Удзельнікі і госці маштабнага форуму найперш наведалі залу святочных пасяджэнняў Нясвіжскай ратушы, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё канферэнцыі, у якой выказалі жаданне прыняць удзел вядомыя даследчыкі матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі. У прыватнасці, доктар філалагічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Адам Мальдзіс распрацаваў прапановы аб прынцыпах выдання "Радзівілаўскай энцыклапедыі".
І ўсё ж пераважная большасць выступленняў была прысвечана непасрэдна дзейнасці Радзівілаў у рэлігійным жыцці краіны. Сярод іншага, пра ролю магнацкага роду ў развіцці рэфармацыйнага руху на землях Беларусі распавяла вядучы палеограф Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь Людміла Іванова. Іншымі вучонымі пад час канферэнцыі раскрываліся аспекты ўзаемаадносін Радзівілаў і ўніяцкай царквы ў XVIII ст., распаўсюджвання Радзівіламі каталіцызму ў Крычаўскім старостве.
Пра ўнікальны Інвентар Нясвіжскага фарнага касцёла Божага Цела 1931 года падрабязна распавяла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Галіна Кандрацьева. А для таго, каб убачыць, што ўяўляе з сябе храм сёння, для ўдзельнікаў форуму адбылася экскурсія па Нясвіжскім фарным касцёле, дзе, да таго ж, прайшоў канцэрт арганнай музыкі з твораў Э.Гірдо.
К.А.
На здымку: Фарны касцёл у Нясвіжы.