“Берагіня” і яе спадарожнікі

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Прэзентацыя Рэспубліканскага фестывалю “Берагіня”, мерапрыемства ў рамках праекта “Фальклор беларускай глыбінкі”, канцэрт традыцыйнага мастацтва… Шмат вызначэнняў гэтай падзеі, шмат мэт і задач у тых, хто арганізаваў і падтрымлівае форум. І — самае галоўнае — надзвычай шмат сталічнай публікі, якая прыйшла суботнім вечарам у Палац культуры і спорту чыгуначнікаў, каб пазнаёміцца з творчасцю дзяцей з розных рэгіёнаў краіны. Гледачы нават стаялі ў праходах. Карацей, поўны аншлаг!

/i/content/pi/cult/297/4982/12-3.jpgНамеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі адзначыў на адкрыцці канцэрта-справаздачы: "Мы распачынаем новы культурны праект- прэзентацыю фестываляў краіны, большасць з якіх адбываецца ў аддаленых ад сталіцы рэгіёнах Беларусі. "Берагіня"- адзін з найбольш, на мой погляд, каштоўных для нацыянальнай культуры. Ён, як ніякі іншы, дазваляе вельмі шырока, у розных формах, не толькі асэнсаваць, але і прыгожа прадставіць традыцыйную культуру".

Абудзілі публіку і настроілі яе на патрэбны лад бойкія дзеткі з калектыву "Рудабельскія зорачкі" Акцябрскага цэнтра вольнага часу. Аднымі з самых доўгачаканых выступленняў былі сольныя спевы і найгрышы дзяўчатак, якія ў гэтым годзе імгненна сталі "зоркамі" ў "берагінеўскім" коле: Настассі Матусевіч з Асіповіцкага раёна і Марыі Касцюкевіч з Мётчы. Асаблівую ўвагу праявілі і гледачы: у час, калі Насця спявала журботную жніўную песню "Сіротанька жыта жала", у зале стаяла неверагодная цішыня, якая пасля ўзарвалася апладысментамі.

Варта адзначыць дэбютантаў мінулай "Берагіні": Узорны ансамбль народнай музыкі "Гулянок" са Смаргоні, што віртуозна сыграў кампазіцыю "Ліцвін", і фальклорны калектыў "Гарлачыкі" з Мінска, удзельнікі якога паказалі мінчанам арыгінальны карагод. Самыя малодшыя па ўзросце артысты з гурта "Калыханка" Міханавіцкага дома фальклору з Міншчыны выклікалі хвалю замілавання ў гледачоў, такія яны былі смелыя, шчырыя, натуральна адчувалі сябе на сцэне.

А перад святочным канцэртам адбыўся "круглы стол" "Традыцыйная культура і дзеці: прабле/i/content/pi/cult/297/4982/12-2.jpgмы захавання, аднаўлення і трансляцыі" - гэтая тэма штораз выклікае прапановы наконт удасканалення фармату фестывалю.

Зрэшты, і канцэрт паказаў, што галоўнае - правільна падаць аўдыторыі народную творчасць: не змешваючы з апрацоўкамі, а з пачуццём уласнага гонару прапанаваць менавіта чыстае, аўтэнтычнае мастацтва. Вядучы метадыст па харэаграфічным мастацтве Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Людміла Бярней упэўнена: "Традыцыя ў нас захавана. Доказам - удзел 17 тысяч дзяцей у абласным конкурсе "Радавод", які стаў своеасаблівым спадарожнікам "Берагіні". У Драгічынскім раёне, ведаю, падключыліся ўсе ўстановы культуры, і выявілася, што амаль у кожнай ёсць калектыў народнай творчасці. Дзеці цяпер ганарацца сваім удзелам, і бацькі іх вязуць на мясцовыя канцэрты з такой радасцю, як на "Еўрабачанне"!"

Паспрыяе больш актыўнаму ўключэнню рэгіёнаў у працэс і правядзенне асобных этапаў "Берагіні" ў кожнай з абласцей краіны. Наступным разам спаборніцтва танцавальных пар будзе адбывацца на Брэстчыне, конкурс аўтэнтычных форм - на Магілёўшчыне, народную прозу дзеці з усёй Беларусі прадставяць на Гродзеншчыне, турнір салістаў пройдзе ў Мінскай вобласці, а заключныя мерапрыемствы, па традыцыі, - у Акцябрскім.

 Мікола Козенка зрабіў акцэнт на такой праблеме, як недахоп прафесійных кіраўнікоў фальклорных калектываў у рэгіёнах. "Людзей з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй хапае, але вельмі патрэбны спецыялісты з вышэйшай. Іх выпускае толькі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, і тое - усяго 4-5 чалавек на год", - зазначыў ён.

 Майстар народных інструментаў В/i/content/pi/cult/297/4982/12-1.jpgіктар Кульпін засяродзіў увагу на яшчэ адным моманце: кошт беларускай дуды, якую ён вырабляе адзіны ў краіне, дасягае ў эквіваленце блізу 600 долараў. Тое, фактычна, -сабекошт, абумоўлены працэсам стварэння. Аднак калектывы не змогуць набыць інструмент за такую суму. Патрэбна абсталяваць майстэрню ў адпаведнасці з часам. Тым больш, у канцэпцыі "Берагіні" на наступныя гады запланавана, каб усе калектывы выступалі пад акампанемент адноўленай дуды, у даўнія часы вельмі распаўсюджанай на Беларусі.

У адказ на гэта дэлегацыя з Гродзеншчыны задала пытанне: "У выпадку, калі дуда будзе набыта, як жа навучыцца на ёй граць?" Місію навучаць музыкантаў, ды і не толькі іх, возьме на сябе новаствораны Інстытут культуры Беларусі. Выкладчыкі будуць праводзіць там майстар-класы для работнікаў культуры з усёй краіны, даваць метадычныя рэкамендацыі. Ды і ўвогуле, падрыхтоўка да наступных фестываляў і развіццё фальклорных калектываў мусяць быць лягчэйшымі пры дапамозе сталых прафесіяналаў.

На здымку: Узорны ансамбль народнай музыкі "Гулянок";

 Марыя Касцюкевіч; у час майстаркласа па саломкапляценні.

 Фота аўтара