У сходзе прымуць удзел 2,5 тыс. чалавек. Сярод іх - нямала і прадстаўнікоў сферы культуры. Мы звязаліся з некаторымі дэлегатамі, што прадстаўляюць галіну, каб даведацца аб настроі, з якім яны збіраюцца на веча.
Дэлегатам Усебеларускага сходу ад Гомельскай вобласці абраны дырэктар Гомельскай харэаграфічнай школы Пётр Свярдлоў. Яго добра ведае бадай кожны жыхар рэгіёна, а не адно навучэнцы школы і іхнія бацькі.
- Гэта вельмі пачэсная місія, - кажа Пётр Свярдлоў,- прадстаўляць на Усебеларускім сходзе дзеячаў культуры Гомельшчыны. Я ганаруся, што гэтым абраннем, якое адбылося на вялікім сходзе горада і вобласці, адзначылі не толькі мяне, але і, у маёй асобе, усю Гомельскую харэаграфічную школу, дзе на сёння займаецца 752 адораных дзіцяці. І наша, дэлегатаў, задача- не проста слухаць, а пасля завяршэння пасяджэнняў ісці ў працоўныя і творчыя калектывы і тлумачыць намечаныя на Сходзе перспектывы, кірункі далейшага развіцця нашай краіны. Ажыццяўленне ўсіх гэтых планаў немагчымае без дапамогі дзяржавы. А сама дзяржава заўсёды моцная добрымі памкненнямі і здзяйсненнямі кожнага з нас.
Студэнтка 3-га курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці "культуролаг - менеджар міжнародных культурных сувязей" Настасся Ямаціна вылучана дэлегатам ад сваёй ВНУ.
- Прызнаюся шчыра: маё абранне дэлегатам Усебеларускага народнага сходу стала для мяне нечаканасцю. Але нечаканасцю прыемнай і пачэснай, - кажа яна. - Так, удзел у грамадскай дзейнасці вымагае шмат часу, але для мяне тое - неаспрэчна, крок наперад. Гэта спрыяе ўласнаму развіццю, дазваляе пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і, вядома ж, дае магчымасць зрабіць свой унёсак у будучыню Беларусі. На Усебеларускім народным сходзе буду падтрымліваць палітыку нашай дзяржавы, скіраваную на ўмацаванне незалежнасці краіны, развіццё культуры, пашану да беларускай мовы і мінуўшчыны нашага краю.