“Побожне продавати без обтяжливости людской”

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Уздаражанне паліўных рэсурсаў, рэгуляванне тэмпаў росту цэн, выплата падаткаў, набыццё-продаж тавараў па наяўным, безнаяўным разліку і ў крэдыт — гэтыя пытанні ў той ці іншай ступені не абыходзяць, бадай, ніводнага з нашых грамадзян. Між тым, надыход рынкавых адносін і спалучаныя з ім выгоды і клопаты зазналі яшчэ жыхары Вялікага княства Літоўскага на пачатку XVI стагоддзя. Гэтую тэму даследуе кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр ДОЎНАР — адзін з аўтараў энцыклапедыі “Вялікае княства Літоўскае”.

 /i/content/pi/cult/122/490/VelKnyastva.jpg
 Перавозка тавараў на рачных судах.
Канец
XVXVI стст. сталі для Вялікага княства Літоўскага пераломнымі ў развіцці гандлю. У XV ст. феадальнае грамадства, заснаванае на натуральнай гаспадарцы, патрабавала стабільных, “справядлівых” цэн. Прадаваць тавар даражэй, чым ён быў куплены, лічылася ганебным. Каб завуаляваць атрыманне гандлёвага прыбытку, адзінка вымярэння тавару ў месцы яго закупкі была большай, чым на месцы збыту. Розніца ў вазе і складала прыбытак купцоў. Так, адным з асноўных прадметаў экспарту з Полацка ў Рыгу быў воск, а з Рыгі ў Полацк — срэбра. Таму гандлёвая дамова паміж Полацкам і Рыгай 1406 г. змяшчала правіла “восковый вес держати по старому закону, што же наш (полацкі — А.Д.) берковеск восковый больши вашего (рыжскага — А.Д.) берковеска полпудом ризьского весу. А серебреный вес ризьскии держати больши полочьких весов серебреных полузолотником”.
У XVI ст. прыбытак ад гандлю стаў успрымацца як звычайная з’ява. Гэтаму садзейнічала павышэнне ролі гандлю ў эканамічным жыцці грамадства, павелічэнне аб’ёмаў гандлю, выкліканае “рэвалюцыяй цэн” XVI ст. у Еўропе.Мясцовыя купцы, рамеснікі вялі гандаль, у асноўным, самі, радзей — праз слуг ці давераных асоб. Для далёкіх паездак купцы групаваліся па некалькі чалавек. Захаваліся звесткі і аб прадпрымальным селяніне з вёскі Дуброва Аршанскага павета, які ў 1580 г. вазіў пяньку ў Вільню на продаж. А селянін з вёскі Іскані таго ж павета Гапон Фёдаравіч нават называў сябе “гандлёвым чалавекам” і ў 1599 г. выпраўляўся са сваімі таварамі ў Мінск, у Магілёў.
З Расіі ў Заходнюю Еўропу праз беларускія землі вывозілі футра, скуры, воск, асобныя віды тканіны і інш., а ў адваротны бок накіроўваліся заходнееўрапейскія тавары, у тым ліку металічныя вырабы, галантарэя, прыправы, папера. Расійскім пакупнікам прапаноўваліся і вырабы нашых майстроў: скураны абутак, вупраж, адзенне, гаршкі, саф’ян. З Украіны на Беларусь завозіліся соль, усходнія тавары. З канца XV ст. дамінуючым стаў гандаль з Заходняй Еўропай праз Кралявец, Рыгу і праз польскія гарады Гданьск, Познань, Люблін.
Асноўным прадметам экспарту ВКЛ была сыравіна. Замежным попытам карысталіся воск і футра, а з другой паловы XV ст. сталі вывозіцца лён, пянька і лясныя тавары:попел, дзёгаць, драўніна для караблебудавання і г. д. З канца XV ст. стала экспартавацца збожжа ў ЗаходнююЕўропу. Трывалыя гандлёвыя сувязі былі наладжаны паміж беларускімі гарадамі. Так, у Полацку прадавалі вырабы слуцкіх рамеснікаў, у Мінску — гродзенскае і магілёўскае мыла, гарбарныя вырабы, скуры са Слуцка. У другой палове XVI ст. у Магілёве вялі закупку тавараў купцы з усіх буйных гарадоў Беларусі. Адным з найбольш даходных быў гандаль рыбай. З Заходняй Еўропы завозілі селядцы. З Украіны — рачную рыбу. Але пераважалі на рынку мясцовыя пастаўшчыкі. Цэны на рыбу былі высокія: так, на Гродзеншчыне ў 1569 г. шчупак “галаўны” ацэньваўся ў 24 грошы, “паўгалаўны” — у 12, а “лакатны” — у 6 грошай; ласось — у 15, лешч — у 4, акунь — у 1 грош.
На дзяржаўнай мяжы, а таксама па дарозе ўнутры краіны купцы мусілі ў мытных каморах паведамляць склад і колькасць сваіх тавараў, іх кошт і месца прызначэння. У першай каморы купец плаціў мыта, атрымліваў квітанцыю і мог свабодна ехаць далей. Аднак на кожнай мытні павінен быў праходзіць праверку. У выпадку выяўлення прыхаванага тавару ён канфіскоўваўся на карысць вялікага князя.Адным з асноўных дзяржаўных падаткаў было старое мыта. У межах ВКЛ тарыф “старога мыта” залежаў ад звычаю. На Гарадзенскай мытні тавар ацэньваўся, і ад кожнай капы браліся 2 грошы (3,3% кошту тавару), а ад кожнага воза солі — 20 грошай. Замежныя купцы плацілі гэтую пошліну цалкам, а свае — палову.
Пры Жыгімонце Старым было ўведзена “мыта новае”. Яно збіралася па спецыяльных уставах на памежных мытнях. Мытныя ўставы, інструкцыі, універсалы да сярэдзіны XVI ст. зацвярджаў вялікі князь, а з другой паловы XVI ст. — сойм. У 1536 г. у ВКЛ
згадваюцца Віленская, Ковенская, Гродзенская і Мастоўская, Бельская з Драгічынскай, Брэсцкая, Полацкая і Віцебская дзяржаўныя мытныя
каморы. Акрамя таго, збіралася Менскае, Бабруйскае, Навагрудскае, Друйскае, Магілёўскае мыта і інш. Права збіраць гандлёвыя пошліны ў ВКЛ XV — XVI стст. у асобнай каморы ці нават у межах усёй
 /i/content/pi/cult/122/490/VelKnyastva2.jpg

 Купцы Вялікага княства Літоўскага.

краіны часта здавалася ў арэнду багатым купцам, ліхвярам-яўрэям, буйным феадалам.
Акрамя таго, розныя пошліны браліся ў асобных населеных пунктах. Напрыклад, мяшчане Магілёва, Быхава і іншых падняпроўскіх гарадоўплацілі вадзяное мыта ў Рэчыцы, Любечы, Гомелі, Стрэшыне ад камягі (рачнога судна) па 30 грошай, ад паўкамягі — 15, з парома — 12, з чоўна 6. Вялікі князь мог вызваляць ад мыта. Так, берасцейскіх мяшчан і яўрэяў вызваліў ад выплаты старога мыта Вітаўт. З канца XV ст. мяшчане Гродна сталі вольнымі ад мыта на Нёмане на шляху ў Коўна, а на шляху у Прусію— на рацэ Неце. Вялікі князь Аляксандр вызваліў ад выплаты мыта ўздоўж ракі Дзвіны князёў Масальскіх, а іх падданыя мяшчане з Друі павінны былі плаціць на шляху ў Рыгу толькі васкавое. Віцебскім купцам у XV ст. вялікі князь Казімір дазволіў не плаціць ніякага мыта ў межах ВКЛ, акрамя васковага і салянога, а таксама мыта за попел, выпалены ў дзяржаўных лясах. У 1576 г. Стэфан Баторый вызваліў іх і ад чвэрці новага мыта. Мяшчане Нясвіжа ў 1586 г. атрымалі на 50 гадоў свабоду ад усякага мыта ў ВКЛ, але былі абавязаны паказваць у мытнях свае тавары.У XVI ст., адчуўшы ўласную палітычную значнасць і сілу, шляхта ВКЛ імкнулася вызваліць ад мыта сябе і сваіх падданых. У 1541 г. мсціслаўская і радомльская шляхта выпрасіла вызваленне сваім падданым ад выплаты мсціслаўскім мытнікам “павадной” пошліны ад продажы ў сваіх сёлах коней, іншай жывёлы, мёду, солі і “иншие дробные речи”.Але ў Мсціславе і Радомлі яны мусілі плаціць гандлёвую пошліну паводле агульных правіл. У 1551 г. шляхта дабілася права бяспошліннага вывазу за мяжу лясных тавараў са сваіх лясоў, у 1559 г. — збожжа і жывёлы, у 1565 г. — права бяспошліннага ўвозу іншаземных тавараў, але толькі на свае патрэбы.
У дзяржаўных гарадах і мястэчках самі мяшчане, у прыватнаўласніцкіх — паны-ўладальнікі, звярталіся да вялікага князя літоўскага з просьбай аб наданні права правядзення таргоў і кірмашоў. Напрыклад, у 1559 г. Е.Хадкевіч атрымаў прывілей на заснаванне мястэчка Шклоў на рацэ Бобр і на торг у ім у дзень “на кождую неделю встановити, которий день … сам собе обереть и похочет”. А ў 1558 г. князь Раман Сангушка прасіў дазволіць яго мястэчку Турэйску праводзіць кірмаш у дзень святога Марціна, але Жыгімонт Аўгуст распарадзіўся — на святога Спаса.
Дзяржаўныя ўлады кантралявалі ўзровень цэн. Так, Жыгімонт Аўгуст даручыў віленскім бурмістрам і радцам вызначыць правілы гандлю прадуктамі харчавання, каб абмежаваць дзейнасць перакупшчыкаў.Ваяводы, старасты, войты павінны былі сачыць за станам рынку і вызначаць межы цэн, у першую чаргу на алкагольныя напоі і прадукты харчавання, матэрыю. Тыя ж службовыя асобы вызначалі стаўку гадлёвай нацэнкі для купцоў, гандляроў, рамеснікаў у адпаведнасці з іх затратамі. А ў 1584 г. магістрат Магілёва прыняў рашэнне аб выпечцы і продажы “хлебнікамі” хлебабулачных вырабаў невялікіх памераў і ўстанавіў іх кошт: 2 і 4 пенязі — каб булкі былі “па кішэні” не толькі заможным людзям, але і беднякам.
Улады сачылі і за тым, каб рынак не адчуваў недахопу тавараў. Пры неабходнасці ўводзілася манаполія на гандаль пэўным таварам. Так, на пачатку праўлення Жыгімонта Вазы на Гродзеншчыне адчуваўся “шкла на потребы домовые до оболон, так же и склениц недастаток”. Для вырашэння гэтай праблемы вярхоўная ўлада ў 1588 г. даручыла гродзенскаму мешчаніну Сцяпану Ільковічу купляць за мяжой разнастайныя шкляныя вырабы. Яму было нададзена пажыццёвае манапольнае права гандлю гэтым асартыментам. Дадзенае рашэнне з’явілася не спантанна, а ўжо было рэалізавана ў Вільні. У сярэдзіне XVI ст. шляхціц Марцін Палецкі атрымаў права на пабудову і эксплуатацыю шкляной гуты ў Вільні (з яе ён павінен быў даваць у год уладам 400 шкляніц). Ён рабіўся адказным за адсутнасць дэфіцыту на адзначаныя тавары ў Вільні. На Віленскім сойме 1551 г. шляхта і мяшчане прасілі, каб “одному того вживати не дапустили”. Але Жыгімонт Аўгуст не адмяніў свайго рашэння, толькі агаварыў умовы дзейнасці гэтай манаполіі: дарагія шкляныя вырабы венецыянскіх майстроў заставаліся ў свабодным гандлі, астатнія ж меў права прадаваць у Вільні толькі Палецкі. Умовай існавання такога манапольнага права продажу было патрабаванне да Палецкага скупляць тавар оптам па дабравольнай дамоўленасці з купцамі, а ў розніцу слушне и побожне продавати (…) без обтяжливости людской”.
Высокае развіццё рамесніцкай вытворчасці і гандлю спрыяла шырокаму ўжытку грашова-крэдытных аперацый. Крэдыторамі выступалі як мясцовыя, так і замежныя купцы, ліхвяры. У крэдыт браліся грашовыя сумы, тавары. Мінімальны працэнт прадастаўлення крэдыту для другойпаловы XVI ст. раўняўся 6%, сярэдняя працэнтная стаўка складала 10 — 20%. Часта крэдыты выдаваліся пад заклад маёмасці. Рухомая маёмасць здавалася ў заклад звычайна на 1 год. Калі закладзеныя рэчы не выкупляліся ў вызначаны тэрмін, ліхвяр паведамляў пра гэта ў замкавы суд і атрымліваў ад яго пісьмовае пасведчанне. Суд пасылаў ліхвяра і віжа да закладчыка з напамінам аб неабходнасці выкупу сваіх рэчаў. Калі пасля апавяшчэння апошні не выкупіў іх на працягу 6 тыдняў, ліхвяры атрымлівалі права прадаць закладзеныя рэчы.
У сярэдзіне XVI ст. ліхвярства і перакупніцтва дасягнулі такіх памераў, што ўрад вырашыў абкласці гэты від дзейнасці спецыяльным падаткам у памеры 10% ад абароту.

Аляксандр ДОЎНАР,
кандыдат гістарычных навук