Карта Грунвальда

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Сапраўдны ажыятаж выклікаў вернісаж “Грунвальд” у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва”, арганізаваны Беларускім саюзам мастакоў, пра што сведчыла вялікая колькасць аматараў гістарычнай тэматыкі ў творчасці беларускіх мастакоў.

/i/content/pi/cult/297/4977/pic_5.jpgУ маштабным праекце - больш за 100 жывапісных і 50 графічных твораў, адабраных на конкурснай аснове, выкананых у рознай тэхніцы і жанрах, знаёмяць з аўтарскім успрыняццем мастакамі падзей 600-гадовай даўніны: слаўнай перамогі пад Грунвальдам.

Сярод іх - жывапісныя палотны, прысвечаныя непасрэдна гэтай падзеі - "Грунвальдская бітва" Гаўрылы Вашчанкі, "На бітву з крыжакамі" і "Вітаўт" Генрыха Ціхановіча, "Пасля Грунвальда" і "Вітаўт - пераможца" Ігара Лыскаўца, - графічныя творы "Грунвальдская бітва" і "Вітаўт Вялікі" Міхася Басалыгі, сёлетняя работа Арлена Кашкурэвіча "Віват/i/content/pi/cult/297/4977/pic_6.jpg, Літва!", твор-рэканструкцыя "Крыжакі пад Наваградкам" Віктара Сташчанюка, створанае ў іканаграфічнай манеры палатно Валерыя Зайцава "Вітаўт. Жыціе". Пры гэтым у цэнтры многіх твораў можна ўбачыць шмат сімвалічных вобразаў, выявы тагачаснай зброі, па-мастацку апрацаваныя карты Вялікага Княства Літоўскага.

/i/content/pi/cult/297/4977/pic_7.jpgАкрамя таго, на выстаўцы дэманструецца сумеснае палатно беларускіх, літоўскіх і польскіх ліцэістаў памерам 3,5 х 7 метраў, якое было напісана пад час пленэру па карціне вядомага мастака Яна Матэйкі "Грунвальдская бітва" ў Польшчы.

Аднак не ва ўсіх прадстаўленых на суд гледачоў творах адчуваецца гістарычная вобразнасць. Многія з іх прысвечаны нашым нацыянальным героям, але зусім іншых эпох. Пры гэтым, апроч Вітаўта і Ягайлы, на карцінах даволі цяжка знайсці ваяроў менавіта самога Грунвальда. А прымалі ўдзел у бітве не адна і не дзве харугвы з беларускіх гарадоў. Складваецца ўражанне, што некаторыя мастакі не пазнаёміліся з работамі айчынных гісторыкаў, якія аднавілі ход тагачасных падзей надзвычай дакладна.

Затое ў межах прадстаўнічага мастацкага праекта экспануюцца макеты рэканструкцыі амаль цалкам знішчаных помнікаў архітэктуры, якія былі выкананы вучнямі мінскай гімназіі №75 пад кіраўніцтвам настаўніцы выяўленчага мастацтва Таццяны Вайтэнка. А адчуць атмасферу свята перамогі над крыжакамі дазваляюць прадстаўленыя фотаздымкі Леаніда Касабуцкага, зробленыя ім пад час сёлетняй рэканструкцыі вялікай бітвы, што прайшла ў ліпені ў Польшчы. У ёй прымалі ўдзел і беларускія аматары даўніны.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"