ПАЛАЖЭННЕ аб Кансультатыўным савеце па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

У выкананне Даручэння Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 19 лістапада міністр культуры падпісаў загад № 174. Дакумент, у прыватнасці, зацвярджае Палажэнне аб Кансультатыўным савеце па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, у чый склад уваходзяць кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа, члены грамадскіх аб’яднанняў, якія дзейнічаюць у нашай краіне, прадстаўнікі дзяржаўных органаў.

ПАЛАЖЭННЕ

аб Кансультатыўным савеце па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь

1. Дадзенае Палажэнне вызначае кампетэнцыю і парадак дзейнасці Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь (далей - Савет).

2. Рашэнне аб персанальным складзе Савета прымаецца Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

3. Савет супрацоўнічае з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь, іншымі органамі і арганізацыямі, у тым ліку грамадскімі арганізацыямі беларусаў замежжа.

4. Задачамі Савета з'яўляецца:

 4.1. аказанне беларусам замежжа практычнай дапамогі ў захаванні і развіцці нацыянальна-культурнай самабытнасці;

4.2. каардынацыя дзеянняў грамадскіх аб'яднанняў беларусаў замежжа ў рэалізацыі імі грамадзянскіх, сацыяльнакультурных і іншых правоў з улікам норм міжнароднага права і заканадаўства дзяржаў грамадзянскай прыналежнасці членаў грамадскіх аб'яднанняў беларусаў замежжа, пастаяннага месца пражывання беларусаў за мяжой;

4.3. аказанне садзейнічання ў развіцці ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва грамадскіх аб'яднанняў і суб'ектаў гаспадарання краін пражывання беларусаў замежжа з грамадскімі аб'яднаннямі і суб'ектамі гаспадарання Рэспублікі Беларусь;

4.4. садзейнічанне стварэнню эфектыўных механізмаў супрацоўніцтва органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь рознага ўзроўню ў культурнай, адукацыйнай, інфармацыйнай і іншых сферах жыцця;

4.5. прыцягненне беларусаў замежжа да ўдзелу ў рэалізацыі сацыяльнаэканамічных, грамадска-культурных і іншых праграм, якія праводзяцца як на тэрыторыі Рэспублікай Беларусь, так і за мяжой;

4.6.садзейнічанне ў стварэнні спрыяльных прававых і арганізацыйных умоў для беларусаў замежжа і членаў іх сем'яў, якія прынялі рашэнне вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь на пастаяннае месца жыхарства.

5. Савет узаемадзейнічае з дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь па пытаннях:

5.1.вывучэння, захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь;

5.2. арганізацыі культурнага абмену паміж арганізацыямі культуры, установамі адукацыі Рэспублікі Беларусь і грамадскімі арганізацыямі беларусаў замежжа па пытаннях забеспячэння іх запатрабаванняў, звязаных з захаваннем мовы, традыцый і звычаяў народа Беларусі;

 удзелу беларускіх калектываў мастацкай творчасці ў значных мерапрыемствах, якія праводзяцца грамадскімі аб'яднаннямі беларусаў замежжа;

заахвочвання беларусаў замежжа да супрацоўніцтва ў сферы турызму;

5.5. падтрымкі інфармацыйных сувязей паміж грамадскімі аб'яднаннямі беларусаў замежжа і Рэспублікай Беларусь; садзейнічання ў атрыманні беларусамі замежжа аб'ектыўнай інфармацыі аб Рэспубліцы Беларусь, становішчы беларусаў у іншых краінах; садзейнічання ў рэалізацыі прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь правоў на атрыманне на роўных умовах з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь адукацыі, павышэння кваліфікацыі і г. д.

6. Для ажыццяўлення сваіх задач Савет мае права:

 6.1. атрымліваць ва ўстаноўленым парадку інфармацыю аб дзейнасці дзяржаўных органаў у сферы супрацоўніцтва з грамадскімі аб'яднаннямі беларусаў замежжа;

 6.2. уносіць Міністэрству культуры прапановы па выкананні ўскладзеных на Савет задач.

7. У склад Савета ўваходзяць кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў беларусаў замежжа, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў якія дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнікі дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь;

8. Савет з'яўляецца грамадскім фарміраваннем і дзейнічае на грамадскіх пачатках.

9. Выдаткі, звязаныя з дзейнасцю Савета на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, фінансуюцца за кошт сродкаў, якія прадугледжаны Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь на правядзенне цэнтралізаваных мерапрыемстваў, і сродкаў іншых дзяржаўных органаў, а таксама іншых крыніц, не забароненых дзеючым заканадаўствам.

10. Арганізацыйную і тэхнічную дапамогу ў рабоце Савета аказвае Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

11. Савет праводзіць пасяджэнні па меры неабходнасці, але не радзей за адзін раз у год. Можа выкарыстоўвацца завочная форма правядзення пасяджэнняў Савета з дапамогай любых існуючых сродкаў сувязі.

 12. Кожны член Савета можа ўносіць прапановы ў план працы Савета і парадак дня яго пасяджэнняў.

13. Пасяджэнне Савета лічыцца правамоцным, калі ў ім прымала ўдзел не менш за 50% яго членаў.

14. Савет вызначае парадак прыняцця ім рашэнняў.

15. Рашэнні Савета носяць рэкамендацыйны характар.

 16. Міністэрства культуры мае права запрашаць на пасяджэнні Савета прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, сродкаў масавай інфармацыі, іншых арганізацый.

17. Рашэнне аб спыненні дзейнасці Савета прымаецца Міністрам культуры краіны па ўзгадненні з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь.