Прынцып авангарда

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

Праект “Авангард — кнізе”, прадстаўлены выстаўкай мастакоў-авангардыстаў, ажыццявіўся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Акварэлі, графічныя лісты творцаў, якія працавалі ў адзін час з Казімірам Малевічам, а таксама авангардныя кнігі пачатку мінулага стагоддзя з’яўляюцца вельмі каштоўнымі экспанатамі з прыватнай калекцыі прыхільніка гэтага стылю Леаніда Закса і ягонай сям’і.

/i/content/pi/cult/294/4888/11-6.jpg

"Іван Клюн, Пётр Львоў і Ніна Хлебнікава" - так гучыць назва першай выстаўкі з цэлай серыі, якую Леанід Закс плануе прадставіць сумесна з бібліятэкай да снежня гэтага года.

 Іван Клюн быў сябрам Малевіча, яны разам працавалі і адстойвалі прынцыпы авангардызму. Экспазіцыя ў Музеі рэдкай кнігі пазнаёміла наведвальнікаў з графікай мадэрна, нацюрмортамі і пейзажамі творцы. Цікавымі падаліся таксама партрэты Маякоўскага ў выкананні Ніны Хлебнікавай і дзве яе супрэматычныя работы, а таксама архітэктурныя накіды Пятра Львова. Творы ствараліся ад 1909 да 1936 года.

Калекцыянер Леанід Закс мае беларускія карані: яго родныя - ураджэнцы Палесся. "Ён з'яўляецца прафесійным знаўцам авангардызму, мае вялікую калекцыю, і ў яго ёсць намер паказваць яе ў Беларусі і еўрапейскіх краінах",- адзначае даследчык гэтай тэмы, загадчык сектара абслугоўвання і захавання экспазіцыйных матэрыялаў аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці бібліятэкі Ларыса Міхневіч.

 А ідэя праекта ўзнікла ў калекцыянера ў Музеі імя Максіма Багдановіча, куды ў жніўні мінулага года ён перадаў у дар 21 твор вядомых авангардыстаў. Адбылося гэта ў рамках выстаўкі "Беларусі - з любоўю". Цяпер музей адзіны ў краіне валодае работамі Уладзіміра Татліна, Івана Клюна, Пятра Львова і Аляксандра Архіпенкі.

Цыкл выставак графікі "Авангард - кнізе" мае на мэце папулярызаваць мастацтва пачатку XX стагоддзя нашых суайчыннікаў і суседзяў. Адпаведна, у хуткім часе праект займее працяг.