“Лістапад” чакае “зорная дарожка”

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

Арганізатары Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” крыху прыўзнялі заслону таямніцы над падрабязнасцямі будучага мерапрыемства.

/i/content/pi/cult/294/4869/2-1.jpg

 Аказалася, што "Лістапад" чакаюць пэўныя змены, і новая эмблема-лагатып, прадстаўленая журналістам, - толькі адна з іх. Зменяцца ў Мінскага міжнароднага не толькі звыклы час правядзення - сёлета фэст стартуе амаль у пачатку апошняга восеньскага месяца, - але і напаўненне. Гледачоў чакае больш цікавых стужак і пазаконкурсных праграм, а таксама, упершыню за 17 гадоў, "зорная дарожка" перад Палацам Рэспублікі за гадзіну да пачатку цырымоніі.

На галоўнай сцэне краіны, па традыцыі, пройдуць урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця кінасвята. Фільмам адкрыцця стане карціна Аляксандра Котта "Брэсцкая крэпасць" - галоўны беларускі кінапраект 2010-га, які адначасова выйдзе ў рэспубліканскі пракат. Паглядзець яго можна будзе ў дзень пачатку фестывалю - 5 лістапада - у Малой зале Палаца Рэспублікі, куды, як і на само адкрыццё, мяркуецца прадаваць асобныя білеты.

Галоўны пункт канцэпцыі "Лістапада" не зменіцца, запэўнілі прадстаўнікоў СМІ арганізатары: Мінскі міжнародны застанецца "фестывалем фестываляў". Гэта значыць, на ім будуць паказвацца лепшыя стужкі з іншых кінафорумаў. Сёлета яны будуць згрупаваны па некалькіх конкурсах, галоўным з якіх стане конкурс стужак з краін былога СССР і краін колішняга сацыялістычнага блока. Такія геаграфічныя рамкі фестывалю, на думку праграмнай дырэкцыі "Лістапада", павінны садзейнічаць лепшаму разуменню працэсаў, якія адбываюцца ў кінамастацтве на азначанай прасторы. Дапоўніць ігравы конкурс праграма "Маладосць на маршы": яе складуць стужкі дэбютантаў з усіх краін свету. Па такой самай схеме - асноўны конкурс плюс конкурс маладога кіно - фарміруецца праграма кіно неігравога.

Канчатковы склад судзейскай калегіі "Лістапада-2010" удакладняецца. Вядома, што журы асноўнага конкурсу ігравога кіно ўзначаліць, бадай, самы знакаміты сёння літоўскі рэжысёр і акцёр Шарунас Бартас.

"Лістапад-2010" вылучыцца шэрагам дадатковых праграм і праглядаў з красамоўнымі назвамі "Без пяці хвілін "Оскар", "Дні польскага кіно", "Панарама расійскага кіно", "Французскі майстар-клас", "Экстрым і Каннаманія". Арганізатары абяцаюць таксама шэраг цікавых сустрэч з аўтарамі стужак, майстар-класы для студэнтаў беларускіх ВНУ, візіты гасцей фэсту на прадпрыемствы сталіцы. Чакаецца, што Беларусь у дні фестывалю наведаюць такія артысты, як Людміла Гурчанка, Армэн Джыгарханян, Алена Бабенка. Таксама чакаецца прыезд адной зоркі, чыё імя пакуль трымаецца ў сакрэце.

Адначасова з вялікім "Лістападам" у Мінску, па традыцыі, будзе праходзіць Міжнародны фестываль дзіцячага і юнацкага кіно "Лістападзік". Гэтым разам, паводле задумы арганізатараў, яго конкурсная праграма складаецца з шасці стужак і прызначана для дзяцей ад 6 да 12 гадоў. Што да пазаконкурсных паказаў, то маленькіх гледачоў чакаюць некалькі рэтраспектыўных анімацыйных праграм, у тым ліку добра вядомая некалькім пакаленням савецкіх гледачоў казка "Тры арэшкі для Папялушкі" і анімацыйны серыял "Прыгоды крацяняці".