“Мы стварылі моду на беларускасць”

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

Кожная дыяспара беларусаў свету мае сваю гісторыю, адметныя традыцыі. Прыкладна 100 гадоў таму ў пошуку лепшай долі за шэсць тысяч кіламетраў ад Радзімы - у далёкім Прыбайкаллі - пасяліліся нашы землякі, стварылі там свае вёскі і захавалі культуру ды родную мову. І, у той жа час, шмат гадоў не мелі сваёй арганізацыі, існавалі разрознена. Выправіць становішча і такім чынам кансалідаваць беларусаў рэгіёна ў сярэдзіне 1990-х узялося Рэгіянальнае грамадскае аб'яднанне "Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага". З чаго пачыналася дзейнасць гэтай арганізацыі, і што сёння ўяўляе з сябе дыяспара беларусаў Прыбайкалля? Пра гэта на сустрэчы ў нашым Інфацэнтры "Культура-інфа" мы пагутарылі са старшынёй аб'яднання Алегам РУДАКОВЫМ.

/i/content/pi/cult/294/4892/pic_7.jpg- За 14 гадоў мы правялі вялікую працу па аб'яднанні беларусаў і іх нашчадкаў у моцную дыяспару. У выніку сёння супольнасць лічыцца актыўнай. Спачатку даводзілася наведваць вёскі, створаныя перасяленцамі. І ў час падарожжаў высвятлялася, што жыхары суседніх населеных пунктаў не ведалі пра сваіх землякоў, якія жывуць кіламетраў за дзесяць. Даводзілася сутыкацца і са шматлікімі кур'ёзнымі момантамі. Напрыклад, у вёсцы Андрушына, якую засялілі з двух бакоў перасяленцы з Віцебшчыны і з Гродзеншчыны, забаранялася выходзіць замуж за жыхара іншага канца вёскі. У цэлым жа, сярод нашых суайчыннікаў не было згуртаванасці. Таму мы распачалі вялікую працу, каб нацыянальная самасвядомасць жыхароў тых вёсак усё ж узнялася.

- Колькі людзей вызнаюць сябе беларусамі ў Сібіры? Якая дынаміка назіраецца ў самаідэнтыфікацыі нашых суайчыннікаў?

- Вядома, што каля 50% пераселеных у Сібір пад час сталыпінскай рэформы былі беларусамі. І хоць дакладная колькасць нашых суайчыннікаў да сённяшняга часу не вызначана, мяркуецца: каля 300 тысяч беларусаў перасялілі ў Прыбайкалле. На жаль, перапіс 2002 года выявіў толькі 15 тысяч. Цяпер адбыўся новы перапіс, і мы заклікалі нашых суайчыннікаў адрадзіць сваю нацыянальную прыналежнасць. Дадам, што сяброў нашага аб'яднання - 300 чалавек у Іркуцку, а таксама каля 1000 па вобласці.

- Для такой колькасці людзей, што налічвае ваша аб'яднанне, вядома ж, неабходна сваё памяшканне, а таксама прадстаўніцтвы ў іншых населеных пунктах Іркуцкай вобласці...

- Калі казаць пра нашу сядзібу, то можна пахваліцца: мы маем бібліятэку беларускай літаратуры, дзе - каля дзвюх тысяч кніг, у тым ліку тыя, якія даслалі непасрэдна самі аўтары - пісьменнікі, навукоўцы, - а таксама ўстановы культуры Беларусі, за што мы ім вельмі ўдзячныя. Аналагаў такога кнігазбору не мае ніводная дыяспара ў Іркуцку. У іншых пакоях сядзібы знаходзяцца Музей-майстэрня "Беларуская хатка" ды зала для пасяджэнняў абласной рады, рэдакцыя газеты "Маланка". А ўсяго ў Таварыстве цяпер 12 аддзяленняў, 17 самадзейных калектываў, у тым ліку дзіцячыя фальклорныя гурты. З апошніх дасягненняў можна адзначыць і тое, што ў вёсцы Чарчэт, якая знаходзіцца на адлегласці ў 780 км ад Іркуцка, распачынае працу... батлейка. Паступова адбываецца працэс замены назваў вуліц у гонар той мясцовасці, адкуль прыехалі перасяленцы. А зусім нядаўна ў вёсцы Тургенеўка мы ўсталявалі шыльду на беларускай і рускай мовах, дзе пазначаецца, што гэта беларуская вёска, заснаваная ў 1909 годзе. Да дзейнасці нашага аб'яднання далучаюцца ўнукі, праўнукі і нават прапраўнукі беларускіх перасяленцаў. Мы стварылі моду на беларускую мову, імёны. За 14 гадоў існавання аб'яднання паміж яго сябрамі з'явіліся не толькі агульныя інтарэсы, але і ўзніклі пачуцці. І, што вельмі прыемна, сваім дзецям моладзь дае беларускія імёны, якія ўказваюцца афіцыйна ў пашпарце. Сярод дзетак нашай дыяспары ёсць нават адна дзяўчынка з іменем Рагнеда: бацькі пазнаёміліся з гісторыяй гэтай мужнай і мудрай князёўны, ды так захапіліся, што назвалі ў яе гонар сваю дачку. Яшчэ колькі гадоў таму нашы людзі саромеліся размаўляць на роднай мове. Цяпер сітуацыя паступова змяняецца. Людзі ахвотна прыходзяць да нас у сядзібу і з вялікім задавальненнем гавораць па-беларуску. Фарміруем новы курс па вывучэнні роднай мовы. Сёння справа рухаецца наперад, пра што сведчыць з'яўленне ў нашым асяроддзі шматлікіх маладых лідараў. Адраджаем мы і беларускія народныя танцы, што запісваем найперш у фальклорных экспедыцыях па Іркуцкай вобласці. Адзін з іх - кракавяк - паказаў беларускім даследчыкам, якія раней не сустракалі такі варыянт гэтага танца. Атрымалася, што танец быў страчаны на Беларусі, але захаваўся ў Прыбайкаллі.

- Пытанне далучэння моладзі да традыцый беларускай культуры за мяжой для многіх нацыянальных суполак стаіць надзвычай востра...

- Як ні дзіўна, з такімі пытаннямі да нас звяртаюцца прадстаўнікі розных дыяспар у Іркуцкай вобласці. У нашай арганізацыі пытанне зацікаўленасці моладзі не стаіць. Наадварот, актыў - гэта якраз юнакі і дзяўчаты, захопленыя адраджэннем родных традыцый. У іх высокая самасвядомасць, яны размаўляюць між сабой прынцыпова па-беларуску. І сакрэт тут вельмі просты: ён заключаецца ў фармаце нашай работы. Праводзячы любое мерапрыемства, мы робім вялікі акцэнт на тэатралізацыю, інтэрактыў. Заахвочваем моладзь прымаць непасрэдны ўдзел у пастаноўках. Развучваем танцы, праводзім дыскатэкі. Моладзі гэта цікава, і, адпаведна, яна з задавальненнем адгукаецца. Не выпадкова асвятляць нашы мерапрыемствы амаль заўсёды прыязджае мясцовае тэлебачанне. Карацей, да нас прыходзяць тыя, хто зацікаўлены ў самарэалізацыі. З недахопаў у працы можна адзначыць хіба тое, што нам не хапае беларускамоўнай музыкі, якая была б прыдатнай для маладзёжнай дыскатэкі. Наш клопат у тым, што мы зусім мала ведаем пра сучасныя беларускія эстрадныя калектывы.

- Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага мае шэраг цікавых праектаў не толькі для моладзі, але і для дзяцей...

- Сапраўды, для самых маленькіх у нас працуе дзіцячы клуб "Зярнятка". У вёсках, дзе кампактна пражываюць беларусы, мы ствараем факультатывы, гурткі. Напрыклад, у вёсцы Тургенеўка Наталля Ацюшкевіч больш за восем гадоў займаецца з дзецьмі, развучвае беларускія песні, робіць тэатральныя пастаноўкі. Згадаю і такую гісторыю. Аднойчы дзіцячы калектыў з гэтай вёскі прыехаў на фестываль музычных калектываў з беларускіх вёсак Прыбайкалля "Гучы, гоман беларускі!" у Іркуцк. Цікава і дужа прыемна было назіраць, як разам з беларускімі дзецьмі на нашай мове выступаў і маленькі бурат, якому спадабалася хадзіць у гурток.

- Сёлета ў нашай краіне пачалі рэалізоўвацца праекты па падтрымцы нашых суайчыннікаў за мяжой, у тым ліку праграма "Беларусы ў свеце". Наколькі Таварыству неабходная такая падтрымка?

- З беларускімі ўладамі супрацоўніцтва ў нас толькі пачынаецца. Спадзяюся на яго плённы працяг. Прыемна, што нашаму таварыству нядаўна перадалі цымбалы. У перспектыве хацелася б, каб у Іркуцку прайшлі і майстар-класы з беларускімі цымбалістамі. Нас цікавіць усё: беларуская гісторыя, традыцыі, мастацтва. Магчыма нават і эканамічнае супрацоўніцтва. Узяць хаця б продаж беларускіх сувеніраў, якія ў нас надзвычай запатрабаваны... Прыкладам узаемадзеяння дзяржавы і дыяспары можна лічыць падтрымку польскай нацыянальнай супольнасці. Хоць іхняя дыяспара ў Іркуцку налічвае ўсяго тры тысячы чалавек, тым не менш, існуе консульства, рэалізуюцца партнёрскія праекты з ваяводствамі Польшчы, у Лінгвістычным універсітэце адкрылі факультатыў па вывучэнні польскай мовы з магчымасцю бясплатнай стажыроўкі. Вялікім стымулам для беларускай моладзі Прыбайкалля была б магчымасць трапіць на Фестываль мастацтваў беларусаў свету, які адбудзецца ў наступным годзе

- Адной з буйных устаноў, што злучае беларускія аб'яднанні, з'яўляецца Культурная аўтаномія "Беларусы Расіі". Наколькі актыўна адбываецца супрацоўніцтва з ім?

- Адразу адзначу такі факт: ад Масквы да Іркуцка адлегласць - у пяць тысяч кіламетраў, а таму на аператыўнае супрацоўніцтва з галаўным аддзяленнем аўтаноміі спадзявацца не выпадае. Тым не менш, я быў дэлегатам апошняга з'езда арганізацыі, дзе прагучала шмат цікавых ідэй. Ведаю, што ўжо распрацоўваецца шэраг карысных для нашай дыяспары праектаў, але пакуль мы можам толькі чакаць пачатку іх рэалізацыі. А тым часам практычна ўсе мерапрыемствы праводзім пераважна сваімі сіламі.

- На Беларусі даследчыкамі зафіксаваны шматлікія помнікі архітэктуры, у тым ліку драўлянага дойлідства, а таксама ўзоры старадаўняй матэрыяльнай культуры. Думаецца, што і Іркуцкая вобласць багатая на каштоўныя прадметы даўніны і цікавую архітэктуру...

- Пад час падарожжаў можна заўважыць надзвычай каларытныя вёскі, а таксама хаты, што будаваліся яшчэ першымі перасяленцамі 100 гадоў таму. Адпаведна, яны маюць каштоўнасць. З мэтай захавання традыцыйнай беларускай культуры ў некаторых вёсачках мы стварылі этнаграфічныя музеі. Была ідэя перавесці туды нават аўтэнтычныя сядзібы, але без фінансавай дапамогі ў гэтай справе нам не абысціся. У той жа час, ужо сабрана шмат унікальных прадметаў дарэвалюцыйнага побыту перасяленцаў. Знойдзены і прадстаўлены ў нашым музеі прататып такарнага станка. Як аказалася, майстар-самародак яго стварыў сваімі рукамі. Нават на Беларусі такое прыстасаванне я ніколі не бачыў. Як ні парадаксальна, калі майстра не стала, яго распрацоўку хацелі папросту выкінуць на сметнік. Ёсць і іншыя, вельмі цудоўныя, рэчы, у тым ліку старажытныя ручнікі, якім па дзвесце гадоў. Прыкра, што некаторыя людзі не маюць уяўлення пра сапраўдную каштоўнасць такіх рэчаў. Хаця ёсць і адваротныя сітуацыі - калі ручнік з'яўляецца сапраўднай святыняй. У прыватнасці, у вёсцы Ахіны ёсць традыцыя класці ручнік разам з памерлым у труну. У гэтай жа вёсцы ручнікамі абвязвалі і крыжы.

- На гэтым матэрыяле можна пісаць дысертацыі...

- Матэрыялаў сабрана і праўда шмат. А вось магчымасцей самому апрацаваць усё гэта пакуль не стае: шмат часу займаюць арганізацыйныя пытанні, фінансавыя клопаты. Але і пра навуку мы не забываемся. Раней пры непасрэдным удзеле таварыства праводзіліся абласныя навуковыя форумы. Сёлета адбудзецца і І Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Пры гэтым, тэму Сталыпінскай рэформы на такім узроўні мы ўзнімаем упершыню. А таму жадаем запрасіць да нас і навукоўцаў з Беларусі, а таксама студэнтаў-гісторыкаў. Для апошніх мы распрацавалі свой конкурс, які прадугледжвае фінансавае заахвочванне пераможцаў.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"