Разам з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі, за пультам якога будуць змяняць адзін аднаго мастацкі кіраўнік калектыву Віктар Бабарыкін і дырыжор Херарда Эстрада (Венесуэла), выступіць малады, але ўжо папраўдзе сусветна вядомы спявак, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Анатоль Сіўко (гэта яго першы "сольнік" у двух аддзяленнях!) і наша оперная прымадонна Алена Шведава.
- Выступаць на радзіме, у такой зале, разам з прызнанымі музыкантамі, заўсёды вельмі адказна, - прызнаўся Анатоль Сіўко.
- Але ж вы толькі што прыехалі з Амстэрдама, куды былі запрошаны салістам у оперную студыю. У вас за плячыма і оперныя пастаноўкі ў Маладзечне, у якіх вы ўдзельнічалі яшчэ студэнтам Музычнага вучылішча імя Агінскага, і шматлікія перамогі на міжнародных конкурсах, дый у зале Палаца Рэспублікі вы спявалі неаднойчы...
- Сольны канцэрт - гэта іншы жанр. У спектаклі важна пранесці вобраз праз усе дзеі, паказаць яго разгорт, развіццё характару героя. На конкурсе - вытрымаць усе туры, сканцэнтравацца ў кожнай асобнай арыі або рамансе. А сольнік - гэта магчымасць паказаць усё, што ты можаш. Тут патрэбна і драматургія, і сканцэнтраванасць, і вытрымка, і шмат чаго іншага. Сольнік для артыста - гэта дадатковы іспыт на ўсё, на што ты здольны.
- З Прэзідэнцкім аркестрам вы ўжо супрацоўнічалі, былі пераможцам конкурсу "Новыя галасы Беларусі"...
- З калектывам я працаваў і ў Берліне; нас тройчы выклікалі на біс. Увогуле, Прэзідэнцкі аркестр - гэтыя музыканты экстра-класа, ім пад сілу выкананне музыкі любых стыляў. Яны акампанавалі лепшым спевакам свету, а менавіта па ўменні быць чуйным партнёрам правяраецца сапраўдны прафесіяналізм і музычнасць выканаўцаў. У Віктара Бабарыкіна - вельмі тонкае адчуванне саліста. А вось з дырыжорам з Венесуэлы мы сустрэліся ўпершыню, але, здаецца, засталіся задаволены супрацоўніцтвам.