Канцэпцыя-2010

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

Сямнаццаты па ліку “Лістапад” адкрывалі адразу два старшыні. Народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі, які кіраваў фестывалем з 1993 года, перадаў на сцэне Палаца Рэспублікі сваё ганаровае званне новаму кіраўніку — заслужанаму артысту Беларусі Генадзю Давыдзьку. Са з’яўленнем апошняга на “Лістападзе” абнавілася дырэкцыя, адбыліся сур’ёзныя змены ў структуры конкурсных праграм, свой знешні выгляд змяніў нават лагатып мінскага кінафоруму. Таму напярэдадні адкрыцця “Лістапада-2010” задалі Генадзю ДАВЫДЗЬКУ некалькі пытанняў наконт канцэпцыі фестывалю.

 

- Генадзь Браніслававіч, дазвольце павіншаваць вас з пасадай старшыні "Лістапада" і спытаць пра вашы адчуванні ад новага статуса ўдзелу ў форуме.

- Дзякуй вялікі! Адчуванні, насамрэч, зусім іншыя, чым тыя, якія былі ў мяне ў сувязі з "Лістападам" да гэтага. Колькі гадоў выходзіў на сцэну ў якасці вядучага ўрачыстай цырымоніі адкрыцця і закрыцця фэсту! Сёлета ж таго святочнага адчування няма, бо ўсё паглынаюць куды больш празаічныя арганізацыйныя клопаты. Галоўная задача - быць годнымі таго высокага ўзроўню, якога "Лістапад" дасягнуў пры Расціславе Янкоўскім. Але, безумоўна, хочацца зрабіць фестываль яшчэ больш цікавым і рознабаковым, таму мы пашырылі яго конкурсную прастору.

- Наколькі зразумела, канцэпцыя "Лістапада" ў асноўным не змянілася?

- Мы пастараліся вярнуць "Лістапад" да яго вытокаў, зрабіць яго такім, якім ён задумваўся з самага пачатку. Паводле формы гэта павінен быць "фестываль фестываляў", што завяршае кінематаграфічны год паказам найлепшых стужак з самых выбітных міжнародных кінафорумаў на колішняй прасторы краін былога СССР і ўсходнеды цэнтральнаеўрапейскага сацыялістычнага блоку. Канешне ж, вельмі хочацца, каб брэнд нашага фестывалю ведалі кінематаграфісты на ўсіх кантынентах і ахвотна прыязджалі да нас у госці!

- Зразумела, у старшыні "Лістапада" хапае клопатаў...

- Безумоўна. Я рады, што нам удалося павялічыць бюджэт, дзякуючы чаму праграма ў гэтым годзе акажацца вельмі цікавай і разнастайнай, у тым ліку - па спісе гучных імён гасцей, якія наведаюць Мінск. Мы можам ганарыцца пералікам стужак, што будуць паказаны ў час фестывалю, у тым ліку, без перабольшвання, - унікальнай дакументальнай праграмай. Тым не менш, я, як і ўся наша каманда, вельмі хвалююся наконт таго, ці ўдасца выканаць задуманае. А гледачам "Лістапада-2010", якіх сярод чытачоў "Культуры", - я ўпэўнены, - будзе шмат, хочацца пажадаць самых прыемных эмоцый на праглядах Мінскага міжнароднага!