У гэты калектыў будуць сабраны лепшыя струннікі, духавікі, ударнікі не толькі нашай краіны, але і Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны. Рэпетыцыі калектыву пройдуць улетку 2011-га, а ўвосень аркестр праедзе з гастролямі па Еўропе.
Пробны праект, што з'яднаў творчую моладзь Польшчы і Украіны, адбыўся ўжо сёлета. Увогуле ж, сумесныя маладзёжныя аркестры - адна з прыкмет часу. Маладыя музыканты яднаюцца, сябруюць, рэпеціруюць і адпачываюць, атрымліваюць майстар-класы ад вядучых спецыялістаў свету і самі скараюць сваім мастацтвам свет.
"I, Culture Orchestra" ствараецца па падабенстве Маладзёжнага аркестра Еўрапейскага Саюза і іншых сумесных калектываў. Ініцыятарам цяперашняй акцыі выступае Інстытут Адама Міцкевіча ў Варшаве, а прыезд на праслухоўванні артыстычнага дырэктара новага калектыву курыруе, адпаведна, Польскі Інстытут у Мінску. Супрацоўнічаць з аркестрам ужо далі згоду такія вядучыя музыканты, як Сэр Нэвіл Марынер і Юлія Фішэр.