Яблыкі з горкім смакам

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Балада і “…Восень” Уладзіміра Караткевіча

/i/content/pi/cult/297/4981/pic_14.jpgПад час "Беларускай музычнай восені" сталічная філармонія гасцінна расчыніла дзверы для "літаратурнага тэатра" - менавіта так можна было назваць праграму Зінаіды Феакціставай "Ярына зялёная", зрэжысіраваную... кампазітарам Ларысай Сімаковіч.

У сцэнічнай дзеі з'ядналіся проза Васіля Быкава, паэзія Уладзіміра Караткевіча, музыка І.-С. Баха, Ф.Шуберта, Дж.Паэзіела і беларуская народная песеннасць. А ўсё разам склалася ў нетрывіяльны аповед пра вайну. І пра мір- таксама.

На сцэне - сапраўды "вайна і мір". З аднаго боку - калючы дрот, лапаты, кірзачы, іржавая жалезная бочка, вінтоўка. З другога - убранне сялянскай хаты: расшытыя чырванню ручнікі ды сапраўдныя "жывыя" яблыкі, у кошыках і россыпам. А пасярэдзіне - раяль, бы сведка тых і гэтых падзей, сімвал "чорна-белай" гісторыі.

Сімвалаў і асацыятыўных сувязей хапала і надалей. Бо скразной драматургічнай лініяй стаўся прынцып паралельнага дзеяння. Пачаўшыся як тэатралізаваны маналог маці, якая атрымала ліст з фронту ад сына, аповед паводле "Жураўлінага крыку" В.Быкава цалкам перанёсся "ў вайну". А побач, бы прыёмам запаволенага рапіду, няспешна разгортваліся карцінкі сялянскага побыту - як сімвал не толькі мірнага жыцця, але і вечных чалавечых каштоўнасцей, пачынаючы з дзявочай прыгажосці (салістка фольк-тэатра "Госціца" Аляксандра Грахоўская).

Чырвоны клубочак успрымаўся і струменьчыкам крыві, і ніткай лёсу, што невядома куды прывядзе. Танкавая атака візуальна звязвалася з растрасаннем мокрай бялізны, якой быццам "абараняліся" ад варожай навалы. На словах "змярцвелы твар байца" мы ўглядаліся ў "тварыкі" рассыпаных яблыкаў, чулі фразу "прага да жыцця" і адначасова - глухі стук яблыка, што падае ў смяротнай самоце. Крык падбітага жураўля гучаў сапраўдным крыкам душы - аўтэнтычнымі беларускімі спевамі. А танкавы "статак крыжастых страшыдлаў" абрамляўся музыкай Баха, дэманструючы супрацьлеглыя полюсы нямецкай гісторыі.

У "Партызанскай баладзе" У.Караткевіча на сцэне заставалася адна З.Феакцістава, але "паралельная дзея" працягвалася: кроў выступала чырванню ручніка, у сцэне катавання бязвінныя яблыкі пад няўмольнымі ўдарамі нажа ператвараліся ў пашматаныя, "змучаныя" кавалкі. А кантрастам - "Вячэрняя серэнада" Ф.Шуберта на мове арыгінала: Святлана Старадзетка (сапрана), Сяргей Клачкоў (тэнар), Юлія Архангельская (фартэпіяна). Усё гэта - шыкоўнае ўпрыгожанне высокага мастацкага слова, якое засталося галоўнай дзейнай асобай усёй вечарыны.

Відавочна, што праграма павінна мець працяг - не толькі ў з'яўленні новых падобных работ, але і ў далейшым "пракаце" цяперашняй. Сапраўды, чаму б не арганізаваць гэткі "гастрольны тур" міні-тэатра?

Фота Аляксандра ЛАБАДЫ

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"