У гурток — па конкурсе

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

У нашым Гарадку ёсць Дом рамёстваў і фальклору. Тут працуюць 11 майстроў, якія ўзначальваюць 14 гурткоў. Рамеснікі сістэмна адраджаюць традыцыйныя лозаі саломкапляценне, ткацтва, вязанне кручком…

/i/content/pi/cult/293/4860/12-5.jpg

Чарговая мастацкая выстаўка ў РДР атрымала назву "Майстар і Час" і распавядала пра творчасць майстра Васіля Сіманковіча.

Васіль Паўлавіч кіруе гуртком па лозапляценні. У экспазіцыі ён прадставіў пано, вазачкі для раслін, падносы, талеркі, выгляд якіх пацвярджае: традыцыйнае рамяство - сапраўднае мастацтва.

Васіль Сіманковіч пастаянна кажа: "Лепшы спосаб для творчага самасцвярджэння - гэта паспрабаваць навучыць свайму ўменню іншага, перадаць свае веды, досвед, каб наша традыцыя мела гарантаваны працяг". Трапіць у гурткі Дома рамёстваў і фальклору - вялікая ўдача для дзяцей і іхніх бацькоў. Сярод гурткоўцаў, да прыкладу, Саша Давыдаў - вельмі яркі талент. Стаў ён студэнтам Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, але ў вольны ад вучобы час працягвае працаваць разам са сваім настаўнікам - Васілём Сіманковічам. Гэткі ж інтарэс да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - у гурткоўцаў Юрыя Чыркова, Леаніда Конана...

Сын і дачка Васіля Паўлавіча, хоць і вучацца ва ўніверсітэтах, але не забываюцца на мастацтва, з якім калісьці пазнаёміў іх бацька. Сын па-ранейшаму працягвае займацца лозаі саломкапляценнем, а дачка - вышываннем.

Аліна БАСТАВА

Гарадок