"Перадстартавая" "Перадстартавая" эвалюцыя патрабуе кадраў

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Каб скласці банк патэнцыялу Астравеччыны...

 

Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"

 Адраджэнне і развіццё сяла: самадастатковасць аддзела культуры

 Атамная электрастанцыя, як вядома, будзе ўзведзена на тэрыторыі Астравецкага раёна. Мяркуецца, што першая яе чарга пачне дзейнічаць у 2016 годзе. Старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Кавалька перакананы: раён - на парозе надзвыч/i/content/pi/cult/293/4855/10-1.jpgайных і лёсавызначальных змен. Астравеччына на сёння - выключна сельскагаспадарчая па сваёй вытворчай структуры. Але ўжо цяпер у гарпасёлку з'явілася сучаснае жыллё для будаўнікоў АЭС, поўным ходам вядзецца пашырэнне пад'язных шляхоў. Узнікне станцыя - на парадкі павялічыцца насельніцтва рэгіёна. Натуральна, значным чынам пашыраецца ў маштабах і сацыякультурная структура.

Па меркаванні Адама Кавалькі, рэгуляваць гэтымі працэсамі ўнікальнага пераўтварэння - гонар для любога кіраўніка. Гонар, але і адказнасць - бязмежная. Да прыкладу, установы культуры гарпасёлка і сяла, як перакананы старшыня Астравецкага райвыканкама, хоць і выходзяць сёлета на выкананне зададзеных паказчыкаў, але да заўтрашняй дзейнасці ва ўмовах глабальных змен у значнай ступені яшчэ не гатовы. Начальнік аддзела культуры Сяргей Сяўко ставіцца да ўласнай самарэалізацыі не менш прынцыпова, таму культработнікі гарпасёлка і сяла працуюць сёння ва ўнікальным рэжыме падрыхтоўкі. Словам, стандартная "сціпласць" калег з іншых раёнаў і абласцей, што кажуць: "У нас усё, як ва ўсіх", Астравеччыне ўжо цяпер ніяк не пасуе.

 Народ пытаецца і прапануе

 "Пакуль ад часу адстаём"

Невыпадкова, напэўна, атрымалася, што асноўныя праблемы рэгіянальнай культуры агучылі якраз не, так бы мовіць, пабочныя назіральнікі, а менавіта гарпасялковыя і сельскія работнікі галіны. Пагадзіцеся, досыць сімпатычная тэндэнцыя памкненняў да прафесійнай самадастатковасці.

 Мікалай Сафранкоў, начальнік гаспадарчай групы аддзела культуры:

- Структура наша не мае аўтамабіля, перабіваемся, як той казаў, "выпадковым" транспартам. А аб'ёмы работ у нас - далёка не малыя: толькі сёлета на бягучых рамонтах устаноў культуры ў аграгарадках асвоілі 70 мільёнаў рублёў...

 Святлана Карэйва, дырэктар Гервяцкага дома рамёстваў:

- Вельмі малое памяшканне ў Дома рамёстваў: усяго толькі адзін пакойчык у мясцовым СДК. Да таго ж, няма ў гэтым пакойчыку вокнаў, а значыць - і дзённага святла. Між тым, займаецца ў нашых гуртках 12 дзетак, перш-наперш ім належныя ўмовы патрэбны. Няма пакуль і салона па рэалізацыі сувеніраў, а турыстаў у Гервятах заўжды шмат: усе жадаюць на наш знакаміты касцёл паглядзець, якому на Беларусі няма роўных...

Алена Мікалаеўна, служачая з Астраўца:

 - Шкада, што няма ў райцэнтры музея. Вось павялічыцца неўзабаве насельніцтва раёна, а нам, як быццам, і давесці гасцям немагчыма, што Астравеччына мае адметную гісторыю. А калі хто з іх запытаецца, чаму назвы ў нашых вёсак такія ўнікальныя: Палесціна, Малі, Філіпаны, Чэхі, Германішкі, Літвяны, дык хто ім патлумачыць?..

 Ганна Якубцэвіч, бібліятэкар аграгарадка "Рытань", што быў здадзены летась:

 - Сорамна казаць, але няма ў нашай сельскай бібліятэцы камп'ютара. А ў зоне абслугоўвання ўстановы - 18 населеных пунктаў, а гэта - 500 чытачоў... Словам, пакуль ад часу адстаём.

Старшыня Астравецкага райвыканкама Адам КАВАЛЬКА пагадзіўся на сустрэчу адразу і без спасылак на відавочную занятасць. Аргументаваў годна: сустрэча з прэсай - частка ягонай працы. Маўляў, перспектывы раёна як і праблемы яго - пытанні галосныя, а эфектыўнае іх вырашэнне - справа дзяржаўная, а значыць - агульная. Таму загадзя абумоўлены мною гадзінны рэгламент сустрэчы быў у добрым сэнсе слова значна "парушаны" на карысць газеты. У гаворцы прымаў удзел і начальнік аддзела культуры Астравецкага райвыканкама Сяргей СЯЎКО.

 Яўген РАГІН:

 - Адам Дзмітрыевіч, як, на ваш погляд, павінен працаваць сёння аддзел культуры напярэдадні надзвычайных сацыяльных змен?

Адам КАВАЛЬКА:

 - Кіраўнік нашай дзяржавы падпісаў Указ, паводле якога першая атамная станцыя ў Беларусі будзе ўзводзіцца менавіта на астравецкай пляцоўцы. І гэтае рашэнне наўпрост паўплывала і на развіццё нашай культуры. Раней у рэгіёне быў такі кірунак: давесці да ладу ўстановы культуры ў Астраўцы, у цэнтрах сельсаветаў. Цяпер мы пачалі думаць пра карэннае змяненне і колькасці гэтых устаноў, і прафесійнасці, якасці іх працы... У райцэнтры сёння - 8,5 тысячы насельніцтва, а ў /i/content/pi/cult/293/4855/10-2.jpgмомант пуску першага рэактара будзе 30 тысяч. Ужо распрацаваны генплан развіцця Астраўца, ён - на стадыі зацвярджэння. Думаю, цягам месяца працэдура будзе завершана. У снежні мяркуецца канчаткова сфарміраваць межы Астраўца, надаць гарпасёлку гарадскі статус. Ён убярэ ў сябе тры сельскія населеныя пункты. І, натуральна, найпершая наша задача - стварэнне належнай сацыякультурнай інфраструктуры. Пабудуем 4 школы, 12 дзіцячых садкоў... Значна пашырыцца і сетка ўстаноў культуры, таму аддзел павінен працаваць цяпер у выключна напружаным рэжыме. Тым больш, што на развіццё культуры дзяржава выдаткоўвае больш за 110 мільярдаў рублёў.

Яўген РАГІН:

 - Сяргей Лявонцьевіч, вы "насычалі" генплан у частцы яго культурнага складніка. Канкрэтызуйце, калі ласка, свае прапановы.

Сяргей СЯЎКО:

- Будуць пабудаваны яшчэ дзве ДШМ (адна ўжо ёсць), маштабны Культурна-дасугавы цэнтр з дзвюма глядзельнымі заламі (адна - на 700 месцаў, другая - на 300), боўлінг-клубамі і сваім тэлебачаннем, бібліятэкай з камп'ютарнымі класамі... І ў кожным мікрараёне горада прадугледжана па маладзёжным цэнтры... Новае памяшканне атрымае, урэшце, Дом рамёстваў у Астраўцы... З'явіўся рэальны шанц увасобіць мары ў жыццё. З усяго, што ёсць у сферы культуры на Беларусі (дый не толькі), выбіралі лепшае... Безумоўна, наперадзе - напружаная праца.

Адам КАВАЛЬКА:

 - Нам неабходна вельмі сур'ёзна заняцца ў раёне маладзёжнай палітыкай, фарміраваннем кадравага складу ўстаноў культуры. Я перакананы, гэта цяпер выключна важна. На сёння ж, лічу, нашы кадры няздольныя працаваць з аддачай у рэчышчы плануемых змен... Мы адсочвалі развіццё аналагічных "атамных" гарадоў Расіі, Францыі, Велікабрытаніі, Украіны. Усё вельмі няпроста. Так, мы пастараліся пралічыць уласную будучыню - не толькі ў аб'ёмных паказчыках, але і ў грашовых. Цяпер усё зводзіцца да кадраў. Якімі будуць самадзейнае мастацтва, эстрада, што за накірункі дзейнасці абяруць для сябе школы мастацтваў, два нашы дамы рамёстваў?

 Яўген РАГІН:

- Банк патэнцыйных кадраў ужо існуе?

 Сяргей СЯЎКО:

- Даслалі свае прапановы ва ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь... Дасугавы цэнтр у Астраўцы, да прыкладу, будзе высокатэхнічнай установай, і тут спецыяліст без адукацыі стане проста баластам.

Яўген РАГІН:

- Горад, несумненна, акажацца ўзорам для сяла... Дарэчы, якая тут сёння сітуацыя з выкананнем Дзяржпраграмы яго адраджэння і развіцця?

 Адам КАВАЛЬКА:

 - З рамонтам устаноў культуры, як вы пераканаліся, ніякіх праблем...

 Сяргей СЯЎКО:

- Менавіта з раённага бюджэту на гэтыя мэты выдаткоўваецца штогод 500 - 600 мільёнаў рублёў, сёлета - мільярд...

Адам КАВАЛЬКА:

 - Але зноў вяртаюся да кадраў. Праблема - адна з балючых. Ці ж гэта справа, калі ў цудоўных па матэрыяльна-тэхнічнай базе ўстановах працуюць безыніцыятыўныя людзі? У вёсках Малі, Гервяты - вялізныя СДК, а гаспадароў сапраўдных не было... Такі прыклад прывяду: ёсць сельская бібліятэка ў вёсцы Палушы, і ёсць вялізны пасёлак Гудага з дзвюхтысячным насельніцтвам, а ўся моладзь ідзе ў Палушы, таму што там маладая бібліятэкар - "запальнічка", бо хлопцаў і дзяўчат якраз-такі за сабой вядзе... І яшчэ сітуацыя: Гервяты - вялізнае сяло, цудоўны аграгарадок, тут дыхтоўны СДК, а моладзь ідзе ў пошуках адпачынку ў вёску Варона, бо там ёсць неблагі арганізатар цікавых спраў... Вось такіх кіраўнікоў нам і не стае ў буйных сядзібах сельскіх гаспадарак. А яшчэ з паўдзесятка гадоў таму ў нас і ў буйных вёсках асаблівага развароту не было. За шэсць гадоў (якраз цягам гэтага тэрміну і кіруе аддзелам Сяргей Сяўко) зроблена, канешне, многае.

 Яўген РАГІН:

- І ўсё ж: якой бачыцца кадравая палітыка?

Адам КАВАЛЬКА:

- Я заўжды імкнуўся сканцэнтраваць лепшых спецыялістаў у Астраўцы, які павінен ператварыцца ў штаб па эфектыўнай метадычнай падтрымцы сяла. Хоць і не выключаю таго, што ў вёсках з'явілася ўжо шмат цікавых прафесіяналаў... Я памятаю, як дзесяць гадоў таму прыступіў да працы ў Астраўцы ў якасці старшыні райвыканкама. Не было ж ніякіх умоў для маладзёжнага адпачынку. Частка на стадыёнах сядзела, а частка - у парку, дзе на здаровы лад жыцця і намёку не было! Прыблізна тое ж убачыў і на сяле. Для таго, каб зацікавіць моладзь, спачатку неабходна было стварыць належную матэрыяльную базу ўстаноў кульутры. Гэты этап мінуў. Цяпер патрэбна якасць мерапрыемстваў, і тут без высокага прафесіяналізму проста не абысціся.

Яўген РАГІН:

- План па аказанні платных паслуг у раёне сёлета выконваецца з вялікім напружаннем. У гэтым, лічыце, - таксама паказчык кадравай прафесійнасці?

 Адам КАВАЛЬКА:

- Завітала да мяне аднойчы дырэктар РДК Святлана Куцько і кажа: "Для таго, каб зарабляць дастаткова, трэба больш канцэртаў даваць, а сцэнічныя касцюмы мы самі шыем..." Пытаюся: "Навошта вы гэта робіце? Колькі грошай на касцюмы неабходна?" Аказалася, - шэсць мільёнаў. Натуральна, знайшлі мы гэтыя грошы... Я да чаго: калі чалавек - на месцы, дык ён ва ўсіх сферах дзейнасці імкнецца самарэалізавацца, у тым ліку і ў пазабюджэтнай, але/i/content/pi/cult/293/4855/10-3.jpg не заўжды гэта атрымліваецца з аб'ектыўных прычын... Кажу пра прэстыж прафесіі. Калі з'явяцца ў клубах і бібліятэках сапраўдныя інтэлектуалы, дык і планы з лёгкасцю будуць выконвацца.

Сяргей СЯЎКО:

- Усё гэта, натуральна, так, але я, да слова, і падаткаабкладанне пазабюджэтнай дзейнасці крыху прапанаваў бы знізіць. А то пакуль так атрымліваецца: зарабляем мы, скажам, сто тысяч, шэсцьдзясят з іх ідуць на падаткі, а трэба яшчэ за камуналку заплаціць, зарплаты выдаць... У выніку рэальны даход не перавышае сямі працэнтаў.

Адам КАВАЛЬКА:

 - А я думаю, не да месца тут нейкія палёгкі. Трэба зрабіць так, каб у культуры, у тым ліку сельскай, працаваць было выгадна, каб мы конкурс вакансій на пасаду кіраўніка СДК абвяшчалі. Тады кожная ўстанова неўзабаве стане брэндавай.

Яўген РАГІН:

- А на сёння колькі іх?

 Сяргей СЯЎКО:

 - Гэта РДК, Дом рамёстваў у Астраўцы, Літоўскі цэнтр у Рымдзюнах, пра які "Культура" пісала два гады таму...

 Адам КАВАЛЬКА:

 - Скажу сцісла: брэндам для Астравецкага раёна павінен служыць аддзел культуры. Але над гэтым трэба працаваць і працаваць.

Яўген РАГІН:

- Давайце канкрэтызуем далейшыя мэты.

Адам КАВАЛЬКА:

- Хачу, каб на канцэрты нашай самадзейнасці людзі ішлі з большай ахвотай, чым на выступленні заезджых зорак. І не толькі на канцэрты... Я ўсё пра тое ж: па маім загадзе першай камп'ютарызавалі сельскую бібліятэку ў Завідзінентах. З той простай прычыны, што амаль усе мясцовыя дзеткі пасля заняткаў у школе беглі менавіта ў гэтую бібліятэку - сапраўды брэндавую для наваколля.

Яўген РАГІН:

 - Я даведаўся сёння, што ў аддзеле культуры з транспарту - па сутнасці, адна старэнькая "Волга". Таксама праблема.

Адам КАВАЛЬКА:

- Трэба прадугледзець гэта ў бюджэтных асігнаваннях... Зрэшты, грошы для гэтага ёсць... Згодны, транспарт патрэбны.

Сяргей СЯЎКО:

 - Вельмі вялікія грошы плацім за арэнду аўтобусаў для выязных канцэртаў. Арэнда, па сутнасці, усе нашы заробкі "з'ядае".

 Адам КАВАЛЬКА:

- Ніколі не адмаўляюся фінансаваць культуру. Канкрэтныя сумы грашовых уліванняў з раённага бюджэту ўжо былі агучаны.

Яўген РАГІН:

- І гэта прытым, што раён датуемы на 80 працэнтаў. Мо раскрыеце фінансавы сакрэт?

Адам КАВАЛЬКА:

 - Ніякіх сакрэтаў: спонсарская дапамога - як знешняя, так і ўнутраная.

 Яўген РАГІН:

 - Ці прадугледжана вамі ў перспектыве канкурэнцыя на культурнай прасторы раёна? Ці аддзел культуры тут манапаліст?

Адам КАВАЛЬКА:

- Без канкурэнцыі руху наперад няма... Вы, напэўна, маеце на ўвазе нашы рэстараны, дзе не толькі патанцаваць прапаноўваюць... Лічу, што яны не павінны быць канкурэнтамі нашаму аддзелу культуры, якому ўжо цяпер неабходна займаць усе магчымыя нішы культурнага абслугоўвання насельніцтва.

Яўген РАГІН:

 - Гарадскі лесапарк стаў такой нішай?

Адам КАВАЛЬКА:

 - Пакуль не даб'юся таго ніяк. Набыў аддзел надзіманую горку. Можна падключаць гандаль і зарабляць на атракцыёне рэальныя грошы. Не сыходзіць у спрыяльны для выніковай працы час у адпачынкі, а - зарабляць...

Яўген РАГІН:

- Мы ўшчыльную падышлі да канкрэтных праблем...

Адам КАВАЛЬКА:

- Адна з іх - недахоп харэографаў. Што могуць зрабіць два спецыялісты, калі ў раёне чатыры з паловай тысячы дзяцей?

Сяргей СЯЎКО:

- Акцэнт заўжды рабілі на "дамарослыя" кадры. Сёння ў нас 19 завочнікаў, што атрымліваюць вышэйшую адукацыю, 17 мэтавікаў... Усяго - 260 работнікаў, а ў перспектыве толькі ў новых установах культуры райцэнтра будзе працаваць больш за 200!

 Яўген РАГІН:

 - Наколькі ведаю, у Астраўцы праблема з канцэртнай залай?

 Сяргей СЯЎКО:

 - Яны ёсць у РДК і ДШМ, але пакуль не адрамантаваныя, і там усяго па 200 месцаў. Каб дасягнуць акупнасці, трэба, каб білет каштаваў 40 - 50 тысяч рублёў, а народ плаціць іх пакуль не гатовы. Зала ў кінатэатры нам не належыць, мы яе арандуем.

Адам КАВАЛЬКА:

- У рамонт кінаканцэртнай залы ўклалі 2 мільярды рублёў. Нядаўна падрыхтавалі эканамічнае абгрунтаванне мэтазгоднасці аб'яднання кінавідэапракату і аддзела культуры. Сам пракат, як гэта цяпер добра бачна, сябе ўтрымліваць не можа. Таму ад стратнага прадпрыемства будзем з часам пазбаўляцца.

 Яўген РАГІН:

- Вы часта, Адам Дзмітрыевіч, наведваеце канцэрты мастацкай самадзейнасці. Ці ёсць прэтэнзіі да іх якасці?

Адам КАВАЛЬКА:

 - За дзесяць гадоў маёй працы ў раёне ўсялякае было. У 2000 - 2003-м не мог ніяк зразумець: чаму культура ў нас такая адсталая? Пачаў ездзіць на дні сельвыканкамаў, дзе разглядаліся пытанні гандлю, адукацыі, аховы здароўя, культуры... Паставіў задачу пракантраляваць усе сельскія ўстановы. А ў Цюменішках на той час якраз працаваў у школе мастацтваў Сяргей Сяўко. Аказалася, што праца з насельніцтвам тут пастаянна лепшая, чым у райцэнтры. Запытаўся ў тагачаснага начальніка аддзела культуры: "Чаму так атрымалася?" Гэтак жа няблага ў Рытані сельскія культработнікі дзейнічалі. Пачаў збіраць лепшых у райцэнтр. Так Сяўко стаў кіраваць раённай культурай.

Яўген РАГІН:

 - Кіраўнік раёна адказвае за ўсё. Але якая са сфер дзейнасці, якая райвыканкамаўская структура вам мілейшая за ўсё?

 Адам КАВАЛЬКА:

- Заўжды закладаю на "руцэ" - чатыры "пальцы": гэта медыцына, адукацыя, культура і жыллёва-камунальная гаспадарка. Аднолькава важныя для мяне і нашага насельніцтва дзялянкі працы. Але, мяркуючы па штогадовых матэрыяльных укладаннях, культура ўсё ж вылучаецца. І тлумачэнне тут простае: чалавек пастаянна прагне свята. А яго нам стварае аддзел культуры. І яшчэ немалаважны нюанс: выдаткаваныя грошы культура заўжды паспяхова асвойвае, чаго іншым разам не скажаш пра нашу адукацыю... Значыць, у аддзеле культуры і кіраўнік - на месцы, і падначалены яму калектыў на многае здольны... Памятаю, як ледзь сэрца ў мяне не абарвалася, калі на першым канцэрце, што я ўбачыў у Астраўцы, дзеці-танцоры выйшлі на асфальтавы пляц у адных... шкарпэтках, бо чэшак у іх не было. Мы потым доўга з гэтым разбіраліся, высвятлялі: што ж трэба нашай культуры ў першую чаргу, каб не выглядаць, мякка кажучы, занядбанай?..

 Яўген РАГІН:

- Я зноў - аб праблемах. У бібліятэцы аграгарадка "Рытань" няма камп'ютара, а мясцовая спецыялістка ўмее ім карыстацца і чакае, калі займее выхад у Інтэрнэт.

Сяргей СЯЎКО:

- Я цудоўна ведаю пра гэтую праблему. Грошы на набыццё тэхнікі ў нас ёсць: у выніку аптымізацыі ўстаноў культуры нядаўна быў прададзены з аўкцыёну будынак СДК у вёсцы Газа. Так што даўгоў па Дзяржпраграме адраджэння і развіцця сяла, калі казаць пра камп'ютарнае забеспячэнне, у нас не будзе.

Яўген РАГІН:

- Вернемся да генеральнай тэмы нашай размовы. Перспектывы ў раёна - унікальныя, аналагаў на Беларусі не маюць. Вас чакаюць пяць гадоў сістэмнай эвалюцыі, але і пяць гадоў выпрабаванняў: гаспадарчых, арганізацыйных, творчых. З якімі пачуццямі, эмоцыямі ўваходзіце ў новую пяцігодку?

Адам КАВАЛЬКА:

 - Ёсць фраза, што Сяргей Лявонцьевіч у мяне "пазычыў": "Не страшна, а - цікава". У гэтым - сутнасць таго, чаму я не сышоў з пасады старшыні райвыканкама, хоць было шмат прывабных прапаноў. Але... Не ў кожнай дзяржаве, не кожны год прымаюцца лёсавызначальныя рашэнні аб будаўніцтве атамнай станцыі, аб змяненні статуса райцэнтра, аб пашырэнні магчымасцей раёна... У мяне ўжо цяпер 40 - 50 працэнтаў рабочага часу ідзе менавіта на гэты, выключна важны для нашай краіны, аб'ект... Гэта сапраўды цікава: быць у цэнтры падзей, што наўпрост паўплываюць на дабрабыт усёй Беларусі.

Дэталь да агульнай карціны

Палесціна, Чэхі і Малі...

Па меркаванні начальніка аддзела культуры Астравецкага райвыканкама Сяргея Сяўко, гэтыя і іншыя "геаграфічныя" назвы вёсак з'явіліся ў раёне цягам пазамінулага стагоддзя, калі на радзіму вярнуўся першы консул Расіі ў Японіі, вандроўнік, палітык і мецэнат Іосіф Гашкевіч. Ягонай выбітнай постаці ў будучым музеі Астраўца будзе адведзена пачэснае экспазіцыйнае месца.

У райцэнтры музея няма, але ў вёсцы Барані 2 кастрычніка ўжо з'явіўся яго філіял - Дом-музей пісьменніка Казіміра Сваяка. Сённяшняя неадкладная задача - стварыць музей раённы.

Вось меркаванне намесніка старшыні Астравецкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Віктара Свіла:

- Гэта будзе "візітоўка" - тэматычны музей, канцэнтрацыя экспанатаў якога тлумачыцца слоганам "Сем колераў нацыянальнай вясёлкі". Сёння ў нас жывуць беларусы, палякі, літоўцы, не парываюцца гістарычныя сувязі са шведамі, немцамі... Этнічную ўнікальнасць і адлюструем у музейнай справе. Аўтар ідэі - Адам Мальдзіс. Паверце, мёртвым музей не будзе, бо ў раёне рэалізоўваецца найважнейшы дзяржпраект: будоўля атамнай станцыі. Насельніцтва раёна значна павялічыцца. І музей павінен захаваць гісторыю старога сельскагаспадарчага раёна, павінен пачаць летапіс раёна новага - індустрыяльнага...

Фонд для музея ёсць, экспанатаў хапае. Няма пакуль будынка. Па словах Віктара Свіла, для гэтага стане прыдатны будынак колішняга вадзянога млына, які цяпер перададзены на баланс аддзела культуры.

Калі методыка - платная

У Раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці ёсць свой план па аказанні платных паслуг. Сёлета ён складае 3 мільёны 500 тысяч рублёў. Як запэўнівае кіраўнік установы Вольга Турубарава, заданне будзе выканана без перашкод. Як жа зарабляюць метадысты? Не толькі на аналітыцы, але і на творчасці.

У метадцэнтры - сем спецыялістаў, што пастаянна курыруюць сельскія клубныя ўстановы па самых розных кірунках масавай работы. Калі пад час рэгулярных праверак высвятляецца, што пэўнае мерапрыемства вясковых клубнікаў не карыстаецца сярод насельніцтва асаблівым попытам, метадцэнтр бярэ на сябе функцыю "гуляючага трэнера". Інакш кажучы, тлумачыць Вольга Рычардаўна, метадысты самі ладзяць на вясковых сцэнах самыя розныя платныя імпрэзы, рэалізоўваючы ўласныя творчыя праекты. Білеты на такія мерапрыемствы заўжды раскупляюцца. Словам, за адзін раз і вучэбны практыкум для супрацоўнікаў СК ды СДК ладзіцца, і грошы ў "скарбонку" РМЦНТ ідуць. А клубнікам - "фінансавы" ўрок: ці самім крэатывам зарабляць, ці саступаць сцэну "канкурэнтам".

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Астравецкі раён - Мінск

 Фота аўтара

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"