Першым быць зусім няпроста

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Узорны ансамбль танца “Весялушка” справіў сваё 25-годдзе ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі: знакаміты калектыў Дзіцячай харэаграфічнай школы № 1 упраўлення культуры Мінгарвыканкама стаў лепшым упрыгожаннем свята 30-годдзя Маскоўскага раёна г. Мінска.

 /i/content/pi/cult/122/498/Vesyalushka.jpg
Дзіцячае танцавальнае шоу невыпадкова называлася “Вясёлка талентаў у саюзе з зоркамі”, бо школа, якой усе 15 гадоў кіруе Ірына Дарохіна, сабрала на сваё свята знаных гасцей. Гучалі віншаванні, “уручаліся” танцавальныя падарункі, у тым ліку ад калег з Латвіі. Асабліва многа танцавальных сюрпрызаў было ад Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, дзе многія выпускнікі школы працягваюць навучанне. А параду выпускнікоў пазайздросцілі б выхаванцы ўсіх іншых навучальных устаноў: у вячэрніх строях, пад гучанне сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Андрэя Галанава яны па чарзе выходзілі на сцэну, спускаліся ў залу — і ручаёк іх шэсця ператвараўся ў суцэльны акіян. Самі ж гаспадары шчодра дарылі сваё мастацтва, чаргуючы лепшыя нумары мінулых гадоў з прэм’ерамі, выступаючы з эстраднымі зоркамі, уражваючы канцэпцыйнасцю сваіх пастановак (чаго каштуюць хаця б “Святло Еўфрасінні” ці “Паданне аб нараджэнні горада Менска”, прымеркаванае да 940-годдзя Мінска) і шыкоўнымі сцэнічнымі строямі.
Заключным акордам сталі не толькі кветкі ад Мінгарвыканкама і адміністрацыі Маскоўскага райвыканкама, але і прывітальныя словы намесніка міністра культуры Беларусі Валерыя Гедройца і старшыні спецыяльнага фонда Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі Наталлі Аўдзеевай, якая, у прыватнасці, сказала: “Тое, што сёння адбывалася на галоўнай сцэне краіны, годна ўсёй Беларусі. І па-сапраўднаму адлюстроўвае вынікі дзяржаўнай палітыкі ў галіне эстэтычнага выхавання дзяцей і моладзі”. 

Надзея БУНЦЭВІЧ