Айпод для... рамана

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

У гонар 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча 25 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя новага выдання на чатырох мовах адной з самых папулярных аповесцей аўтара — “Дзікае паляванне караля Стаха”. На наступны дзень фаліянт прадставілі публіцы ў час урачыстасцей на радзіме пісьменніка ў Оршы. Карэспандэнты “К” пазнаёміліся з унікальнай кнігай першымі, літаральна сустрэўшы яе тыраж адразу па прыездзе з друкарні. Пра перадумовы стварэння кнігі і будучае літаратурнай спадчыны Караткевіча мы гутарым са старшынёй Беларускага фонду культуры Уладзімірам ГІЛЕПАМ.

/i/content/pi/cult/298/4995/3-2.jpgАд ідэі да здзяйснення...

- Уладзімір Аляксандравіч, ад задумы да з'яўлення ў Мінску гэткага шыкоўнага выдання прайшоў неверагодна кароткі час: усяго два месяцы...

- Так, нам давялося сканцэнтраваць максімум высілкаў, каб за лічаныя тыдні атрымаць кнігу высокай друкарскай якасці. Асобна зазначу, што ідэя стварэння да ўгодкаў Караткевіча шматмоўнага фаліянта належыць міністру культуры Беларусі Паўлу Латушку, якую адразу падхапіў і Беларускі фонд культуры. Сваім праектам мы хацелі стварыць своеасаблівы помнік класіку нацыянальнай літаратуры. Дарэчы, сам фаліянт у 760 старонак, з вялікай колькасцю ілюстрацый, друкавалі ў Польшчы, дзе таксама надзвычай прыязна ставяцца да нашага пісьменніка.

- У фаліянце "Дзікае паляванне караля Стаха" прадстаўлена на чатырох мовах...

 - Канешне, гэтая аповесць мае куды большую колькасць перакладаў на мовы свету. Яе можна прачытаць нават на в'етнамскай. Такі варыянт абраны невыпадкова: мы звярнуліся да дзвюх дзяржаўных моў - беларускай і рускай. Потым- пераклад на ўкраінскую...

 - ...Мову, якую цудоўна ведаў Караткевіч: ён вучыўся ў Кіеве, пасля ўніверсітэта працаваў у вясковай школцы ў Кіеўскай вобласці, ды і сам пісаў сіятыя раннія творы па-ўкраінску...

- Так, неўзабаве ў Кіеве павінны адкрыць помнік нашаму суайчынніку. Да слова, мяркуецца, што пад час тых урачыстасцей адбудзецца прадстаўленне і нашага праекта. Зрэшты, магчымы прэзентацыі і ў іншых краінах: нездарма чацвёртай мовай выдання была абрана англійская. Аб абавязковым перакладзе аповесці на мову міжнародных зносін нас прасіла і Міністэрства замежных спраў, каб можна было распаўсюджваць фаліянт па пасольствах Рэспублікі Беларусь за мяжой.

Сярэбраная аправа для золата слова

- Цяпер у "кніжнай модзе" - барочныя вокладкі, пазалочаныя зрэзы... У параўнанні з гэтым выданне Беларускага фонду культуры ўражвае сціпласцю, у якой, аднак, адчуваецца высакародная годнасць...

- Мы зыходзілі з асобы аўтара, улічваючы сціпласць гэтага чалавека пры жыцці. На нашу думку, афармленне павінна было стаць абрамленнем унутранай скарбніцы слова.

Упэўнены, работа над афармленнем пачынаецца з дасканалага вывучэння тэксту. Зыходзячы са зместу, мы абралі для кнігі ўсяго тры колеры: белы, чорны і сярэбраны. Манахромнае вырашэнне напачатку выклікала неспадзяваную цяжкасць. Справа ў тым, што нам спат/i/content/pi/cult/298/4995/3-3.jpgрэбіўся партрэт Караткевіча - адпаведна, графічны. Давялося шукаць па музеях і ў Беларускім саюзе мастакоў. Пад час гэтых пошукаў мы, на вялікі жаль, сутыкнуліся з тым, што нешматлікія майстры пэндзля звярталіся да спроб партрэта Уладзіміра Сямёнавіча.

Дзякаваць богу, не ўзнікла пытанняў з ілюстрацыямі да кнігі. Нашай тэме адпавядала творчасць гродзенскага мастака Юрыя Якавенкі. Мы звярнуліся да яго з просьбай праілюстраваць фаліянт - і ён з задавальненнем адгукнуўся. Сумесна з мастаком было вырашана ствараць афармленне з работ, што адпавядаюць тэме "Дзікага палявання...", так бы мовіць, атмасферы літаратурнага твора. Часткова мы выкарысталі ўжо наяўныя ў мастака малюнкі, але толькі тыя, якія яшчэ нідзе не друкаваліся. Палову ж ілюстрацый Юрый Якавенка стварыў спецыяльна для нашага выдання.

Абсягі Караткевіча: ад А да Я

- Хацелася б, каб, незалежна ад юбілейных дат, у календары з'яўляліся і новыя падобнага кшталту праекты...

- Канешне, вы закранаеце вельмі глыбінную праблему. Прыходзяць новыя пакаленні, і для кожнага з іх павінен з'яўляцца свой Караткевіч, прычым неабавязкова толькі ў папяровым варыянце. Для ноўтбукаў, планшэтаў, айподаў, якімі карыстаецца сёння маладое пакаленне, патрэбна ствараць электронныя версіі аповесцей і раманаў аднаго з самых папулярных беларускіх аўтараў.

Што такое з'ява пад імем "Караткевіч"? У першую чаргу - сакавітая беларуская мова. Вось спрабуеш чытаць яго па-руску - і неяк знікае тая незаўважная матэрыя, з якой у ягоных раманах і вылучаеш карэнную беларускую ментальнасць. Каб матчына мова стала натуральнай для моладзі, трэба больш чытаць, а значыцца, - і выдаваць такіх стылёва багатых і ў добрым сэнсе папулярных кніг.

Па-другое, майстар слова раскрывае для нас беларускую гісторыю. Не мною было заўважана, што часцяком інтэлігенцыя ў свой час адкладала ўбок падручнікі і бралася за раманы Караткевіча: так яскрава, падрабязна і праўдзіва ён распавядае менавіта пра нас і нашу гісторыю.

Таму мне вельмі хочацца, каб словы Уладзіміра Караткевіча намнога шырэй вывучалі ў школе. Хаця б так, як у сваё школьнае дзяцінства нам выкладалі Пушкіна. Памятаю, як у дзявятым класе мы вывучалі "Яўгенія Анегіна": якім жа незразумелым нам, вясковым хлапчукам, падаваўся ўвесь гэты дваранскі свет з яго надзеямі і амбіцыямі! Караткевіч жа распавядзе сённяшнім школьнікам пра жыццё і думы іх прадзедаў, раскажа аб каласальнай любові да сваёй Радзімы і бязмернай пашане да сваёй культуры...

 - Тым больш, што шматгранны талент Караткевіча дазваляе скласці праграму адпаведна любому ўзросту: казкі, вершы, раманы, п'есы, эсэ...

- Калі гэтак будзе, калі дзеці будуць ведаць Караткевіча з малых гадоў, спадчына пісьменніка атрымае новы голас. Тады, мяркую, з'явіцца помнік Караткевічу не толькі ў Оршы, але і ў сталіцы, яго імем пачнуць называць не толькі маленькія вуліцы, але і праспекты. Прынамсі, у Рагачове ўжо закладзены пачатак: былая вуліца Чкалава цяпер носіць імя Караткевіча. І для гэтага мы і імкнуліся стварыць падарункавае выданне "Дзікага палявання караля Стаха". Калі да 100-годдзя з дня нараджэння таленавітага пісьменніка мы прыйдзем з увасобленай у жыццё марай, што акрэслена мной вышэй, значыцца, Беларускі фонд культуры гэтым томам выканаў сваю задачу.

 На здымках: Уладзімір Гілеп;

старонкі з новай кнігі.

 Фота Юрыя ІВАНОВА/i/content/pi/cult/298/4995/3-1.jpg

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка на прэзентацыі кнігі "Дзікае паляванне караля Стаха" ў Нацыянальнай бібліятэцы адзначыў, што гэты і іншыя творы Уладзіміра Караткевіча заслугоўваюць таго, каб іх перакладалі на многія замежныя мовы.

Па словах міністра, сёння неабходна прадстаўляць шырокай грамадскасці ўсё самае лепшае, што ёсць у нас, у тым ліку - праз літаратурныя пераклады. Павел Латушка выказаў спадзяванне, што пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў у бліжэйшы час адбудуцца прэзентацыі гэтага выдання ў Маскве, Кіеве, Лондане, Вільнюсе ды іншых гарадах.

Але галоўнае, на думку міністра, - кніга "Дзікае паляванне караля Стаха" будзе несці праўду пра нашу Радзіму, гісторыю, культуру. "Фактычна Караткевіч стварыў падмурак для незалежнай краіны, даў свядомасць, разуменне таго, што мы - еўрапейскі народ, які мае глыбокія карані і багатую гісторыю. Кожнаму з нас ён даў усведамленне свайго ўласнага месца. І гэта важна сёння разумець і памятаць", - падкрэсліў Павел Латушка.

На здымку: Павел Латушка знаёміцца з новым выданнем

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"