Падарунак для Акадэміі мастацтваў

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

Добры чалавек Эмір Кустурыца і 65-годдзе творчай alma mater

/i/content/pi/cult/296/4945/9-6.jpg

Як і планавалася, медыум Мінскага XVII Міжнароднага кінафестывалю прайшоў пад знакам "балканскага чараўніка": на тры дні да нас завітаў сусветна вядомы рэжысёр Эмір Кустурыца. Галоўнай падзеяй ягонага візіту стала сустрэча з ім Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У час яе Кіраўнік дзяржавы уручыў майстру спецыяльны прыз "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве". А на наступны дзень двухразовы ўладальнік "Залатой пальмавай галіны" Канскага кінафестывалю сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а таксама адказаў на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Сустрэча, думаецца, сталася сапраўды неацэнным падарункам да 65-годдзя славутай ВНУ, якую і газета "Культура" віншуе з гэтай важкай датай акадэмічнай сталасці.

Майстар-клас найзнакамітага рэжысёра выклікаў сапраўдны фурор: Вялікая актавая зала Акадэміі была перапоўнена. Некалькі хвілін чакання - і шквал апладысментаў ды фотаўспышак сустракаюць ганаровага госця. Эмір Кустурыца выйшаў на сцэну і адразу пачаў сваю гутарку з будучымі майстрамі кіно з кароткага аповеду пра тое, чым, на яго думку, з'яўляецца самы папулярны від мастацтва. Ён растлумачыў маладым талентам сутнасць сапраўднага кіно, якое немагчыма аддзяліць ад жыцця; больш за тое: мастацтва вырастае з самога жыцця, трэба толькі быць уважлівым і ўмець перадаць усе яго дзівосы на экране. Рэжысёр тут жа прывёў некалькі яскравых прыкладаў са сваёй творчасці, канчаткова скарыўшы публіку майстэрствам апавядальніка, а потым больш за гадзіну адказваў на самыя розныя пытанні аўдыторыі. Распавёў пра сваё стаўленне да славы, да таго, як змагаецца з "творчай дэпрэсіяй" Кустурыца...

Сярод пытанняў да аўтара сусветных шэдэўраў экрана былі як спецыфічныя, кшталту акалічнасцей працы Кустурыцы з рознымі элементамі кінамовы, тэхнікай, так і простыя, жыццёвыя. І на ўсе пытанні творца адказваў імгненна, з характэрным гумарам. Дарэчы, пад час сустрэч у Мінску Кустурыца неаднаразова прызнаваўся ў любові да кніг Фёдара Дастаеўскага, чые сюжэты натхняюць яго на далейшую творчасць. Цікава, што на пытанне пра магчымы праект у капрадукцыі з беларусамі рэжысёр адказаў амаль станоўча: яго вельмі зацікавіла прапанова Кіраўніка нашай дзяржавы зняць стужку на Беларусі. "Такі праект цалкам магчымы", - захаваў інтрыгу Эмір Кустурыца.

 Шэраг пытанняў, зададзеных як на майстар-класе, так і на прэс-канферэнцыі, тычыліся асабістых якасцей Кустурыцы як асобы. Прынамсі, некалькі пытанняў было прысвечана духоўным прыхільнасцям кінамайстра.

 "Я веру ў добрага чалавека, - сказаў Кустурыца, падсумоўваючы пытанні такога кшталту. - Гэта галоўная вера, якая павінна быць у кожнага".

Візіт рэжысёра і кантакты з ім мінскай публікі аказаліся хоць і нядоўгімі, але на рэдкасць плённымі. Няма сумненняў у тым, што Беларусь яшчэ пабачыць Кустурыцу!

Фота Юрыя ІВАНОВА