Конкурс без пройгрышу

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Ад самага пачатку вясны ВНУ Беларусі і суседніх краін абіралі сваіх “каралеўнаў”. І тыя трынаццаць з іх, каму ўдалося паспяхова прамінуць яшчэ два прамежкавыя этапы, здолелі паспаборнічаць за галоўную карону. 11 красавіка ў канцэртнай зале “Мінск” адбыўся фінал Міжнароднага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства сярод ВНУ “Каралева вясна”. Фармат конкурсу прыгажосці даўно не ў навіну, і вынайсці ровар у гэтай справе вельмі няпроста. Але паназіраўшы за ходам спаборніцтва, можна было лёгка прыйсці да высновы, што “Каралева вясна” мае нямала адрозненняў ад іншых падобных імпрэз.

 /i/content/pi/cult/122/492/Maxima.jpg
Гэтаму конкурсу ўдалося суцешыць
разнастайныя феміністычныя амбіцыі. Бо тут дзяўчаты спаборнічаюць не толькі ў харастве, але і ва ўласным самавыяўленні. Першая — спявае, другая — чытае вершы, трэцяя — танцуе... Такім чынам, журы і публіка мусяць ацэньваць прыгажунь не толькі вачыма, але і з дапамогай слыху ды, што асабліва важна, розуму.
Лёс каралеў прыгажосці нярэдка складаецца драматычна менавіта па той прычыне, што, разам з каронай, яны зазвычай атрымліваюць і цэлы шлейф каралеўскіх амбіцый, рэалізаваць якія ў жыцці не заўсёды ўдаецца. Гэты конкурс — адно з нешматлікіх прыемных выключэнняў. Яго ўдзельніцы не ставяць сваёй задачай любой цаной зрабіць кар’еру мадэлі— усе яны ўжо атрымліваюць не такую “гучную”, але больш трывалую і даўгавечную прафесію ва аўдыторыях родных ВНУ. І, адпаведна, усведамляюць, што конкурс прыгажосці — гэта проста цікавая гульня, прычым зусім не ў “рускую рулетку”. Як, па сутнасці, любы конкурс наогул.
Хаця часам гэтая гульня дае сур’ёзныя вынікі. Скажам, “Каралева вясна — 2003” Вера Карэтнікава стала фіналісткай міжнароднага тэлепраекта “Народны артыст” і папоўніла лік салістаў прэстыжнага Нацыянальнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам М.Фінберга, “Віцэ-міс” таго самага года Алеся Ганчарова выйшла ў суперфінал конкурсу “Місіс сусвет”, а “Каралева вясна — 1995” Алена Бабенка зрабілася вядомай актрысай, уладальніцай кінапрэміі “Залаты арол” за ролю ў фільме “Кіроўца для Веры”... Усе гэтыя факты прыемна “казычуць” уяўленне: бо, хто яго ведае, магчыма, тут і цяпер, літаральна на тваіх вачах, нараджаецца новая зорка эстрады або кіно. 

Каралеўна ў піжаме
Патрапіўшы ў конкурснае “закуліссе”, неўзабаве мы адзначылі і яшчэ адну прыемную адметнасць імпрэзы. Атмасфера яе “кухні” была цалкам пазбаўленая інтрыг і нервознасці, пра якія так любяць апавядаць “жаўтаватыя” СМІ ў рэпартажах з іншых падобных конкурсаў.
Дзяўчаты нагадвалі адзіную каманду, якая ставіла сабе за мэту добра выступіць на карысць публікі.І каралеўны знікалі ў грымёрках, кааб неўзабаве зноў з’явіцца на сцэне ў новым абліччы, строі ды настроі. Перад намі прамільгнула дзяўчына ў адзенні зусім не “ад куцюр” — чымсьці накшталт піжамы.
Людміла Грышчанка з Жытомірскага дзяржаўнага універсітэта выйшла на сцэну з вялізнай плюшавай цацкай, якой быў прысвечаны яе маналог. Наталля Далонька, прадстаўніца Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта, паўстала перад публікай у больш звыклым для апошняй абліччы эстраднай дзівы, а Вольга Дамашкевіч з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта абрала амплуа ўсходняй танцоркі. Здавалася б, якая тут сувязь з яе будучай прафесіяй юрыста?
— У мяне цікавая пастаноўка: з шалікам, трасцінай і нават лямпай Аладдзіна, — захоплена апавядае Вольга. — Будзем лічыць, што я першая ў свеце дзяўчына-джын. На іншых спаборніцтвах падобнага кшталту няма творчых конкурсаў. А любой дзяўчыне ў першую чаргу хочацца менавіта самарэалізавацца. Мне падаецца, што тут вобраз кожнай удзельніцы — непаўторны.
Будучы сацыёлаг з Латвійскага сельскагаспадарчага універсітэта Ёланта Тайване была ў шыкоўным народным строі, і яе нумар складаўся з выканання народнай латышскай песні, у якое было ўплецена і некалькі танцавальных па.
— Я хачу прадставіць сваю краіну менавіта такім чынам, выявіўшы яе адметнасць, — пракаменціравала Ёланта свой выбар. — Увогуле, на мой погляд, традыцыйная культура заўжды будзе “ў цане”. Бо яна высакародная, адметная і вельмі прыгожая.
 /i/content/pi/cult/122/492/Maxima2.jpg
Адной з неспадзяванак конкурсу стаў удзел у ім жыхаркі Нарвегіі. Праўда, Мэйфрыд Торске прадстаўляла на форуме хараства Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны універсітэт, дзе яна цяпер вучыцца.
Сваім зусім не паўночным абаяннем скандынаўка літаральна скарыла беларускую публіку.
— Я ніколі не брала ўдзел у падобных конкурсах, — падзялілася Мэйфрыд сваімі ўражаннямі, — але мне тут вельмі даспадобы: я сустрэла столькі прыемных людзей, здолела прымерыць столькі прыгожых сукенак! Давялося доўга рыхтавацца, каб добра выступіць, але ўсё атрымалася. Практыка робіць цуды!
— Мэйфрыд, а што ты думаеш пра сваіх канкурэнтак? — напрасткі задалі мы ёй “правакацыйнае пытанне”.
— Беларускія дзяўчаты заўжды выглядаюць на 100 працэнтаў. Іх валасы заўсёды ўкладзены ў стыльную прычоску, у іх заўжды ўражальны макіяж. Я, па шчырасці, спачатку вельмі хвалявалася. Але ж вашы дзяўчаты вельмі ўважлівыя і ва ўсім мне дапамагалі. Таму мы цудоўна бавілі час!
Мэйфрыд выканала ў мастацкім конкурсе аўтарскі танец пад музыку ісландскай спявачкі Bjork. І нам падалося, што яго мова стала для гледачоў зразумелай. 

Фота ў атачэнні нявест
Падчас выступленняў дзяўчат мы заўважылі за кулісамі мастацкага кіраўніка конкурсу Мікалая Сушко. І, на хвілінку адарваўшы яго ад справаў, запыталі, што, на ягоную думку, падштурхоўвае дзяўчат да ўдзелу ў “Каралеўне вясне”?
— Дзяўчаты ўдзельнічаюць у гэтым конкурсе, у першую чаргу, дзеля самасцвярджэння, — распавёў Мікалай Мікалаевіч. — Яны, па сутнасці, ужо выбралі свой уласны шлях — хтосьці хоча быць медыкам, хтосьці — юрыстам, хтосьці — педагогам, — але ж пры гэтым маюць цягу да творчасці. Нашым канкурсанткам патрэбны не столькі прызы, колькі прызнанне іх таленту і індывідуальнасці.
— А ці моцна ўплывае на конкурс тое, што яго ўдзельніцы— студэнткі?
— ВНУ добра падтрымліваюць сваіх прадстаўніц, дапамагаюць ім усім, чым толькі магчыма. Як вы лічыце, ці ўплывала б на вас тое, што за вашымі плячыма — не толькі сям’я, сябры, а цэлая навучальная ўстанова?...
 /i/content/pi/cult/122/492/Maxima1.jpg

Пакуль ішла наша гаворка, мастацкі конкурс скончыўся, і дзяўчаты пераапрануліся ў шыкоўныя вясельныя строі
для фінальнага дэфіле. Пабачыўшы такое хараство, вядучы свята Сяргей Кухто не стрымаў жадання сфатаграфавацца ў атачэнні чароўных “нявест”. Прыязная і нязмушаная фотасесія з захопленым шоуменам заняла самую напружаную паўзу ў праграме любога конкурсу — тую, якая папярэднічае абвяшчэнню вынікаў. Але атмасфера за кулісамі не пачала напальвацца нават у гэты перыяд, які заўсёды здаецца занадта доўгім. І калі Кухто “ў сваім стылі” пусціў “вутку”, нібы галоўным прызам стане шматкіламетравая вандроўка пехатой, адказам яму быў дружны нязмушаны смех.

Каралева нарадзілася ў Віцебску
Літаральна за хвіліну да абвяшчэння вынікаў сваімі ўражаннямі пра студэнцкіх прыгажунь падзяліўся член журы, вядомы расійскі рэжысёр Дзмітрый Астрахан:
— Мне падаліся прывабнымі абсалютна ўсе ўдзельніцы конкурсу. Я не ўбачыў сярод іх пэўнага лідэра. Праўда, асабліва ўразіла Мэйфрыд Торске. Мне даводзілася бываць у Нарвегіі, і, няхай даруюць мне тамтэйшыя жанчыны, такіх прыгажунь у гэтай краіне я не бачыў. А тут вось сустрэў.
Што да беларускіх дзяўчат... Я іх літаральна абагаўляю! Той фактар, што вы заўсёды мелі стасункі з іншымі культурамі расійскай, польскай, украінскай, яўрэйскай, — мне падаецца, і стварае такі унікальны феномен, як беларуская прыгажосць. Няхай жа ён бясконца нас радуе.
У выніку кожная з 13 удзельніц атрымала свой тытул: “Міс чароўнасць”, “”Міс арыгінальнасць”, “Міс грацыя”, “Міс абаяльнасць” , “Міс індывідуальнасць”... І, канешне, мора прызоў — між іншым, зусім не сімвалічных. Бадай, найбольш удалым з іх стаў спецпрыз ці не самага актыўнага заснавальніка конкурсу. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі вырашыў зрабіць гэтую вясну папраўдзе запамінальнай для Міс глядацкіх сімпатый Вольгі Дамашэвіч, падарыўшы ёй пуцёўку на “Еўрабачанне” ў Хельсінкі.Тытуламі “Віцэ-міс Вясна” журы ўганаравала Жану Бразоўскую з Беларускага інстытута правазнаўства, Людмілу Грышчанка з Жытомірскага дзяржаўнага універсітэта і Алесю Бузіну са Стаўрапольскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта. А ўладальніцай кароны грацыі і артыстызму стала студэнтка педагагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага універсітэта Улада Цімафеева. Яна скарыла публіку літаральна ўсім, але асабліва вылучала прыгажуню яе незвычайная жаноцкасць ды мяккасць...
... Конкурс ёсць конкурс, і без пераможцаў у ім не абысціся. Але адметнасцю
гэтага спаборніцтва — і адметнасцю, бадай, самай важнай — стала адсутнасць у ім прайграўшых. Калі дзяўчаты і сумавалі, стоячы на сцэне падчас падвядзення вынікаў, дык толькі з той прычыны, што прыгожая казка, удзел у якой ім было наканавана ўзяць, няўмольна блізіцца да канца.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ і Ілля СВІРЫН
Фота Іллі СВІРЫНА