Эфект залацістасці для Радзівіла

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Скульптар Аляксандр Батвінёнак — мастак незвычайнага таленту. Таленту дакладна бачыць ідэю і суадносіць яе са спосабам выканання, з формай — такога, здавалася б, простага, абавязковага для мастака і, тым не менш, даволі рэдкага і каштоўнага ўмення.

/i/content/pi/cult/297/4978/pic_8.jpgУ мастака - асаблівае адчуванне матэрыялу, выбар яго дыктуецца, перш за ўсё, не эстэтычнымі патрабаваннямі, а змястоўнасэнсавымі. Ужо на пачатку працы над праектам ён дакладна ведае, што і як трэба зрабіць, каб ідэя, закладзеная ў твор, была выказана напоўніцу. Таму Батвінёнак вельмі шкадуе, калі па якіхсьці прычынах матэрыял даводзіцца змяняць. Так, напрыклад, працуючы над стварэннем барэльефа "Сымон-музыка" для Нацыянальнай бібліятэкі краіны, задумваў зрабіць яго ў дрэве, аднак тэрмін выканання работы быў вельмі кароткі, і завяршыць яе да вызначанага дня аказалася магчымым толькі ў бронзе.

Але такія выпадкі здараюцца рэдка - у большасці сваёй мастак дасягае задуманага. Так, вельмі цікавая работа Батвінёнка знаходзіцца ў Германіі: гэта "Фенікс"- скульптура, прысвечаная Чарнобыльскай катастрофе. Вобраз майстар выканаў з туфу - вулканічнага попелу, а аснову пад скульптуру - з базальтавай лавы. Тут, па словах творцы, усё супала найлепшым чынам: тэма і матэрыял павінны быць адзінымі.

У майстэрні Батвінёнка - цэлая галерэя скульптурных вобразаў. Тут і гатовыя работы, і мадэлі, шмат замалёвак і эскізаў. "Пастаянна працую над некалькімі тэмамі адначасова,- расказвае мастак. - Новыя ідэі з'яўляюцца даволі нечакана, і мой прынцып - ніколі іх не "тушыць". Убачыў прыгожую дзяўчыну- прашу яе папазіраваць, нават калі ўжо працую над нечым. Таму тут так шмат і закончаных работ, і такіх, якія яшчэ толькі рыхтуюцца ўбачыць свет". А на самым пачэсным месцы ў майстэрні- пакуль што пластылінавая - мадэль постаці княгіні ВКЛ каралевы Польскай Алены: твор, што нараджаецца ў гэтыя самыя дні. Са шчырай зацікаўленасцю і дакладным веданнем матэрыялу распавядае майстар пра ўсё тое, што зрабіла яна для Браслаўшчыны: пабудавала жаночы манастыр і царкву, спрыяла распаўсюджванню праваслаўнай рэлігіі і ведаў... Аляксандр Уладзіміравіч сам з тых мясцін, таму гісторыя роднага краю яму дарагая і добра вядомая. "Калі ставілася пытанне пра ўвасабленне гістарычна і палітычна важнай асобы для Браслава, выява вобраза якой магла б знаходзіцца ў гэтым горадзе, гісторыкі абралі менавіта Алену".

Скульптар робіць усё магчымае для папулярызацыі значн/i/content/pi/cult/297/4978/pic_9.jpgых для гісторыі гарадоў Беларусі асоб. Так, у тым жа Браславе ўжо стаіць выкананы ім бюст Станіславу Нарбуту - знакамітаму медыку, які пабудаваў у горадзе бальніцу, арганізаваў пажарную дружыну. У майстэрні Батвінёнка - яшчэ адзін скульптурны партрэт, які чакае магчымасці пабачыць свет: бюст Багуслава Радзівіла. Знайшліся дакументы, што сведчаць пра непасрэднае дачыненне гэтага прадстаўніка знакамітага магнацкага роду да заснавання Жодзіна. Па традыцыі, мастак дасканала вывучаў дакументальныя артэфакты, якія дапамагалі яму як мага больш даведацца пра героя свайго твора. За аснову вобраза быў узяты вясельны медаль Багуслава Радзівіла - адзіная прыжыццёвая выява апошняга. Дакладна прадумана і кампазіцыя работы: бюст выкананы ў стылі барока, характэрнага часу прататыпа скульптуры.

Дарэчы, Аляксандр Батвінёнак - адзіны вядомы аўтар, які выкарыстоўвае тэхніку пакрыцця драўлянай скульптуры саломкай. Эфект залацістасці робіць творы велічнымі ды багата ўбранымі і, у той жа час, не стварае таго дысанансу, што прысутнічаў бы пры выкарыстанні металу. "Дрэва- матэрыял расліннага свету. Саломка - таксама. Да таго ж, саламяны колер - гэта Божае святло, якое пазалаціла маладое калоссе. Менавіта такое святло я і імкнуся надаць сваім творам",- кажа вынаходнік незвычайнай тэхнікі.

Дар'я ДАНІЛЕВІЧ

На здымках: А.Батвінёнак у майстэрні; партрэт Багуміла Радзівіла.