Шляхецкія забавы або “комплекс прэстыжу”?

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Ларнетка, фрак і камізэлька

 

Шляхецкі лад жыцця па сваёй сутнасці быў арыентаваны на сярэднявечныя нормы саслоўна-карпаратыўнай этыкі, рыцарскага ідэалу. Разам з тым, побыт шляхты павольна змяняўся, у тым ліку пад уплывам знешніх фактараў, скажам, у сувязі з уздзеяннямі, звязанымі з новымі эканамічнымі і сацыяльна-палітычнымі рэаліямі.

У пэўнай ступені характар індывідуалізму праявіўся ў формах баўлення вольнага часу - нястрымнай заўзятасці да баляў і паляванняў. Аб вялікіх зменах побыту ў канцы ХVІІІ ст., звязанымі з замежнымі, пераважна французскімі, уплывамі, сведчыў гісторык Ежы Крашэўскі. Згодна з яго назіраннямі, змяніліся літаральна ўсе бакі жыцця: традыцыйным стаў строй кшталту фрака, камізэлькі, з'явілася парфума, ларнеткі. Сам стыль жыцця стаў іншы - больш гарэзлівы: жанчыны з імпэтам пачалі падарожнічаць, моладзь замест адукацыі і службы з большай ахвотай бавіла час у тэатрах, карчмах, більярдных.

Такія тэндэнцыі былі акрэслены яшчэ ў "Прамове Мялешкі" ХVІІ ст., дзе аўтар адмоўна ставіцца да знешняй дэструкцыі мясцовага ладу жыцця. Імкненне да раскошы, пачуццёвай дробязнасці ў побыце звязана з дэвальвацыяй этыкі традыцыйнага, старажытнага сарматызму, ідэалам якога быў мужны, непераборлівы ў побытавых стасунках, просты і шчыры, адданы ідэям рыцарства, Айчыны воін-шляхціч.

З другой паловы XVIII ст. пачалі ладзіцца балі па французскім узоры, а вось абраднасць сацыяльна палярызавалася, пра што можа сведчыць працэс знікнення некалі агульных для розных класаў этнасу элементаў культуры. Як і ў Заходняй Еўропе, ХVІІІ ст. на Беларусі стала векам музыкі - часам, калі гэты від мастацтва заняў пачэснае месца побач з жывапісам, архітэктурай, скульптурай. У дадзены перыяд кожны магнат лічыў ледзь не абавязковым трымаць інструментальную або вакальна-інструментальную капэлу. А, тыя, у сваю чаргу, не саступалі еўрапейскім: аркестры М.К. Агінскага, А.Тызенгаўза лічыліся аднымі з лепшых ва Усходняй Еўропе. Шляхцічы стваралі музыку і самі, яна суправаджала іх у побыце: гучала на імянінах, балях, абедах, сесіях трыбуналаў, хаўтурах.

Сярэдняя і дробная шляхта прытрымлівалася значна больш сціплага ладу жыцця, аднак дробныя шляхцічы нярэдка прысутнічалі на магнацкіх трапезах і паляваннях і - галоўнае - яны імкнуліся стылістычна пераймаць, капіраваць стыль жыцця. "Святочны" шляхецкі побыт спалучаўся з дэструкцыяй такога важнага прынцыпу рыцарскай культуры, як педантычнае стаўленне да грашовых пытанняў. Патрэба ў раскошы, "замяшаная" на славалюбстве, жаданне не адстаць ці хаця б раўняцца на магнатаў у размаху і бляску, што склалася ў своеасаблівы "комплекс прэстыжу", патрабавалі значных грашовых сродкаў, якіх шляхціч часта не меў. У выніку даволі часта даводзілася здаваць маёнтак у арэнду, закладаць, браць бясконцыя пазыкі...

Вельмі паказальнай праявай шляхецкай куртуазнасці былі пачцівыя адносіны да жанчыны. У аснове самастойнага і досыць незалежнага становішча жанчыны, якое здаўна назіралася ў Вялікім Княстве Літоўскім, была яе эканамічная свабода, заснаваная на праве маёмаснай спадчыннасці. З другой паловы ХVІІІ ст. пад уплывам французскай культуры жанчына зрабілася актыўнай удзельніцай баляў, салонаў. Пасля таго, як шляхцянка і мяшчанка пачалі браць актыўны ўдзел у свецкім жыцці, яны сталі аб'ектам асаблівай павагі і шанавання.

У кантэксце, уласцівым еўрапейскай культуры другой паловы ХVІІІ ст. і яе сентыменталісцкім плыням імкнення да ўсяго натуральнага, прыроды, моцным каталізатарам чаго стала канцэпцыя "прыроднага чалавека" Ж.Ж. Русо, былі "гульні ў вясковасць" беларускай шляхты. Найбольш яскрава яны праявіліся ў размешчаным каля Нясвіжа паркава-палацавым комплексе Альба. Там мясцовыя шляхцічы і шляхцянкі мелі свае сялянскія домікі, займаліся гародніцтвам і садаводствам, апранутыя ў сялянскую вопратку, спявалі традыцыйныя песні. Прычым традыцыйная архітэктура была прадстаўлена і іншаземнымі - фінскімі, нямецкімі - хатамі. Захапленне традыцыйнай культурай праявілася і ў жаночай шляхецкай модзе, дзе досыць экзатычна спалучалася з модай на антычнае адзенне і звычаем фларыстычнага аздаблення вялікіх ракайльных прычосак.

 Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук

На здымках: Міхал Казімір Агінскі ў вопратцы другой паловы XVIII ст.;

бутлік і люстэрка з Урыцкай мануфактуры, канец XVIII ст.