“Каласавіны” і стужка

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

Літаральна праз некалькі месяцаў беларускі кінематограф папоўніцца новай стужкай — тэлевізійным фільмам “Талаш” паводле аповесці “Дрыгва” класіка айчыннай літаратуры Якуба Коласа. Праца над чатырохсерыйным фільмам, як ужо паведамляла “К”, распачалася ў верасні гэтага года.

/i/content/pi/cult/295/4906/3-3.jpg3-га лістапада, у дзень 128-й гадавіны з дня нараджэння Якуба Коласа, карэспандэнт "К" пагутарыў з рэжысёрам і аўтарам сцэнарыя тэлекарціны Сяргеем Шульгой, які ў гэты час знаходзіўся ў дарозе на Пружаны, дзе ў старадаўнім Музеі-сядзібе "Пружанскі палацык" распачалася работа над асобнымі эпізодамі фільма. Да таго ж, у стужцы можна будзе пазнаць аб'екты Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі архітэктуры і побыту, а таксама - краявіды Ракава. А ўжо на наступным тыдні здымачная група вернецца ў Мінск і прадоўжыць працу ў павільёнах. Хуткі тэмп работы над стужкай тлумачыцца жаданнем як мага хутчэй падрыхтаваць карціну для гледачоў. Здымкі мусяць завяршыцца ў лютым, а мантаж фільма - у маі наступнага года. Тэлегледачы змогуць убачыць на экране ігру сапраўды выбітных беларускіх акцёраў: народных артыстаў Беларусі Генадзя Гарбука, які выконвае галоўную ролю Дзеда Талаша, Аўгуста Мілаванава, народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі Генадзя Аўсяннікава ды іншых.

 Сімвалічна, што аповесць "Дрыгва" прадстаўлена ў новых тамах Поўнага збору твораў Якуба Коласа, прэзентацыя якіх адбылася 2 лістапада ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў межах традыцыйнай, ужо XXV-й, канферэнцыі "Каласавіны". Акрамя гэтага, у 9-м - 12-м тамах змешчаны такія знакамітыя творы, як паэма "Сымон-музыка" і "Рыбакова хата", аповесць "На прасторах жыцця" і многае іншае са спадчыны/i/content/pi/cult/295/4906/3-4.jpg Песняра. Апошні, 20-ы том плануецца выдаць да 130-годдзя народнага паэта Беларусі, якое будзе адзначацца 3 лістапада 2012 года. Як адзначыў міністр культуры нашай краіны Павел Латушка, які прыняў удзел у адкрыцці "Каласавін", да гэтага юбілею ўжо зараз Міністэрствам распачалася падрыхтоўка шэрагу мерапрыемстваў. Сярод іх - адкрыццё ў Варшаве помніка Якубу Коласу і Янку Купалу.

 У межах сёлетняга свята адбылося адкрыццё выстаўкі новых паступленняў у фонды музея, а таксама, сумесна з Кіеўскім літаратурна-мемарыяльным музеем Максіма Рыльскага, выставачнага праекта "Мой дружа Максіме!". Кульмінацыяй святочных мерапрыемстваў стала юбілейная, XXV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Якуб Колас і яго сучаснікі: да вывучэння творчых і асабістых узаемасувязей пісьменніка". У межах прадстаўнічага форуму музею былі перададзены ўнікальныя матэрыялы, у тым ліку ліст Коласа ў газету "Правда", датаваны снежнем 1948 года, а таксама арыгінал рукапісу верша паэта. Твор "Савецкія годы" быў у свой час высланы народным паэтам Беларусі разам з кнігай рускаму паэту Сяргею Кошачкіну. А набыў яго для музея наш зямляк, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Маскве, паэт Станіслаў Сакалоў. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ганад Чарказян перадаў дырэктару ўстановы Зінаідзе Камароўскай кнігу Коласа, выдадзеную ў Маскве ў 1943 годзе ўсяго тысячным тыражом.

Фота Канстанціна ДРОБАВА і Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"