Яшчэ ў пачатковай школе настаўніца Алена Грыб заўважыла ў Вікі здольнасці да малявання. Менавіта яна і параіла бацькам аддаць дзяўчынку ў мясцовую Дзіцячую мастацкую школу. Так тыя і зрабілі.
Пасля дзевятага класа Вікторыя паступіла ў Маладзечанскае музвучылішча на аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у 2009-м паспяхова яго скончыла. А з восені мінулага года з'яўляецца членам народнага клубнага аб'яднанння "Майстар".
У выставачнай зале Палаца культуры экспануюцца мастацкія вырабы з ільну, паперы, саломкі. Кожная работа адметная па-свойму. Адразу ўвагу прыцягвае яркая "Жар-птушка", не пройдзеш міма "Ляснога вартаўніка", прыпынішся і каля выцінанкі "Жаночая доля"...
Ёсць тут і пано, лялькі, мяккія цацкі. Нямала міфалагічных істот: дамавікі, кот Нафаня, павучок, мухі, кажан...
Прадстаўленыя творы аб'яднаны ідэяй адлюстравання сутнасці чалавецтва праз індывідуальнае і эмацыянальнае ўспрыманне. У работах Вікторыі вобразнасць перадаецца аўтэнтычным, сімвалічным і рэалістычным метадамі. Зрэшты, залішне казаць, што выстаўка "Чароўныя вобразы" створана на аснове беларускай міфалогіі і фальклору.
Надзея СТАНКЕВІЧ Маладзечна
На здымку: гледачамі экспазіцыі сталі мясцовыя школльнікі.