Нашчадкі класікаў у Доме Коласа

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

… Пэўна, невыпадкова ў кожнага народа на гістарычным шляху з’яўляюцца асобы не толькі незвычайнага таленту, але і вялікага грамадзянскага пачуцця, якія становяцца духоўнымі правадырамі нацыі.

 /i/content/pi/cult/122/487/Naschadki.jpg
Сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, кіраўнік нацыянальнага культурнага аб’яднання “Беларусь” у Белгарадзе-Днястроўскім Лілія Цвяткова, прапрапраўнук Тараса Шаўчэнкі Тарас Лысенка.
Такой асобай для ўкраінцаў быў і застаецца Тарас Шаўчэнка. Такімі людзьмі для Беларусі сталі Якуб Колас і Янка Купала, а для Украіны — іх сучаснікі Максім Рыльскі і Паўло Тычына. У тым ліку і пра гэта гаварылі ўдзельнікі сумеснай беларуска-ўкраінскай вечарыны ў гонар 125-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа “Нашчадкі славутых людзей”.
Прайшла яна 19 красавіка ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пры падтрымцы адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы і Стаўбцоўскага райвыканкама.
У гэты дзень у Коласаўскім музеі быў аншлаг. Паўнюткай была не толькі зала, дзе звычайна праводзяцца такія мерапрыемствы, але і суседні пакой. На сустрэчу ў Музей Якуба Коласа з Украіны прыехалі ўнук Максіма Рыльскага Максім, пляменніца Паўло Тычыны, яна ж— дырэктар Кіеўскага літаратурна-мемарыяльнага музея Тычыны, Таццяна Сасноўская, прапрапраўнук Тараса Шаўчэнкі Тарас Лысенка. У зале прысутнічалі сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, унукі слыннага Песняра.
Сярод тых, хто ўзяў удзел у вечарыне ў Музеі Коласа (вяла яе дырэктар музея Зінаіда Камароўская), былі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Ліхавы, які, дарэчы, пэўны час працаваў у музеі Тараса Шаўчэнкі ў Каневе, народная артыстка Украіны Раіса Недашкоўская, дырэктар Кіеўскага літаратурна-мемарыяльнага музея Максіма Рыльскага Вікторыя Калеснік, даследчыкі, перакладчыкі, аматары творчасці слынных літаратараў, мастацкія калектывы Стаўбцоўскага раёна і Цэнтра ўкраінскай культуры “Січ” у Мінску.
Узгадвалі ў гэты дзень і аб тым, што Якуб Колас вельмі любіў творчасць Тараса Шаўчэнкі, вучыўся ў яго, а потым, калі сам стаў усенародным баянам-песняром, разам з Янкам Купалам пераклаў на беларускую мову шаўчэнкаўскага “Кабзара”. Перакладаў Колас і творы Паўло Тычыны і Максіма Рыльскага, з якімі Яго звязвалі асабістыя, вельмі прыязныя, адносіны. На вечарыне гучалі шчырыя, цёплыя прывітанні, зычанні росквіту Беларусі і Украіне, шмат прыгожых вершаў, беларускія і ўкраінскія песні.
Упершыню музей арганізаваў сустрэчу нашчадкаў знакамітых людзей, чыімі намаганнямі зберагаецца творчая спадчына класікаў. Адна з мэт сустрэчы — актуалізацыя пытання дыялога паміж спадчыннікамі пісьменнікаў і дзяржаўнымі музеямі аб зберажэнні асабістых архіваў і мемарыяльных рэчаў знакамітых людзей.
У дзень правядзення вечарыны ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася выстаўка рарытэтных матэрыялаў “Дружба праз гады” з фондаў нашага музея і музеяў Паўло Тычыны і Максіма Рыльскага ў Кіеве. Назаўтра госці з Украіны выправіліся ў падарожжа па коласаўскіх мясцінах.

Наталля РУСАК
Фота аўтара