За два дні наведана шэсць аграгарадоцкіх устаноў: Усялюбская сельская бібліятэка, Цэнтр сацыяльна значнай інфармацыі, Ладзеніцкая сельская і Пятрэвіцкая сельская бібліятэкі Навагрудскай ЦБС; Юрацішкаўская гарпасялковая, Ліпнішкаўская бібліятэка-краязнаўчы цэнтр, Геранёнская сельская бібліятэка Іўеўскай ЦБС, а таксама абедзве цэнтральныя ўстановы.
Кожная з іх "абараняла" свой прыярытэтны накірунак дзейнасці. У Навагрудскай ЦБС прадэманстравана работа па рэалізацыі інфармацыйнай, адукацыйнай і культурна-масавай задач. Бібліятэкары правялі майстар-класы па забеспячэнні насельніцтва сацыяльна значнай інфармацыяй, фарміраванні культурна-маральнага асяродка вёскі. Калегі з Іўеўшчыны паказалі дзейнасць па адраджэнні і захаванні народнай спадчыны, выхаванні ў дзяцей патрыятычных пачуццяў і беражлівых адносін да прыроды.
Бібліятэкары аграгарадкоў Навагрудскай ЦБС самастойна ствараюць электронныя прэзентацыі, выдаюць памяткі, буклеты, бібліяграфічныя паказальнікі. Усё гэта было прэзентавана калегам з Іўеўшчыны. Паказаны электронныя прэзентацыі вёсак Уселюб і Пятрэвічы. Ладзеніцкая СБ пахвалілася сваімі выданнямі па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяродку.
Кіраўніцтва аддзелаў культуры і ЦБС, а таксама загадчыкі аддзелаў цэнтральных раённых бібліятэк казалі аб арганізацыі ўстаноў у аграгарадках. Былі абмеркаваны канцэпцыя фарміравання фондаў, а таксама новыя магчымасці абслугоўвання, звязаныя з укараненнем публічных цэнтраў прававой інфармацыі. Засяроджвалася ўвага на асобе бібліятэкара: менавіта ад яго падрыхтаванасці залежыць якасць абслугоўвання чытачоў. Пад час сустрэчы былі паказаны спецыяльныя і агульнакарыстальніцкія сайты для бібліятэкараў.
Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай цэнтральнай раённай бібліятэкі