"Па даручэнні губернатара Віцебскай вобласці Аляксандра Косінца мы праводзім тэндар на набыццё перасоўнай сцэны і абсталявання, - адзначае Мікалай Пятровіч. - Арэнда іх раней абыходзілася нам у даволі вялікую суму, а патрэба ў сваім - адчувальная. На мінулым "Славянскім базары" канцэрты на плошчы Перамогі былі вельмі папулярныя ў гледачоў, - яны прынеслі каля 400 мільёнаў рублёў прыбытку, - аднак большасць гэтых сродкаў патрэбна было аддаць за арэнду абсталявання".
Па словах суразмоўцы, цяпер разглядаюцца тэндарныя прапановы ад пяці мінскіх фірм.
У студзені распачнецца рамонт Канцэртнай залы "Віцебск". Тут адбудзецца поўная замена крэслаў, абсталявання, сцэны. Абнавіць свой выгляд установа павінна да 1 ліпеня, неўзабаве перад адкрыццём фестывалю. Прадоўжыцца еўрарамонт у гасцініцы "Віцебск", якая штогод прымае вялікую колькасць гасцей "Славянскага базару". Налета чакаецца шмат гледачоў з розных рэгіёнаў Беларусі, бо будзе наладжана сістэма продажу білетаў праз абласныя філармоніі.
Увогуле прыбыткі ад правядзення мінулага "Славянскага базару" перавысілі выдаткі на 332,5 мільёна рублёў. І наступным разам тут будуць арыентавацца на тых спевакоў, якіх больш за ўсё любяць на Беларусі. На арганізацыю свята выдаткавана 2,5 мільярда рублёў з рэзервнага фонду Прэзідэнта краіны, 25 мільёнаў было атрымана з бюджэту Саюзнай дзяржавы.
"Мы, па традыцыі, запросім айчынных артыстаў, творцаў з Расіі і Украіны, - дадае Мікалай Пашынскі. - Але зацікаўлены і ў выступленнях замежных музыкантаў. Таму з задавальненнем будзем супрацоўнічаць са спонсарамі, якія дапамогуць у арганізацыі канцэртаў зорак. Мы ставім за мэту дасягнуць амаль стопрацэнтнай запаўняльнасці віцебскага Летняга амфітэатра пад час правядзення фестывальных конкурсаў. Сёлета лічба дасягнула 80%, што з'яўляецца своеасаблівым рэкордам".