Сёлетняя праграма "Лістапада" пабудавана пераважна на праграмах знакамітага Канскага фестывалю апошніх некалькіх гадоў. Збольшага такі выбар дырэкцыі Мінскага міжнароднага апраўдаўся высокай якасцю прадстаўленых у конкурсе карцін. Самую пільную ўвагу фестывальнай аўдыторыі выклікаў паказ стужкі Сяргея ЛАЗНІЦЫ "Шчасце маё". Яна якраз сталася адной з самых гучных прэм'ер на апошнім форуме ў Каннах. Інтарэс беларускіх кінаманаў падаграваў яшчэ і той факт, што аўтар карціны нарадзіўся ў Баранавічах. Пагадзіцеся, не кожны год нашы землякі ходзяць па знакамітай "чырвонай дарожцы". Хаця Лазніца даўно жыве ў Берліне, а здымае ў Расіі, ён вельмі часта з'яўляецца ў Мінску, бо даўно сябруе з дакументалістам Віктарам Аслюком. Дарэчы, мантаж стужкі "Шчасце маё", знятай на Украіне, ажыццяўляўся таксама і ў нашай сталіцы. Рэжысёр, дагэтуль вядомы як адзін з найцікавейшых дакументалістаў свету, некалькі разоў удзельнічаў са сваімі творамі ў неігравой праграме "Лістапада".
Карціну, заяўленую на фестывалі ад нашай паўднёвай суседкі, можна лічыць беларускай не толькі з-за пункта ў біяграфіі галоўнага аўтара. Над стужкай працавалі айчынныя прафесіяналы, добра вядомыя ў свеце кіно: гукарэжысёр Уладзімір Галаўніцкі і грымёр Аляксандр Журба, а галоўную ролю выканаў акцёр Віктар Немец, які не так даўно іграў у трупе мінскага Тэатра юнага гледача.
Пасля Каннаў "Шчасце маё" было паказана на амаль 20 фестывалях, заваявала прызы на сочынскім "Кінатаўры", анапскім "Кінашоку", кіеўскай "Маладосці", нарэшце, мела вельмі эмацыйны прыём на Мінскім міжнародным. Яно і не дзіўна, бо тэматыка карціны непасрэдна датычыцца ўсіх, хто жыве на постсацыялістычнай прасторы. Знятая ў жанры "падарожнай гісторыі", стужка распавядае пра небяспечныя сітуацыі, у якія на сваім шляху праз расійскую глыбінку трапляе галоўны герой - кіроўца-дальнабойшчык. Відовішча вельмі кранула мінскую публіку, нават падзяліла яе на два лагеры - "за" і "супраць". Сапраўды, далёка не ўсе прывыклі да такой адкрытай размовы з гледачом з экрана: Сяргей Лазніца не хавае "болевыя кропкі" грамадства за прыгожымі метафарамі, а паказвае іх адкрыта.
Сяргей Лазніца - філосаф у ролі рэжысёра: ён заўсёды глыбока асэнсоўвае кінематаграфічную рэальнасць, якую потым прадстаўляе на ўсеагульнае абмеркаванне. Аўтар карціны "Шчасце маё" ахвотна дае каментарыі і кантактуе з прэсай, таму "Культура" не магла абысці ўвагай і саму стужку, і яе стваральніка.
- Сяргей, шмат хто з гледачоў карціны "Шчасце маё" захоча задаць заканамернае пытанне: чаму ў фільме няма "хэпіэнда"? Бо нават з той складанай сітуацыі, у якой апынуўся персанаж Віктара Немца, можна было знайсці выйсце...
- На жаль, яго знайсці было нельга, бо гэта было б няпраўдай з пункта гледжання ўсяго аповеду. Хэпі-энд перакрэсліў бы ўсё, што мы імкнуліся сказаць цягам стужкі, яна выглядала б тады казкай, а мяне цікавіць не казка, а - ісціна, няхай сабе і горкая.
- Тым не менш, пралог стужкі не дае дакладнага адказу, ці застаўся галоўны герой у выніку жывым...
- Пралог з чалавекам, якога кідаюць у яму з бетонам, - гэта і ёсць галоўная ідэя стужкі. Ён адразу задае настрой карціне і выказвае стаўленне да ўсяго, што будзе адбывацца на экране.
- Рэжысёр Сяргей Лазніца шмат паездзіў па свеце, здымаючы свае неігравыя стужкі. Ці трапілі ў ігравы фільм "Шчасце маё" гісторыі, якія адбываліся на самой справе?
- Так, у ім - шмат рэальных, а не прыдуманых, сюжэтаў. Сапраўднымі з'яўляюцца два "ваенныя" эпізоды карціны. Першы, з афіцэрам, якога рабуе камендант станцыі, я пачуў на пачатку 90-х ад аднаго старога ў расійскай глыбінцы. Ветэран раптам заплакаў, калі ўбачыў у мяне фотаапарат, і расказаў тую гісторыю. Іншая справа, што фінал першага эпізоду са стрэлам па каменданце прыдумаў ужо я - пры напісанні сцэнарыя. Гэты сюжэт пра чалавечую годнасць і яе межы падаецца мне вельмі важным. Другі, "ваенны", эпізод стужкі - пра настаўніка - я прачытаў у Васіля Быкава. Што да іншых гісторый, то яны таксама былі пачуты мной у экспедыцыях або знойдзены ў сродках масавай інфармацыі. Зразумела, кожная з іх была па-мастацку апрацавана, у жыцці ж яны заканчваліся больш празаічна: іх героям, у выніку, так і не ўдавалася дабіцца справядлівасці. Рэжысёр не павінен згладжваць сітуацыю - ён мусіць, наадварот, рабіць яе больш вострай, каб ствараць напружанне ў кадры.
- На вашу думку, пачуццё ўласнай годнасці - галоўная каштоўнасць, якая павінна быць у грамадстве?
- Адна з дзвюх галоўных. Першая - закон, што павінен з'яўляцца асновай развіцця любога грамадства. У стужцы ідзе размова пра асобу і талерантнасць, пра магчымасць членаў грамадства ўлічваць інтарэсы людзей, якія маюць іншы светапогляд. Павага да асобы - залог паспяховага жыцця.
- Стужка "Шчасце маё" фактычна - экзістэнцыяльная гісторыя, што ўвесь час распавядае пра, карыстаючыся псіхалагічным тэрмінам, памежныя сітуацыі, куды трапляюць персанажы. Дзе, на вашу думку, тая рыса, той "болевы парог", за якім чалавек пачынае рабіць нечаканыя ўчынкі?
- З маімі персанажамі ўсё проста. Ды і наогул, любы чалавек - непрадказальны, кожны можа рабіць нейкія нерацыянальныя, з пункту гледжання сучаснікаў, учынкі. Давайце ўзгадаем "Карнікаў" Алеся Адамовіча: адзін з персанажаў гэтай кнігі чамусьці не забівае вясковага хлопчыка, хоць гэта і магло пагражаць яму асабістай небяспекай з боку кіраўніцтва. Такія сітуацыі часта сустракаюцца ў жыцці. Людзі наогул вельмі розныя, часта вядуць сябе ірацыянальна.
- Ці дапамагае жыццё ў Германіі лепшаму ўсведамленню сітуацыі на постсавецкай прасторы? Вялікае бачыцца на адлегласці?..
- Адкажу на гэтае пытанне так: немагчыма адчуваць сябе камфортна з дыскафортам у душы. Расія прыцягвае мяне, не адпускае. Я чужы ў Германіі, ніколі не змагу працаваць там над стужкамі. А часам увогуле адчуваю сябе, як вядомы персанаж са стужкі "Неверагодныя прыгоды італьянцаў у Расіі", які быў вымушаны "жыць" у самалёце. Мяркую, менавіта пачуццё "адарванасці" ад жыцця - самае прадуктыўнае для мастака.
- У размове прагучалі адразу два прозвішчы класікаў нашай нацыянальнай літаратуры - Васіля Быкава і Алеся Адамовіча. Разумею, што такі чалавек, як Сяргей Лазніца, выпадковых аўтараў не чытае. Што прыўнеслі ў вашу творчасць гэтыя пісьменнікі?
- Быкаў і Адамовіч блізкія для мяне сваімі тэмамі чалавечай адзіноты, стану, калі ўжо немагчыма аказваць уплыў на свой далейшы лёс, а можна толькі асэнсаваць сваё жыццё і прыняць рашэнне, якое дапаможа застацца чалавекам. Апошні сюжэт прысутнічае і ў аповесці Быкава "У тумане". Сцэнарый па гэтым творы я напісаў яшчэ ў 2001 годзе, але абставіны склаліся такім чынам, што першым быў рэалізаваны праект "Шчасце маё". Цяпер справа дайшла і да Быкава: ідзе пачатковая падрыхтоўка да здымак. Гэтым жніўнем я аб'ездзіў Віцебшчыну. Асабліва мяне цікавіў раён Ушачаў - малой радзімы Быкава, бо, на маю думку, толькі там і трэба здымаць стужкі па ягоных творах. Мясціны мне вельмі спадабаліся, але, на жаль, яны змянілі свой знешні выгляд: у прыватнасці, хутка знікае натуральная сялянская архітэктура, людзі пераязджаюць у каменныя дамы, а своеасаблівасць мясцовасці страчваецца. Таму саму стужку мы, хутчэй за ўсё, будзем здымаць на мяжы Беларусі з Латвіяй ці Польшчай.
- Ваша стужка "Шчасце маё" - сумесная прадукцыя некалькіх краін. У новым жа праекце ўдзельнікаў будзе яшчэ больш. Прынамсі, удзел моцных у кінематаграфічным сэнсе краін - неабходная ўмова поспеху на сусветным спецыялізаваным рынку на дадзены момант. Што, на ваш погляд, трэба ўлічваць нацыянальным творцам, каб іхнія праекты былі больш прывабнымі ў міжнароднай прасторы?
- Галоўныя ўмовы - прывядзенне законаў, якія тычацца кінавытворчасці, у адпаведнасць з міжнароднымі нормамі, а таксама актыўны ўдзел у спецыяльных арганізацыях.
- Ці можна зацікавіць еўрапейскіх прадзюсараў сюжэтам, скажам, з твораў Васіля Быкава або іншага нашага пісьменніка, сцэнарыста?
- Насамрэч, справа - не ў паходжанні сюжэта, а ў арыгінальным пункце гледжання таго, хто збіраецца яго экранізаваць. Калі рэжысёр прапануе нешта новае, у ягоны праект павераць, і грошы знойдуцца. Так, на тэму Другой сусветнай знята вельмі шмат стужак, таму мне было даволі складана знайсці прадзюсара для стужкі па Быкаве, але я быў упартым, раз за разам прапаноўваў яе кампаніям з розных краін і ў выніку дамогся ўвагі. Трэба быць вельмі заглыбленым у сваю тэму, быць заклапочаным ёю. Тэма аповесці "У тумане" непакоіць асабіста мяне, да таго ж, у ёй паказаны сапраўдны беларускі характар.
- І ў чым ён, на ваш погляд, заключаецца?
- Беларускі характар вельмі мяккі, так бы мовіць, звонку і вельмі цвёрды ўнутры. Ёсць прынцыповыя пытанні, у якіх беларус ніколі не зробіць саступкі. Напрыклад, галоўны герой аповесці "У тумане", якога абвінавачваюць у супрацоўніцтве з немцамі, кажа: "Я не магу зрабіць падступны ўчынак: мне яшчэ жыць сярод людзей". Мяне цікавяць менавіта такія героі.
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА