Ашмянскае “гняздо”

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

У аб’ектыве фотаапарата і археолага

/i/content/pi/cult/297/4987/14-4.jpg

 У кожным рэгіёне нашай краіны ёсць свае ўнікальныя скарбы, цікавыя і непаўторныя гісторыі, многія з якіх патрабуюць грунтоўнага асэнсавання і даследавання. І калі ў некаторых раёнах толькі збіраюцца распачаць гэтую працу, то на Ашмяншчыне дзейнасць па вывучэнні і зберажэнні гісторыкакультурнай спадчыны сталася ўжо традыцыйнай.

Яскравым доказам таму сталі IV Гальшанскія чытанні, у якіх прынялі ўдзел навукоўцы Інстытута гісторыі НАН Беларусі, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў краіны, а таксама мясцовыя краязнаўцы. Са свайго боку, аддзел культуры парупіўся, каб пазнаёміць жыхароў і гасцей Ашмян не толькі з навуковымі здабыткамі, але і з мастацкімі. У прыватнасці, у межах Чытанняў праходзілі выстаўкі "Мястэчкі Ашмянскага павета канца XIX стагоддзя", "Мясцовыя краявіды ў творах юных мастакоў", а таксама працавала экспазіцыя члена Беларускага саюза мастакоў, ураджэнца раёна Сяргея Шэмета "Шчырасць сэрца і таленту".

З гэтага рэгіёна паходзіць наш славуты зямляк - грамадскі дзеяч, археолаг, калекцыянер і, як ні дзіўна, адзін з першых спартыўных журналістаў у Еўропе Зыгмунд Мінейка. А таму бачыцца сімвалічным, што менавіта праглядам дакументальнай стужкі "Вяртанне да вытокаў", прысвечанай 170годдзю з дня нараджэння Мінейкі, і распачалася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Культурная і гістарычная прастора мястэчак Ашмяншчыны". У цэнтры яе - выключна новыя, часам сенсацыйныя, даследаванні навукоўцаў.

У прыватнасці, загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Вадзім Лакіза і малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Зоя Харытановіч падрабязна распавялі пра вынікі археалагічных даследаванняў у зонах новабудоўляў на тэрыторыі Ашмянскага раёна, новыя помнікі і матэрыялы. Цягам гэтага года на тэрыторыі раёна быў выяўлены археалагічны комплекс, які ўключае гарадзішча, селішча гнездавога тыпу і два курганы. Дзякуючы намаганням гісторыкаў і валанцёраў на тэрыторыі плошчай 136 квадратных метраў знойдзена некалькі тысяч фрагментаў аблітай керамікі ІІІ- VІІ стагоддзяў, нажы, фрагмент баявой сякеры жалезнага веку, пражкі, 20 гліняных праселак.

У сваім выступленні кандыдат гістарычных навук Эдвард Зайкоўскі агучыў новыя даныя да археалагічнай карты Ашмянскага раёна, колькасць "белых плямаў" на якой істотна паменела.

Грунтоўна даследаваны і больш блізкі нам перыяд часу - побыт жыхароў Ашмянскага павета ў XVIII стагоддзі. У тым ліку на аснове інвентароў і іншых архіўных матэрыялаў, кандыдат гістарычных навук, загадчык сектара археаграфіі і крыніцазнаўства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Доўнар дэталёва вызначыў асаблівасці гандлю ў гэтым рэгіёне і акрэсліў адметнасці выдання прывілеяў на таргі і кірмашы мястэчкам Ашмяншчыны.

Пры гэтым убачыць на свае вочы сенсацыйныя знаходкі і каштоўныя вынікі апошніх даследаванняў можна было не толькі на экране праектара ў актавай зале Дома культуры, але і ў межах новых выставак Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча "След у гісторыі" і "Новыя археалагічныя знаходкі на тэрыторыі Ашмянскага раёна".

Відавочна, свой "след у гісторыі" пакіне і кніга Тамары Філіповіч "Падарожжа па Ашмянскім краі", прэзентацыя якой адбылася ў межа/i/content/pi/cult/297/4987/14-5.jpgх Чытанняў. Як ні дзіўна, яе аўтар, дырэктар мясцовага мясакамбіната, - ураджэнка Украіны, але закаханы ў нашу краіну чалавек. Яна з фотаапаратам аб'ездзіла ўсю Беларусь. У аснову кнігі Тамары Філіповіч увайшлі пейзажы і здымкі архітэктурных каштоўнасцей цэлага рэгіёна, бо "Падарожжа па Ашмянскім краі" вызначана межамі старадаўняга павета, куды сёння ўваходзяць населеныя пункты шэрагу раёнаў Гродзеншчыны і Міншчыны.

Але кніга Тамары Філіповіч - не столькі фотаальбом, колькі ўзбагачаны разнастайнай інфармацыяй сапраўдны фаліянт: аўтар выкарыстоўвала малавядомае на Беларусі выданне Чэслава Янкоўскага пра Ашмяншчыну, варшаўскае выданне "Кляштары Беларусі", а таксама інфармацыю ад мясцовых краязнаўцаў, святароў.

Як адзначыў у размове з карэспандэнтам "К" выконваючы абавязкі дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч, Ашмяншчына дае выдатны прыклад таго, як павінна весціся праца па даследаванні сваёй мінуўшчыны: "Такія канферэнцыі можна праводзіць у любым раёне, было б толькі жаданне мясцовых улад. А гісторыкі, са свайго боку, з радасцю прымуць у іх удзел".

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"