Што важна ў балеце?

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Колеры “Трыстана” і гучная Мексіка

/i/content/pi/cult/297/4974/pic_2.jpgМастацкі кіраўнік балета нашага Вялікага тэатра, народны артыст Беларусі Юрый ТРАЯН гэтыя дні праводзіць у перадпрэм'ерных клопатах. Вярнуўшыся з працяглых гастролей па Мексіцы, артысты прадоўжылі рэпетыцыі: роўна праз тыдзень, 27 і 28 лістапада, на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэм'ера новай аднаактовай пастаноўкі - балета "Трыстан і Ізольда" на музыку Рыхарда Вагнера.

- Юрый Антонавіч, вядома ваша неабыякавае стаўленне і да гэтай старадаўняй легенды, і да яе харэаграфічнага ўвасаблення. Ваш творчы шлях на сцэне нашага тэатра пачаўся акурат з аднайменнай пастаноўкі Аляксея Андрэева, дзе вы ўпершыню выступілі ў пары з Людмілай Бржазоўскай, якая стала вашай пастаяннай партнёркай і спадарожніцай жыцця. Дарэчы, я тую мініяцюру бачыла. І, паводле дзіўнага збегу абставін, яна сталася адным з маіх самых першых тэатральных уражанняў: белыя строі, класічныя па - рамантыка, дый годзе! Цяпер вы ставіце гэты балет самі. І ваша пастаноўка будзе, зразумела, іншай...

- Канешне! Пачнём з таго, што тая доўжылася менш за 20 хвілін, цяпер жа будзе - амаль удвая больш. Там былі дзве галоўныя дзейныя асобы - Трыстан і Ізольда, цяпер - чатыры. Ці, можа, тры з паловай - гэта ўжо хто як будзе лічыць.

- Што ж, паспрабую. Трэцім персанажам будзе, вядома, Марк - муж Ізольды. Чацвёртым, пэўна, магла б стаць Брунгільда - служанка і сяброўка Ізольды. Але калі гэта не зусім чатыры, а, можа, "тры з паловай"... Няўжо маецца на ўвазе каханне? Ці, можа, рок, лёс, які перашкаджае шчасцю герояў?

- Не, я казаў пра абсалютна рэальных персанажаў. Акрамя салістаў, у спектаклі будзе шырока задзейнічаны мужчынскі кардэбалет: 20 рыцараў, што складаюць світу і ахову Марка. Гэтая світа - раўнацэнны ўдзельнік няпростай сітуацыі, увасабленне гэткай брутальнай мужчынскай сілы. Да ўсяго, гэтай пастаноўкай, дзе большасць герояў - мужчыны, мы ўраўнаважым два "жаночыя" балеты, што будуць ісці ў адзін вечар з "Трыстанам і Ізольдай". Сапраўды, у "Шапэніяне" ды "Пахіце" на сцэне валадараць жанчыны. А трэба ж паказаць і мужчынскі танец! Але, шчыра прызнацца, пра гэта я падумаў толькі цяпер, калі трэба было вырашыць, у якім атачэнні пойдзе новая пастаноўка.

- А ў якім атачэнні будзе закаханая пара? Рыцары, пэўна, будуць уносіць і колеравы кантраст? Гэткія "людзі ў чорным"...

- Адразу скажу: новы балет будзе не чорна-белым, як вам магло падацца, а каляровы. Мастак Эла Грыгарук, працуючы над сцэнічнымі строямі, зрабіла рыцараў чорнымі з металам, а астатніх дзейных асоб - каляровымі. І гэта невыпадкова. Бо ўдзел рыцараў- зусім не галоўная адметнасць новага спектакля.

- Адметнасць - новае прачытанне легенды? А яна і папраўдзе такая, што хто б да яе ні звяртаўся- абавязкова будзе свой пункт гледжання на любоўны трохкутнік, на выбар кожнага з герояў паміж каханнем і абавязкам перад суайчыннікамі. Дый змяненні ў сюжэце бываюць вельмі значнымі! Опера Рыхарда Вагнера - музычная энцыклапедыя любоўных пакут. Старадаўняя беларуская версія папулярнай у Еўропе легенды - гэткі "рыцарскі раман", распаўсюджаны ў эпоху Сярэднявечча. Сучасная п'еса паводле яе аўтарства Сяргея Кавалёва, а, тым больш, яе розныя тэатральныя пастаноўкі - у кожным з варыянтаў абсалютна іншае бачанне. А якое ў вас?

- У гэтай гісторыі нельга шукаць "вінаватых". Гэта тая сітуацыя, на якую паўплываць немагчыма. У жыцці такое здараецца, і трэба знаходзіць у сабе сілы заставацца чалавекам, не здраджваць сябе самому пры любых абставінах. Нават тады, калі абставіны мацнейшыя за цябе.

- Працуючы над балетам, вы таксама паставілі сябе ў пэўныя абставіны, якімі цяжка кіраваць. Ну не папросіш жа Рыхарда Вагнера, нямецкага класіка ХІХ стагоддзя, перарабіць оперу ў балет!

- У музыку гэтага кампазітара я ўлюбёны яшчэ з тых часоў, калі танцаваў Трыстана. Тым больш, што для нас яна тады ўвогуле была чымсьці абсалютна новым, незвычайным. І я заўсёды марыў вярнуцца не толькі да самога сюжэта, але і менавіта да музыкі Вагнера. Калі пачаў працаваць над сваёй пастаноўкай, пераслухаў вельмі многа запісаў, спрабаваў сумясціць фрагменты з яго "Трыстана..." з іншымі опернымі ўрыўкамі. Усё не тое! Здавалася б, адзін кампазітар, і музыка яго заўсёды пазнавальная, адзначаная індывідуальным почыркам, а далучаеш фрагмент з іншага твора - нічога не атрымліваецца. У выніку я спыніўся на працяглых аркестравых уступах да кожнай з трох дзей і дадаў сімфанічны варыянт "Смерці Ізольды", які часта гучыць у канцэртах. Здараецца, Вагнера папікаюць, што надта працяглыя оперы ствараў (гэтая яго партытура, далёка не самая разгорнутая, - больш за чатыры гадзіны), а я, наадварот, рады: было з чаго выбіраць. Гэта ж як бывае? Калі толькі пачынаеш задумваць балетную пастаноўку, дык здаецца, што паўгадзіны, сорак хвілін - многа. А як пачынаеш ставіць - мала. Куды толькі тыя хвіліны "збягаюць"?

- Як куды? На артыстаў! Хто, дарэчы, заняты ў спектаклі?

- Я вам назаву тых, хто рэпеціруе, бо хто будзе танцаваць прэм'еру, звычайна становіцца зразумела ў апошні момант. Ізольда - Вольга Гайко, Людміла Кудраўцава, Ганна Фокіна, Людміла Хітрова (яна прыехала да нас з Расіі, пакуль у кардэбалеце; для яе гэта будзе адна з з першых адказных партый). Трыстан - Антон Краўчанка, Дзяніс Клімук (ён, між іншым, рэпеціруе таксама і Марка), Ягор Азаркевіч і зусім яшчэ малады, але вельмі адораны Ігар Аношка. У партыі Марка, акрамя Дзяніса, заняты Юрый Кавалёў, Ігар Артамонаў, Алег Яромкін, Генадзь Жукоўскі.

- Калі Марка танцуюць такія прызнаныя "прынцы", як Артамонаў ды Яромкін, адразу становіцца зразумела, што ён у вас не "чорны рыцар", дый прачытанне легенды- зусім не "чорна-белае"...

- Так, мне вельмі не хацелася рабіць Марка ні старым, ні жорсткім, ні прагматычным - гэта вельмі высакародны чалавек. І яшчэ хочацца, каб гэтую маю пазіцыю зразумелі гледачы.

- Вы чакаеце ў зале тых, хто добра ведае легенду і яе шматлікія ўвасабленні, у тым ліку ў замежным кіно?

- Я чакаю ўсіх! Для кагосьці, можа стацца, гэта будзе ўвогуле першае знаёмства з легендай. Таму я доўга шукаў нейкія ўступныя словы, якімі можна было б напачатку падрыхтаваць гледача, увесці яго ў сітуацыю: балет не павінен пераказваць усе падрабязнасці сюжэта, яго прызначэнне - выказаць пачуцці. Доўга шукаў гэтае "літаратурнае суправаджэнне", гартаў Шэкспіра. І- напісаў вершы сам. Валерый Анісенка іх агучыў, зрабіў запіс (я, праўда, яго яшчэ не чуў). Так што працэс пошуку працягваецца. І сказаць дакладна, ці застанецца ў выніку гэты "размоўны" Пралог, ці прыдумаецца штосьці іншае, пакуль не магу.

- Не будзем забягаць наперад: усе прыйдуць і ўбачаць самі. Лепей давайце вернемся ў недалёкую мінуўшчыну - да вашых паспяховых гастролей па Мексіцы. Дзевятнаццаць паказаў "Дон Кіхота" ва ўсіх буйнейшых гарадах краіны, пачынаючы з Мехіка, абсталяваныя сцэны, лепшыя залы - па 2- 2,5 тысячы гледачоў... Неверагодны поспех! А ўласныя ўражанні? Бо любая паездка - гэта, найперш, праца...

- Дарога сапраўды няблізкая, ляцелі мы з перасадкамі, рознымі групамі: калектыў быў падзелены. Дый пад час гастролей: спектакль - пераезд, зноў спектакль - зноў пераезд. Але прыём быў цудоўны, імпрэсарыа - выдатны, а лацінаамерыканскі тэмперамент - гэта ўвогуле асобная размова. Удзячныя гледачы так бурна выяўлялі свае эмоцыі, што нашы артысты спачатку нават спужаліся. Ну а дзякуючы пераездам паглядзелі краіну. Якія ў нас звычайна асацыяцыі з Мексікай? Маўляў, кактусы, пустыня. Ды не! Там і лясы ёсць, і горы. Два акіяны - Ціхі і Атлантычны. Адпаведна, курорты. А піраміды інкаў і ацтэкаў чаго вартыя! Ужо адно гэта - уражанні на ўсё жыццё. Былі ў нас і два дні адпачынку. І ў знак павагі да майстэрства нашых артыстаў імпрэсарыа зрабіў нам падарунак: зняў на гэты час пяцізоркавы гатэль на пляжы. Вада, сонца, плюс 30 градусаў - рабі, што хочаш! Але галоўнае, што праз год нас зноў запрасілі ў Мексіку - ужо з "Эсмеральдай". Наш імпрэсарыа, як аказалася, у свой час быў скрыпачом і дырэктарам аркестра піцерскага Міхайлаўскага тэатра, ён шмат чаго пабачыў, добра разбіраецца ў мастацтве, таму яго ацэнка многа значыць. Я вельмі ўдзячны ўсім нашым артыстам: яны працавалі бездакорна. Вольга Гайко, Ігар Артамонаў, Канстанцін Кузняцоў - нашы вядучыя салісты, даўно занятыя ў гэтым балеце. Кацярына Алейнік напярэдадні паездкі засталася без партнёра - і я вельмі хваляваўся, як яна выступіць у пары з Косцем, які шмат гадоў танцаваў гэту партыю са сваёй жонкай Юліяй Дзятко. Але Каця не падвяла, з кожным спектаклем яна набірала абароты. У нас цудоўная моладзь!

- І лаўрэатаў міжнародных конкурсаў становіцца ўсё больш! У тым ліку - сярод зусім юных артыстаў і нават навучэнцаў нашага харэаграфічнага каледжа...

- Калі мы былі ў Мексіцы, у Сочы праходзіў ІІІ Міжнародны конкурс Юрыя Грыгаровіча "Малады балет свету" ў межах Культурнай алімпіяды. Гэты вельмі сур'ёзнае спаборніцтва: тры туры, тры ўзроставыя катэгорыі. Вельмі прадстаўнічае журы на чале з Юрыем Грыгаровічам, сярод членаў журы - прадстаўнікі Францыі, Італіі, Японіі, наш Валянцін Елізар'еў. Удзельнікаў сёлета было- 43 танцоўшчыкі з дзевяці краін. І беларусы там, як мне расказвалі, мелі сапраўдны фурор! Два дыпломы і Трэцяя прэмія ў дзяўчат з харэаграфічнага вучылішча (і сярод іх, дарэчы, Юлія Алейнік - малодшая сястра нашай салісткі: пераемнасць пакаленняў!), а Канстанцін Геронік, які сёлета скончыў вучылішча і прыйшоў да нас у тэатр, атрымаў Першую прэмію і залаты медаль. Ён вельмі таленавіты, шмат працуе. Вярнуўся з перамогай- і літаральна праз некалькі дзён упершыню станцаваў Чыпаліна ў аднайменным балеце. Вельмі ўдала! Так што ўжо літаральна з учарашняга дня ён пераведзены з кардэбалета ў салісты. Увогуле ж, мы падтрымліваем самыя цесныя сувязі з вучылішчам, пачынаем сачыць за адоранымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі не на апошнім курсе, а прыблізна з сярэдзіны навучання, каб падрыхтаваць добрую змену. У балеце гэта вельмі важна! Дый у жыцці таксама...

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"