Шапэнаўская дваццатка

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Ф.Шапэн і шляхі развіцця еўрапейскага рамантызму” адбылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

 

Яна аб'яднала ўдзельнікаў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі, Літвы, Арменіі, Ізраіля, якія даследуюць спадчыну вялікага кампазітара і яго паслядоўнікаў.

У адкрыцці канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік міністра культуры Беларусі Тадэуш Стружэцкі, рэктар БДАМ Кацярына Дулава, саветнік Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Веслаў Раманоўскі ды іншыя.

Па словах начальніка аддзела міжнародных сувязей Акадэміі музыкі Наталлі Ганул, гэтая канферэнцыя надзвычай поўна акрэсліла шматгранную асобу Шапэна. Да яе рыхтаваліся ў БДАМ цягам двух гадоў, запрасілі да ўдзелу лепшых даследчыкаў, супрацоўнікаў замежных навучальных устаноў, якія вывучалі творчасць кампазітара і выдалі манаграфіі, прысвечаныя яму. Агулам мерапрыемства сабрала 20 найлепшых спецыялістаў.

Дырэктар Польскага цэнтра музычнай інфармацыі, генеральны сакратар Польскага саюза кампазітараў Мечыслаў Камінек распавёў пра творчасць сучасных кампазітараў, сваіх суайчыннікаў. Прафесар БДАМ, доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзіёмава адзначыла ў сваім дакладзе, што біяграфічныя матэрыялы пра Шапэна змяшчалі шмат важных звестак пра музычную культуру Беларусі таго часу. Спецыялісты таксама казалі пра музыку паслядоўнікаў кампазітара, у тым ліку і беларускіх.

Па завяршэнні канферэнцыі ўчора адбыўся паказ апошняга знятага кінафільма пра майстра "Шапэн. Жаданне кахання", створанага ў Польшчы на пачатку ХХІ стагоддзя.

Наш кар.