"Час цыганоў", "Андэграўнд", "Чорная котка, белы кот" - гэтыя стужкі шырока вядомыя і любімыя беларускай публікай. На жаль, самыя знакамітыя карціны Эміра Кустурыцы выходзілі на экраны ў не самыя лепшыя для айчыннага кінапракату часіны, таму беларускім аматарам кіно даводзілася знаёміцца з імі праз відэакасеты і нячастыя эфіры тэлебачання.
Кустурыца вядомы і як актыўны грамадскі дзеяч. Некалькі гадоў таму пасля здымак сваёй карціны "Жыццё як цуд" ён пераязджае ў Сербію, у спецыяльна пабудаваную ім на ўласныя сродкі вёску Кюстэндорф, за праект якой ён атрымаў прэстыжную мастацкую прэмію. Там творца спрабуе жыць у суладдзі з прыродай і сваім сумленнем. А некалькі гадоў таму рэжысёр прыняў праваслаўе і сербскае праваслаўнае імя Неманья. Спробы Кустурыцы арганізаваць жыццё ў адпаведнасці з хрысціянскімі каштоўнасцямі і актыўная прапаганда апошніх былі ўзнагароджаны ў пачатку гэтага года Міжнароднай прэміяй Фонду адзінства праваслаўных народаў.
Год таму адбыўся канцэрт Эміра Кустурыцы і ягонага музычнага гурта "No smoking orkestra" ў Палацы Рэспублікі ў Мінску, які прайшоў з вялікім поспехам і застаўся ў памяці жыхароў і гасцей сталіцы. А сёлета мы ўсе з нецярплівасцю чакаем новай сустрэчы з сусветна вядомым аўтарам, гэтым разам- пад час "Лістапада-2010".
Журналіст Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Сяргей Кацьер, які рабіў перадачу пра гэтыя гастролі, застаўся пад вялікім уражаннем ад размовы з Эмірам Кустурыцам.
- Кустурыца - унікальны творца са сваім асабістым светапоглядам, добрым густам і прынцыпамі, ад якіх ён ніколі не адступае, - кажа Сяргей Кацьер. - Ідэя, якую ён актыўна прапагандуе, заснавана на прынцыпах сацыяльнай роўнасці, адзінства людзей перад Богам. У сваёй жа вёсцы Кустурыца паставіў і ўвогуле своеасаблівы эксперымент. Лічу, для свету мастацтва ён з'яўляецца ўнікальнай асобай, і прымаць яго ў госці - вялікі гонар для ўсіх нас!