцца з тым, што ўяўляе з сябе сучасны тэатр у гэтай краіне. Апрача вялікай колькасці сустрэч і ўражанняў, сярод якіх- Фестываль нацыянальных прэм'ер у Быдгашчы, што сабраў лепшыя пастаноўкі з усёй Польшчы, зайздросны "запас" прома-прадукцыі. У ім, сярод іншага, - буклет-каталог сучасных польскіх драматургаў з біяграфіямі, спісам п'ес і кароткім прадстаўленнем кола іх творчых пошукаў. Побач - DVD-дыск, які прэзентуе тузін самых яркіх пастановак сезона: трэйлер на 15 хвілін з запісам сцэн са спектакля, невялікае інтэрв'ю з рэжысёрам, інфармацыя пра пастановачную групу і занятых акцёраў, тэхнічныя параметры спектакля, а таксама звесткі аб самім тэатры. Усё гэта, натуральна, прадубліравана на англійскай мове. Да таго ж, - падпіска на рассылку (рускамоўную, якая маецца, апрача польскаі англамоўнай), дзе рэгулярна падаюцца навіны аб усіх гарачых падзеях у польскіх тэатрах са спасылкамі на публікацыі і сайты саміх калектываў. Падумалася: а што ж пра сучаснае беларускае тэатральнае мастацтва, акрамя ўласных уражанняў, маглі б прывезці дадому замежныя калегі пасля тыднёвай вандроўкі па нашых тэатрах?..