У пошуках страчанага часу

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

26 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбудзецца святочны вернісаж нашага земляка, выдатнага мастака сучаснасці Барыса Заборава, прымеркаваны да яго 75-годдзя. Арганізавалі выстаўку Міністэрства культуры Беларусі, Міністэрства культуры і камунікацый Французскай Рэспублікі, Міністэрства замежных спраў Францыі, Міністэрства замежных спраў Беларусі, Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, пасольства нашай краіны ў Францыі, а таксама галерэя “Дэ Бюсі” (Парыж).

Пачну я сваё апавяданне непасрэдна з успамінаў майго героя: «Маё ўяўленне як мастака больш за ўсё хвалююць старыя фатаграфіі з сямейных альбомаў. Яны валодаюць гіпнатычнай уласцівасцю: людзі з невядомымі мне біяграфіямі ўглядаюцца ў мяне здалёку, са свайго мінулага, зачароўваюць сваімі таямніцамі, нараджаюць нейкае містычнае пачуццё. Гэты погляд, уважлівы, сканцэнтраваны, скіраваны непасрэдна ў твае вочы, як бы запрашае да дыялога - дыялога душ. У ім я бачу заклік, ад якога ўзнікае сум, журбота, а то і нейкае хваляванне, неспакой. І калі я «сус/i/content/pi/cult/293/4866/15-1.jpgтракаюся» з гэтым таемным персанажам на палатне і вяду з ім нямую размову, губляю адчуванне часу...»

Дарэчы, калі Барыс выязджаў за мяжу, акрамя 15 сваіх карцін, якія яму родная краіна дазволіла ўзяць з сабой, ён прыхапіў - так, для памяці - і невялічкую папку старых сямейных фатаграфій, тады яшчэ не ведаючы, як гэтыя здымкі пасля адгукнуцца ў ягоных пошуках зусім новай выяўленчай мовы ў мастацтве жывапісу. Але першааснова той ідэі, што вось ужо 30 гадоў бліскуча рэалізоўваецца на палотнах, ляжыць, як ні дзіўна, яшчэ ў далёкай маладосці творцы ў роднай Беларусі, на возеры Нарач. Неяк адным цудоўным днём ён з сябрам, гуляючы ўдоўж берага возера, зайшоў у бліжэйшую хатку, каб выпіць вады. Дзверы былі прачыненыя. Калі ўвайшлі ў святліцу, дык убачылі фантасмагарычную карціну: на сенніку ляжаў н

ябожчык. Побач - моўчкі, не звяртаючы ўвагі на няпрошаных гасцей, сядзела яго старая жонка. І больш - нікога. Але што яшчэ ўразіла Барыса, дык гэта даўні сямейны фотаздымак на сцяне вельмі добрай якасці. І там, на саламяным сенніку, таксама ляжаў нябожчык са свечкай у руках! А ззаду - група сваякоў з крыжам, і ўсе - уважліва, затаіўшы дыханне - глядзелі ў чорнае вока фотакамеры. Амаль што тэатральная мізансцэна, якая, аднак, геніяльна адлюстроўвала рэальны момант жыцця... І, можа, упершыню, яшчэ не ўсведамляючы таго да канца, Забораў у гэтых статычных, унутрана напружаных позах адчуў тую душэўную энергетыку, што так незвычайна застыла ў позірках, у выразе вачэй гэтых невядомых людзей... І, магчыма, у тых чалавечых поглядах мастак ужо тады пранізліва адчуў нейкую таямніцу чужога жыцця як частку свайго ўласнага. А Парыж праз гады толькі высвеціў, узмацніў, павялічыў гэтае дзіўнае адчуванне. З яго, уласна кажучы, усё і пачалося...

Барыс Забораў: «Ёсць нейкая псіхалагічная розніца ў мастакоўскім успрыманні жывой натуры і натуры, зафіксаванай на старой фатаграфіі. Фатаграфія дае мне абсалютную свабоду для фантазіі наконт таго або іншага вобраза. Але ў сваіх карцінах я амаль ніколі не карыстаюся фатаграфіяй у поўным аб'ёме. Гэта можа быць выбраны персанаж без усякай атрыбутыкі, што мяне прыцягвае, і на гэтым вобразе я сканцэнтроўваю сваю ўвагу. Часам жа выяўляю на сваім «героі» дэталі касцюма і іншыя атрыбуты ў яго атачэнні. І яны ў дадзеным выпадку вельмі важныя для поўнага раскрыцця маёй задумы».

Цікава, што фатаграфіі Барыс Забораў выкарыстоўвае толькі пэўнага перыяду: з канца XIX стагоддзя па 30-я гады ХХ-га. Чаму? Мастак лічыць, што, па-першае, гэты час нейкім чынам прысутнічае ў нашай памяці (ва ўсялякім выпадку, не так аддалены ад нас, каб страціць сваю вобразнасць, маляўнічасць) і, па-другое, па-ранейшаму з'яўляецца рэальнасцю, знаёмай па кнігах, кінематографе, сямейных альбомах, непасрэдных успамінах нашых бліжэйшых продкаў.

Чалавек па азначэнні самотны; хіба гэта не

відавочна, калі ўзіраешся ў вочы незнаёмых людзей на пажоўклых здымках? Іх жыццё аддзелена ад нас часавай адлегласцю, але не настолькі далёкай, каб яно, гэтае жыццё, згубіла сваю празрыстасць. Хаця не заўсёды зразумела, ці яно выплывае з свайго адзіноцтва, ці ў яго пагружаецца. У карцінах Заборава прастора ніколі не бывае пустэчай. Ягоная прастора - жывая пругкая субстанцыя, спрасаваная часам. І стварэнне гэтай матэрыі займае ў мастака практычна ўвесь час, а персанажы, арганічна ўключаныя ў тканіну дадзенай прасторы, часта проста як бы знікаюць у таемным міражы. І гэта, на мой погляд, з'яўляецца вельмі ўдалай і прынцыповай знаходкай мастака ў рашэнні новых для еўрапейскага мастацтва вобразнапсіхалагічных і пластычных задач.

Галоўны ж метад у жывапісе Заборава - імправізацыя. Ён ніколі не робіць эскізаў, хаця кожную задуму карціны "пракручвае" ў галаве. Праўда, не заўсёды ведае, што атрымаецца ў выніку. У працэсе працы змяняецца многае, часам зусім нечакана для аўтара: такую школу праходзілі ўсе вялікія творцы. Але «фініш» - толькі за ім. Толькі ён ведае: скончана карціна ці не.

 ...Я ўзгадваю Барыса Заборава тых бласлаўлёных шасцідзесятых - сямідзесятых гадоў, калі мы былі маладыя. І гэтая маладосць была галоўнай

нашай узнагародай быцця. Мы маглі марыць аб усім на свеце і верыць, часам наіўна, што гэтыя мары, спадзяванні хутка здзейсняцца. Тады мы з Барысам, хаця і не былі блізкімі прыяцелямі, часта сустракаліся, горача дыскутавалі "за жыццё і мастацтва". У нас былі агульныя сябры-таварышы: Л.Шчамялёў, А.Анікейчык, А.Кашкурэвіч, Г.Паплаўскі, А.Сурскі, У.Бойка, С.Красаўскас. У тыя часы Барыс, неглядзячы на маладосць, быў адным з вядучых савецкіх графікаў-ілюстратараў, займаўся жывапісам (да сённяшняга дня добра памятаю яго цудоўных «Сазопальскіх рыбакоў» і «Палескіх музыкантаў») і сцэнаграфіяй (некалькі спектакляў аформіў у Купалаўскім тэатры). Словам, па ўсіх параметрах на Радзіме яго чакала «доўгае шчаслівае жыццё». Але... У маі 1980 года Барыс з сям'ёй пакінуў Мінск і аказаўся ў рэшце рэшт у Парыжы - горадзе, пра які ён марыў яшчэ з дзяцінства. Што вызначыла ягоны жыццёвы шлях? Пытанне - няпростае, але тут, я думаю, не трэба шукаць чыста ідэалагічных прычын, як гэта часта ў свой час акцэнтавалі некаторыя. Тое была, так бы мовіць, творчая эміграцыя, што і пацвярджае сам Барыс Абрамавіч: «Калі я пачаў у Парыжы з белага ліста сваё рамяство, дык адсёк усё сваё мінулае жыццё. Я вельмі добра зразумеў, што маё падарожжа на Захад стане адысеяй, мацнейшай за гамераўскую. Думаю, што вытрымаў усе спакушэнні. Калі я прыехаў, мяне сталі пытаць журналісты: «Вы з'ехалі па ідэалагічных прычынах? Вы не маглі там працаваць?» І я адразу адмёў гэты сюжэт, вырашыў, што не буду спекуляваць на дадзеным матэрыяле. Журналісты зніклі...»

Вось яшчэ адно тлумачэнне Заборава наконт сваёй эміграцыі: «У творчых адносінах я апынуўся ў тупіку, і самае страшнае для мяне зво

дзілася да таго, што не бачыў з яго выйсця. Ну, аформлю яшчэ з дзесятак кніг, атрымаю яшчэ некалькі прэмій, яшчэ трошкі сумніўнай славы. Гэтая думка станавілася ўсё больш і больш неадчэпнай. Мне здавалася, што адзінае выйсце - паехаць куды-небудзь, дзе цябе ніхто не ведае, і ўсё пачаць з нуля: словам, альбо нарадзіцца наноў у 45 гадоў, альбо памерці як мастак. Альтэрнатывы не было...»

І тады Барыс вырашыў, што новае жыццё «з нуля» трэба пачынаць толькі ў Парыжы. Але спачатку Парыж прыняў Заборава не вельмі ласкава. Было цяжка і ў творчых, і ў матэрыяльных, і ў маральных адносінах. Урэшце, амаль усе эмігранты-творцы гэты шлях прайшлі. Паступова ж усё ўпарадкавалася: дзякуючы сіле волі, незвычайнай празе тварыць, дзякуючы жонцы Ірыне і дзецям, старым і новым сябрам: ад Алега Цалкова і Атара Іяселіяні да Таніна Гуэра і Анатоля Васільева, ад Віктара Някрасава да Веніяміна Смехава і Анатоля Гладзіліна... І ўжо, калі не памыляюся, праз два гады ў парыжскай галерэі Клода Бернара адбылася першая выстаўка работ Заборава, а праз нейкі час яго жывапісныя творы пабачылі гледачы Германіі і Японіі, Галандыі і Італіі, Аўстрыі і ЗША, масквічы і пецярбуржцы - больш за 30 персанальных выставак! Забораў не забываўся і на сваю маці-Радзіму, некалькі разоў прыязджаў: першы раз - у 1994-м, удзельнічаў у Міжнародным пленэры Марка Шагала ў Віцебску, апошні- у мінулым годзе, калі прысутнічаў пры перадачы яго карціны «Гумно» ў падарунак Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі. Акурат тады і была канчаткова вызначана дата адкрыцця ягонай выстаўкі ў родным Мінску менавіта ў кастрычніку 2010 года. Якраз 16-га чысла гэтага месяца ён адзначыў юбілей.

Сёння станковы жывапіс стаў для Заборава, па сутнасці, адзінай уцехай і радасцю, хаця ў Францыі вядомыя і ягоныя праекты ў іншых галінах т

ворчасці. Дарэчы, у мінскай экспазіцыі глядач можа пабачыць і штосьці з графікі, і нават вельмі арыгінальную скульптурную кампазіцыю "Пісьменства і кніга". Дапоўню, што кніга для Заборава, пачынаючы з ранняга дзяцінства, з'яўляецца нейкім сімвалам нятленнай, неўвядаемай, неўміраючай культуры на зямлі. Але пры ўсім пры тым менавіта карціна зрабіла Заборава жывапісцам сусветнага маштабу. Так, сапраўды, яго палотны на першы погляд падобныя да павялічаных да буйных памераў дагератыпаў, дзе ўвасоблены «пакінутыя імгненні» - дзіўныя метафізічныя водбліскі персанажаў і рэчаў адышоўшага свету: зацягнутыя пацінай часу вобразы адзінокіх старых і сямейных груп, дзяцей, юнакоў, жанчын, адлюстраванне жывёл, хат, вясковых забудоў, звялых кветак, патрэсканай мэблі, кніг. Такім чынам, старая студыйная фатаграфія, дакладней кажучы, культура «дапатопнага» фота, прыцягнула ўвагу мастака ў якасці мадэлі для ягоных прыглушаных шэравата-рудых карцін і ўвабрала ў сябе нейкі працяглы ў часе і прасторы гістарычны вопыт. Такая фатаграфія з'явілася для Заборава залатым фундаментам, дзе ён з настальгічным смуткам і журбой выбудаваў свой вобраз напружанага маўклівага свету, з якім мы спалучаны нябачнымі генетычнымі повязямі. Ягоныя карціны, прынамсі, для мяне, даюць адчуванне вечнага руху часу і адначасова напамінаюць пра канечнасць прабывання чалавека на грэшнай зямлі. Аднак разбуральны час, кажа мастак, не можа знікнуць бясследна - ён жыве, пакуль жывуць выратавальныя ўспаміны...

/i/content/pi/cult/293/4866/15-2.jpg

А вось што па маёй просьбе распавёў пра творчасць свайго даўняга сябра народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч. Прывяду яго тэкст цалкам. «Нарэшце, пасля 30-гадовага перапынку, творы Барыса Заборава будуць экспанавацца на ягонай, нашай Радзіме. А пачалося ўсё з пейзажа, які мастак падарыў Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі ў лютым 2009 года. На гэтай карціне пад назвай «Гумно» адлюстравана старая, пакрытая саломай вясковая хата, якую ён у юнацтве ўбачыў у Нарачанскім краі. У сваёй парыжскай майстэрні Забораў намаляваў дзесяткі варыянтаў той хаты, што запомнілася яму на ўсё жыццё. Матыў гэты нябачнай ніткай звязаў мастака з яго Бацькаўшчынай. Але ўсё ж галоўным зместам большасці палотнаў з'яўляецца чалавек, якога ў заходнееўрапейскім мастацтве з яго бясконцымі эксперыментамі і пошукамі новых форм цалкам забылі.

Героі карцін мастака нязвыклыя. Яны, ахутаныя таямніцай, як бы вярнуліся з мінулага часу, і майстра, таленавітым пэндзлем уваскрасаючы іх, імкнецца разгадаць тайну. Забораў мякка і ненавязліва вядзе мастакоўскі дыялог з персанажамі, і ў гэты дыялог потым уключаецца і глядач. Здаецца, на яго палотнах нічога не адбываецца: людзі - заўсёды статычныя. Але глядач бачыць у іхніх вачах Лёс. Так, менавіта Лёс з вялікай літары. У некаторых партрэтах жывапісцу ўдаецца дасягнуць такіх глыбінь чалавечай душы, што міжволі ўзгадваеш вобразы Дастаеўскага.

Жывапіс Заборава стрыманы. Ён тонка мадэліруе прастору. Гэта своеасаблівае sfumatto з'яўляецца не толькі асяроддзем жыхарства забораўскіх персанажаў, але і асновай яго філасофскай ідэі. Мастак будуе свае вобразы ў традыцыях фігуратыўнага мастацтва, аднак вобразна-пластычная канцэпцыя вельмі сучасная. Ягоныя карціны патрабуюць да сябе асаблівай увагі, працяглага ўваходжання, унікання ў мастацкую прастору. І чым даўжэй іх бачыш, тым больш раскрываецца іхні глыбокі ўнутраны свет.

Творы Барыса Заборава сёння ведаюць ва ўсім свеце. І ягоная выстаўка ў Мінску - гэта, безумоўна, вялікая падзея ў культурным жыцці Беларусі..."__

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"