Хто здыме новага Стаха?

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Наступным сумесным кінапраектам Саюзнай дзяржавы стане кінастужка паводле рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”.

 

Творцы ўжо плануюць распачаць падрыхтоўку да здымак гэтага фільма. Пра гэта паведаміла спецыяліст-эксперт аддзела сацыяльнай палітыкі Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Людміла Курыловіч.

Шматлікія перспектывы сумесных праектаў, фінансавую падтрымку доўгатэрміновых праграм у галіне культуры на тэрыторыях дзвюх краін абмяркоўвалі ў Магілёве ўдзельнікі "круглага стала", прысвечанага традыцыйнай культуры народаў Беларусі і Расіі.

Людміла Курыловіч акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што мэтай сустрэчы стала выяўленне намінантаў на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. "Раз на два гады мы звычайна адбіралі траіх намінантаў, а неабходна, каб іх было хаця б дзесяць-пятнаццаць, і - у розных накірунках творчасці. Цяпер плануецца новы парадак фінансавання лаўрэатаў: сродкі мяркуюць выдаваць не на адзінкавы аб'ект або мерапрыемства, а на вялікія праграмы, комплекс мерапрыемстваў ці цыкл работ. Міністэрствы культуры абедзвюх краін, мясцовыя ўпраўленні і аддзелы культуры маюць шанц распрацаваць праект у галіне народнай творчасці, які рэалізоўваўся б на тэрыторыі Беларусі і Расіі".

Дырэктар Магілёўскага метадцэнтра Алег Хмялькоў дадаў, што ніводны беларускі рэгіён не наладзіў яшчэ такіх трывалых кантактаў з Расіяй, як Магілёўшчына. Установы абменьваюцца дэлегацыямі, інфармацыяй, набіраюцца досведу адна ў адной на навукова-практычных канферэнцыях.

Пра беларуска-расійскія культурныя сувязі распавёў старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута. Па яго меркаванні, у асобных народных майстроў даволі мала шанцаў атрымаць прэмію Саюзнай дзяржавы, бо яны вядомыя толькі ў сваіх рэгіёнах. Таму трэба вылучаць тых, хто даўно і паспяхова займаецца папулярызацыяй дадзенага мастацтва, развівае яго. Гэта такія творцы, як Міхаіл Дрынеўскі, Валянціна Гаявая, Іван Кірчук ды многія іншыя.

Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец заўважыў: "Цікава было б зладзіць сустрэчу, невялікі фестываль аркестраў народных інструментаў Беларусі і Расіі. У Магілёўскай абласной філармоніі працуе аркестр народных інструментаў імя Л.Іванова, якім кіруе Мікалай Алданаў. Дырыжор актыўна супрацоўнічае з расійскімі творцамі і нядаўна атрымаў запрашэнне ўступіць у Асацыяцыю прафесійных дырыжораў Расіі. На наш погляд, яго праца заслугоўвае таго, каб ён стаў намінантам на вылучэнне прэміі Саюзнай дзяржавы".