Гэткі “опер-бутэрброд”: лустка хлеба, масла, мёд

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Адразу тры оперы — адну за адной — паказала ў Малой зале імя Р.Шырмы філармонія для дзяцей і юнацтва, што існуе пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Дзве з трох — прэм’ерныя ды яшчэ і беларускія. Чым не сенсацыя!

 /i/content/pi/cult/122/491/Kamerton1.jpg

Сцэна са спектакля “Чырвоны Каптурок”. 

Крыху сцішыўшы першыя захапленні (а захапляцца там ёсць чым), паспрабуем асэнсаваць і сам жанр, шмат у чым новы для беларускай музыкі, і, галоўнае, новую форму далучэння дзятвы да няпростага, але такога прывабнага опернага мастацтва.
Пачалося ўсё гады два таму, калі лектар-музыказнаўца азначанай філармоніі Ала Агаркава набыла ў Піцеры клавір дзіцячай оперы “Каралеўскі бутэрброд” вядомага расійскага кампазітара Георгія Партнова. Іранічная гісторыя пра тое, як каралю надакучыла ранішняя каша, яркія мелодыі і лейтматывы, характарнасць персанажаў— што яшчэ трэба для поспеху? Толькі энтузіязм, якога нашым дзеячам культуры не займаць. Апантаная Ала звярнулася да Ганны Ягоравай — мастака і архітэктара. Тая дапамагла са “сцэнічным антуражам”: да звыклых канцэртных строяў далучыліся “апазнавальныя дэталі” — галаўное ўбранне, накідкі, фартушкі, якія імгненна маглі ператварыць вядучую ў каралеўскую служку, а самога караля ў... каралеўскую карову. Але ж ці не прывучае такая ўмоўнасць да самой сутнасці тэатра як мастацтва пераўвасаблення?
Сапраўды, пасля такога амаль “хатняга” спектакля так і хочацца самому здзейсніць штосьці падобнае! У школе, дзіцячым садку ці проста дома. Таму чаго здзіўляцца, што і ў Дзіцячай філармоніі традыцыі былі прадоўжаны. Поспех такіх тэатралізаваных паказаў — як кажуць, “на выездзе”, перад самай рознай дзіцячай аўдыторыяй — пераканаў у запатрабаванасці гэткага “мабільнага” філарманічнага тэатра. Кампазітару Уладзіміру Саўчыку, які пачаў працаваць у штаце філармоніі, былі замоўлены “Чырвоны Каптурок” і “Дзюймовачка”. Пры ўсёй падобнасці музычнай драматургіі яны атрымаліся рознымі па сцэнічным увасабленні і, у спалучэнні з “Каралеўскім бутэрбродам”, склалі калі не “трылогію”, дык... своеасаблівы “бутэрброд”. Ягоную аснову (у перакладзе на гастранамічную тэрміналогію— лустачку хлеба), без якой далейшыя “выкрунтасы” не будуць мець падмурка, склаў “Чырвоны Каптурок”. Опера Г.Партнова, з яе адносна развітой сістэмай лейтматываў і правобразамі оперных форм, выступіла ў ролі “масла”, без якога далейшыя бутэрбродныя “збудаванні” не будуць трымацца, а вянчала ўсё гэта лірычна-рамантычная “Дзюймовачка” (дарэчы, менавіта ў такім парадку спектаклі былі паказаны ў час вясновых канікул на філарманічнай сцэне).

Назваць паўнавартаснай операй той жа “Каптурок”, да прыкладу, нельга: у “аўдыёварыянце” гэта, хутчэй, штосьці накшталт “радыёпастаноўкі”, дзе казачны аповед упрыгожваецца пераважна “партрэтнымі” песенькамі герояў. Але ў ім вабіць, найперш, ідэя інтэрактыву, якую ў сярэдзіне ХХ ст. плённа распрацоўваў у жанры дзіцячай оперы англійскі класік Брытэн.
 /i/content/pi/cult/122/491/Kamerton.jpg
 Сцэна са спектакля “Дзюймовачка”.

Вядучая Аляксандра Зубік далучае маленькіх гледачоў да размеркавання партый (“Дык хто з гэтых артыстаў, як вы лічыце, будзе ў нас Воўкам?”), запрашае дзятву да сцэнаграфічнага афармлення (з падрыхтаванай “мазаікі” трэба скласці “дэкарацыі”). Прыклаўшы крыху фантазіі, такі інтэрактыў няблага было б пашырыць, прапанаваўшы дзецям, дзе “падказаць”, што будзе далей, а дзе і спяваць разам з артыстамі. І, скараціўшы натуралістычныя падрабязнасці “хірургічнай аперацыі”, зробленай Ваўку добрымі лесарубамі, яшчэ раз паўтарыць спеўную “мараль” (зусім іншую, чым у арыгінале Перо): слухаць маму і абы-каму дзверы не адчыняць.“Дзюймовачка”, куды больш багатая на колькасць музычных нумароў (дык і дзеючых асоб у ёй нашмат больш), уражвае... калекцыяй мяккіх цацак. Не, вакалісты не намагаюцца пераўзыйсці артыстаў-лялечнікаў (рэжысёр — Валерый Ласоўскі), яны проста выносяць цацачныя выявы сваіх персанажаў, падрыхтаваныя ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі кіраўнікамі гурткоў Наталляй Картуль і Аленай Каралёвай. Удзельнічае ў гэтым спектаклі і сам аўтар: ён і за раялем пасядзець можа, і хорам фінальным падырыжыраваць, і нават выйсці ў партыях Жабяняці Брэкекекс, Крата-алігарха, Жука. Але і без таго склад выканаўцаў проста-такі зорны: лаўрэат міжнародных конкурсаў Ігар Задарожны, заслужаны артыст Беларусі Мікалай Багданаў, Святлана Еўтух дый усе астатнія ўдзельнікі сталі ўжо кумірамі дзіцячай публікі. Не сумуюць і дарослыя: калі, да прыкладу, супрацьлеглыя партыі Прынца і Ваўка ці Жабяняці і Караля эльфаў выконваюцца адным артыстам, спектакль схіляе амаль да філасофскіх разважанняў. Эстэтычныя ўражанні відовішча падмацоўваюцца меладычнымі, часам вострахарактарнымі песенькамі і інструментальнымі нумарамі, у якіх, акрамя фартэпіяна, гучыць дуэт цымбалаў з баянам (“Каптурок”) ці сола флейты (як не скарыстаць майстэрства Яўгена Віданава, тым больш, што голас флейты як нельга лепей пасуе Кветцы, у якой узрасла Дзюймовачка, Ластаўцы). Ідэі падобнага ансамблевага “аркестра” (у тым ліку з удзелам саміх дзяцей з разнастайнымі “шумавымі” інструментамі ў руках) можна было б разгарнуць і шырэй. Бо падобныя прэм’еры, пры ўсёй іх знешняй “камернасці”, — суцэльны “стадыён” для творчасці. І нават “творчага супрацоўніцтва” з маленькімі гледачамі. 

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА