П’есу выканае шыла

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

18 лістапада ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка швейных машынак “Няскончаная п’еса для механічнага шыла”, падрыхтаваная музеем сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў і прыватнымі калекцыянерамі.

Швейная машынка для розных пакаленняў - не проста абавязковы атрыбут сямейнага побыту, але і культурны ды тэхналагічны фетыш, прадмет мастацтва, фамільная рэліквія і сродак творчай рэалізацыі. А на сённяшні дзень яна ўжо з'яўляецца аб'ектам калекцыяніравання.

Беларусі ў гэтым сэнсе пашанцавала: размешчаная ў сэрцы Еўропы, яна ўяўляе з сябе своеасаблівы цэнтр, дзе можна пабачыць швейныя машынкі вытворцаў з усяго свету. Да ўсяго, дадзеная выстаўка важная яшчэ і тым, што ў мястэчках і гарадах нашай зямлі здаўна складвалася шырокая рамесніцкая вытворчасць.

У рамках выстаўкі наведвальнікі атрымаюць разгорнутую інфармацыю аб асноўных вытворцах швейных машын XIX - XX стст., убачаць спадарожныя атрыбуты краўцоў (манекены, нажніцы, прасы, тэкстыль мінулага), ілюстрацыйны матэрыял па гісторыі моды і рэкламы. Фактычна, экспазіцыя - яшчэ адна рыса да гістарычнага партрэта эпохі мадэрнізму.