Конкурс завершаны, пытанні засталіся

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Вынікі ІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.Жыновіча заключаюцца не толькі ў размеркаванні прэмій (гл. “К” № 15). Яны — у адказе на пытанні: чаму ж навучыў (і, наадварот, так і не навучыў) гэты конкурс?

Навучыў культуры гуку. Трэба было чуць, як незвычайна лёгка, з дакладнай перадачай смыкавых штрыхоў гучаў Капрыс Паганіні ў выкананні нашага баяніста Уладзіслава Плігаўкі, наколькі архітэктанічна была выбудавана музычная форма, як чуйна перададзены дыялагічныя выказванні. А якім багаццем адценняў свяціліся выступленні канкурсантаў на домры і асабліва мандаліне! Наша Наталля Корсак з ціхуткага, здавалася б, голасу інструмента сплятала і тонкія, амаль празрыстыя, карункі, і магутныя кульмінацыі “аркестра”. А якую тэхніку прадэманстравала яна ў творы Уладзіміра Каральчука, увогуле не апішаш: на мяжы фантастыкі, дый толькі. Таміла Літвінец (Украіна) скарыла натуральна “клавесінным” гучаннем домры ў музыцы Моцарта. Вольга Гурчанава (Беларусь) — наадварот, наблізіла свой інструмент да палкай гітары, дзе-небудзь у Іспаніі. Кацярына Мачалова з Віцебска перадала ў Домравай санаце А.Цыганкова экспансіўна эмацыйнае трымценне струннага аркестра.
Прадэманстраваў конкурс і тое, як спаборнічалі між сабой прадстаўнікі розных “вагавых катэгорый”: хтосьці іграў на добрым інструменце, а хтосьці — на тым, што ёсць. Відавочнай зрабілася і розніца паміж сціпла “сялянскімі” беларускімі цымбаламі і шыкоўна “каралеўскімі” венгерскімі. У венгерскіх, дзякуючы педалі, больш “акварэльнасці”, тонкасці гучання без страт у дынаміцы, іх верхні рэгістр нагадвае чэлесту, а ніжні— мяккія крокі “на дыбачках” віяланчэлі ці нават кантрабаса. Надзвычай элегантна, бы фотамадэлі ў строгіх вячэрніх строях з падкрэсленымі абрысамі фігуры, глядзяцца і тонкія доўгія палачкі. Выкарыстанне дзвюх палачак розных канструкцый дазваляе без асаблівых намаганняў вылучыць у гуллівым карагодзе гукаў дадатковую мелодыю. У нашых — свой “менталітэт”, асаблівая “адкрытасць” выказванняў. Але якіх высілкаў каштуе ігра на іх! Горка было глядзець, як яны хісталіся на сваіх тонкіх металічных ножках, як ірваліся на іх струны — ледзь не ў кожным творы, што патрабаваў “моцнай” рукі.
Міжволі ўзнікалі думкі: гэта ж як трэба недаацэньваць сваіх цымбалістаў, каб дзеля “дружбы народаў” падтрымліваць не самых лепшых замежных канкурсантаў і пры гэтым не прапускаць вельмі моцных, выдатна падрыхтаваных беларускіх (“класічны” варыянт, калі хтосьці з асноўных прэтэндэнтаў на лаўрэацтва не праходзіць нават у другі тур, каб не “перашкаджаць” далейшаму раскладу медалёў). А менавіта так і здарылася: перамагла, можна сказаць, наша гасціннасць і ментальная “сціпласць”. Між тым, нават пры ўліку рэверансаў у бок гасцей сітуацыя магла б разруліцца без асаблівых праблем, калі б для такіх папраўдзе “завоблачных” музыкантаў, як Міхал Лявончык (гл. “К” №15), быў бы прадугледжаны Гран-пры. Не трэба яго ўручаць абавязкова, за большую колькасць балаў. Ён павінен падкрэсліваць нешараговасць мастацкай з’явы (зноў-такі, калі яна ёсць), узнімаць прэстыж конкурсу. Бо калі з вялізнай Расіі да нас сёлета прыехала толькі чацвёра баяністаў-акардэаністаў, гэта не можа не насцярожваць.
Не навучыў конкурс, на жаль, шанаваць сваіх кампазітараў. Для розных інструментаў у якасці абавязковых былі вызначаны творы Марка Русіна, Генадзя Ермачэнкава, Вячаслава Кузняцова, Уладзіміра Каральчука, Сяргея Янковіча. А прыз за лепшае выкананне — адзін. Дый жывых аўтараў чамусьці “забыліся” запрасіць, каб тыя ацанілі ступень пранікнення ў сваю задуму.
Хтосьці скажа: дробязі. Хтосьці ўсміхнецца: што за конкурс без скандалу? А хтосьці, трэба спадзявацца, ужо пачаў падрыхтоўку да наступнага спаборніцтва, каб яно было “без сучкоў”, але з задорам. 

Надзея БУНЦЭВІЧ