Вяртанне Марыі Гулегінай

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

17 лістапада Мінск наведала знакамітая оперная спявачка Марыя Гулегіна. Гэтым разам яна выступіла ў іншай сваёй іпастасі — як пасол добрай волі UNIСEF.

 

Нягледзячы на насычаную праграму візіту, прымадонна знайшла час і для наведання Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Яна вярнулася ў сцены, якія калісьці былі для яе роднымі. Менавіта ў Мінску ў 1983 годзе пачыналася яе бліскучая прафесійная кар'ера.

Моладзі чуць "жыўцом" знакамітае сапрана Гулегінай, на жаль, не даводзілася: апошнім разам спявачка прыязджала ў Мінск ажно 18 гадоў таму.

За гэты час Оперны тэатр змяніўся да непазнавальнасці. Зайшоўшы ў яго прасторнае фае, прымадонна не хавала свайго захаплення.

 Пад час сустрэчы з генеральным дырэктарам тэатра Уладзімірам Грыдзюшкам абмяркоўваліся і планы на будучыню. Прымадонна і яе менеджар прынялі прапанову беларускага боку зладзіць у Мінску сольны канцэрт спявачкі.

 Вяртанне Гулегінай на родную для яе сцэну запланавана на сакавік 2011 года.

Наш кар.