Кінаверсія М.Б., або Прэс-клуб пачаўся з кіно

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

25 кастрычніка ў Інфацэнтры “Культура-інфа” адбылося першае пасяджэнне прэс-клуба. Яно было прысвечана сучаснай айчыннай дакументалістыцы і прайшло ў выглядзе прагляду і абмеркавання новых твораў, знятых на РУП “Беларускі відэацэнтр”.

/i/content/pi/cult/294/4895/pic_9.jpgПершым быў паказаны фільм Святаслава Мядзведзева. Работа створана па заказе Міністэрства спорту і турызму як рэкламна-прэзентацыйны матэрыял. Трынаццаціхвілінны нарыс сцісла знаёміць гледача з гісторыяй і сучасным станам знакамітага воднага шляху на захадзе Гродзеншчыны. Аўтары стужкі выкарысталі вялікую колькасць візуальнага матэрыялу: апрача здымак самога канала, багата прадстаўлена гістарычных малюнкаў ды фотаздымкаў, што даюць магчымасць на свае вочы пабачыць амаль два стагоддзі існавання Аўгустоўскай воднай сістэмы. Аднак за вялікай колькасцю сапраўды цікавага матэрыялу перад гледачом так і не паўстаў арыгінальны вобраз унікальнага для Еўропы гідратэхнічнага збудавання. Аб гэтым пасля прагляду казалі першыя гледачы карціны. Цікавы для патэнцыйнага айчыннага і замежнага турыста ролік павінен быць больш арыгінальным і змястоўным - да такой высновы прыйшлі эксперты прэс-клуба "Культураінфа".

Другім пунктам праграмы першага пасяджэння прэс-клуба была стужка вопытнага рэжысёра Мікалая Князева.

- На жаль, у краіне не так шмат дакументальных кінаматэрыялаў, звязаных з Багдановічам. Не было ў групы і магчымасці выехаць у Яраслаўль, Ніжні Ноўгарад, дзе доўгі час жыла сям'я паэта. Але складанасці, што з'явіліся, далі штуршок да творчага пераасэнсавання асноўнай лініі стужкі. У выніку аб няпростым лёсе героя карціны мы распавядаем праз асобу нашага сучасніка- маладога акцёра Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Дзяніс/i/content/pi/cult/294/4895/pic_8.jpgа Паршына, - патлумачыў канцэпцыю аўтар стужкі.

Драматургічна стужка пабудавана адразу ў некалькіх плынях: апрача аповеду, што вядзе ў кадры навуковы супрацоўнік мінскага Музея Багдановіча, у кадры прысутнічае постаць маладога акцёра, які выконвае ролю паэта ў нашумелай тэатральнай пастаноўцы "Дзённік паэта" Віталя Баркоўскага.

Як прызнаецца рэжысёр, знаёмства з гэтым таленавітым артыстам стала сапраўднай творчай знаходкай. "У Дзяніса і Максіма Багдановіча нават ёсць пэўнае знешняе падабенства!" - усміхаецца Мікалай Князеў.

Паршын натхнёна выконвае ролю слыннага аўтара ў спектаклі "Дзённік паэта". Спасцігаючы тайны вобраза, акцёр распавядае аб сваіх знаходках і дзівосных адкрыццях пад час работы над роляй. Шматлікія паралелі і звароты да першакрыніц прыводзяць героя да высновы, якая гучыць напрыканцы стужкі: "Чалавек таленавіты заўжды адзінокі, а да адзіноты трэба яшчэ дарасці. Багдановіч дарос надта хутка. Ён адчуў сябе ў свеце адным, адчуўшы сябе светам. Для таго, каб так пісаць, трэба быць светам. І ён зразумеў, што свет у ім, а гэта, фактычна, канец: ты асуджаны на адзіноту... Ён і памёр у адзіноце, далёка ад радзімы, хворы, але да апошняга пісаў... Чалавек-сусвет!"

 Абмеркаванне стужкі выдалася насычаным і эмацыйным. Свае меркаванні выказалі як прафесіяналы ў вобласці дакументалістыкі - кіназнаўцы Галіна Шур і Антаніна Карпілава, так і дырэктар Музея Максіма Багдановіча Таццяна Шэляговіч і даследчыца творчасці паэта, кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч.

У ходзе дыскусіі аўтарам карціны быў выказаны шэраг слушных заўваг. Фільм "Максім Багдановіч. Пераадоленне" выклікаў супярэчлівыя водгукі, аднак усе прысутныя пагадзіліся з тым, што беларускай літаратуры ў кіно патрэбны менавіта аўтарскі, а не лекцыйна-дыдактычны падыход. Наколькі ўдала атрымалася яго ўвасобіць? Рашэнне - за шырокім гледачом.

Дадамо, стужку Мікалая Князева ўжо чакаюць на міжнародных фестывалях дакументальнага кіно, а ў лістападзе карціна будзе дэманстравацца пад час завяршэння Года культуры Беларусі ў Расіі.

Першае пасяджэнне прэс-клуба ІЦ "Культура-інфа" прадэманстравала вострую запатрабаванасць у прафесійнай пляцоўцы, дзе эксперты маглі б весці абмеркаванне найбольш актуальных пытанняў развіцця айчыннай культуры і мастацтва. Прагляд свежай прадукцыі "Белвідэацэнтра" быў карысны, найперш, для саміх прадстаўнікоў установы. Сапраўды, папярэдняе меркаванне прафесійных гледачоў заўсёды спрыяе канчатковаму выніку, прыйшлі да высновы ўдзельнікі першага пасяджэння.

Фота Юрыя ІВАНОВА