У арганізацыйны камітэт мерапрыемства ўвайшлі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, Cтаршыня Прэзідыума НАН Беларусі, член-карэспандэнт Міхаіл Мясніковіч, Cтаршыня Нацыянальнай камісіі нашай краіны па справах UNESСO Уладзімір Шчасны і рэктары ўсіх ВНУ сферы культуры.
На канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні значэння і ролі культуры ў развіцці краіны, актуальныя праблемы развіцця выяўленчай, тэатральнай, экраннай і музычнай культуры Беларусі на памежжы XX - XXІ стагоддзяў, працэсы ўзаемадзеяння народнай і прафесійнай культуры і роля апошніх у адраджэнні духоўнасці і развіцці інтэграцыйных працэсаў.
Як бачна, спектр тэм, якія закранулі навукоўцы - а ў канферэнцыі прынялі ўдзел звыш ста чалавек з усіх рэгіёнаў рэспублікі, з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, - быў даволі шырокі.
Дырэктар ІМЭФ Аляксандр Лакотка зазначыў, што мерапрыемства праводзіцца напярэдадні зацвярджэння шэрагу Дзяржаўных праграм эканамічнага і сацыякультурнага развіцця дзяржавы на наступныя пяць гадоў. Таму вельмі важна падсумаваць усе тыя набыткі, якія з'явіліся ў беларускіх навукоўцаў на працягу апошняга часу і вызначыць напрамкі, па якіх будзе развівацца беларуская культура надалей.