Сучасная багема

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

У межах “Беларускай музычнай восені” ў сталічнай філармоніі адбылося выступленне Маладзёжнага беларуска-французскага сімфанічнага аркестра, за пультам якога стаяў знакаміты французскі дырыжор Жан-Філіп Навар. Напярэдадні такі ж канцэрт прайшоў у маладзечанскім Палацы культуры. А ў сакавіку з візітам у адказ 17 нашых аркестрантаў на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Казінцом рушаць у Францыю.

Гэты сумесны праект, галоўным арганізатарам якога выступіла Міністэрства культуры Беларусі, стаў працягам даўніх стасункаў паміж Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі і Нацыянальнай кансерваторыяй музыкі, танца і драматычнага мастацтва рэгіёна Нансі, якую ўзначальвае Ж.-Ф. Навар. Працягам традыцый стала і ідэя сумеснага аркестра: падобныя маладзёжныя калектывы ўзнікалі ў нас і раней - найперш з Расіяй, краінамі СНД. Фінансавую дапамогу аказалі спонсары.

Маладыя французскія музыканты жылі ў інтэрнаце нашай Акадэміі, таму былі поруч з нашымі студэнтамі не толькі на рэпетыцыях. Нашым музыкантам, сярод якіх былі не толькі аркестранты, але і знакамітая піяністка Наталля Котава, што саліравала на фартэпіяна, адкрыліся таямніцы выканання твораў французскіх кампазітараў менавіта "пафранцузску". Гасцям жа запомніліся праведзеныя для іх экскурсіі, наведанне нашага Вялікага тэатра, дзе яны паглядзелі оперу Дж.Пучыні "Багема" - пра сваіх, можна сказаць, папярэднікаў, бо дзеянне там разгортваецца ў Францыі стагоддзе таму, сярод маладых творцаў.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"