Гульні з класікамі, або Канцэпцыі фрагментаў

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Студыя “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” прэзентавала адразу дзве біяграфічныя стужкі, прысвечаныя легендарным постацям беларускага слова. Карціны Яўгена Сяцько “Свет Караткевіча” і Ірыны Волах “Зоська Верас” распавядаюць аб жыцці і творчасці класікаў нацыянальнай літаратуры. Кожны з рэжысёраў падышоў да сваёй задачы арыгінальна, паспрабаваўшы за невялікі час перадаць праз экран значнасць згаданых постацей.

/i/content/pi/cult/293/4854/9-4.jpg

Карціна Яўгена Сяцько з'явілася ў год святкавання 80-годдзя аўтара "Каласоў пад сярпом тваім", "Дзікага палявання караля Стаха" ды іншых знакавых для беларусаў твораў. Пабудавана яна па класічнай біяграфічнай схеме: рэжысёр разам з аўтарам сцэнарыя Уладзімірам Марозам вядуць аповед ад нараджэння будучага пісьменніка да яго заўчаснага сыходу. Перад гледачом паўстаюць краявіды этапных для жыццяпісу Уладзіміра Караткевіча мясцін: куткі роднай Аршаншчыны, муры сабораў і сцены філфака Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, украінская вёска, дзе два гады настаўнічаў, Рагачоў, у якім жыў пасля вяртання на Радзіму, ды сціплы мінскі кабінет... Нягледзячы на, здавалася б, вялікую насычанасць візуальнага шэрагу, функцыя асноўнага расказчыка аддадзена рэжысёрам закадраваму тэксту. Маналагічны аповед "пад карцінку" колькі разоў перарываецца інтэрв'ю з экспертамі, якія надаюць вобразу Караткевіча ў стужцы Яўгена Сяцько пэўную афарбоўку. Прысутнічае ў фільме і хроніка ў выглядзе фотаздымкаў ды фрагмента тэлевізійнага запісу святкавання юбілею пісьменніка ў 1980 годзе.

 Па сваёй форме "Свет Караткевіча" бліжэй да адукацыйнай перадачы, прызначанай для тых, хто толькі пачынае цікавіцца асобай пісьменніка. Натхнёныя жаданнем распавесці аб біяграфіі пісьменніка, аўтары, аднак, ахвяравалі шматлікімі фактамі яго жыцця і творчасці: у стужцы адсутнічаюць многія назвы і сапраўды важныя даты. Непасрэдны "свет" Уладзіміра Караткевіча паказаны надта фрагментарна; пасля прагляду застаецца незразумелым, якім чынам хлопец з Оршы, няхай сабе і выпускнік слыннай навучальнай установы са шляхецкімі каранямі, стаў самым папулярным беларускім аўтарам... Канцэпцыя "Свету Караткевіча" відавочна супярэчыць сама сабе: калі фільм разлічаны на неафітаў, дык варта было зрабіць яго больш інфармацыйна насычаным; калі ж аўтарам хацелася выказаць асабістую павагу Уладзіміру Сямёнавічу і яго творчасці, тады карціна павінна была выглядаць больш арыгінальна. Нават пры беглым аглядзе творчай і жыццёвай спадчыны Караткевіча можна вылучыць вялікую колькасць "белых плям", даследаванне якіх можа даць вельмі цікавы матэрыял для экраннай дакументалістыкі.

Тое ж тычыцца выкарыстанага ў "Свеце Караткевіча" ілюстрацыйнага матэрыялу. Здымачная група наведала ды сумленна зафіксавала вышэйзгаданыя, знакавыя для Караткевіча, мясціны, а таксама людзей, з якімі лёс зводзіў пісьменніка. Аднак большасць гэтых здымак не мае сэнсавага значэння і выступае толькі фонам для дыктарскага аповеду. Дарэчы, закадравы тэкст у стужцы, хаця і прасякнуты пэўным пафасам, на жаль, не нясе нейкай асаблівай эмацыйнай нагрузкі. Высокія трагічныя ноткі "Свету Караткевіча", на жаль, ніяк не дапамагаюць гледачу, асабліва- маладому, адчуць рознабаковы характар асобы творцы і яго кніг./i/content/pi/cult/293/4854/9-3.jpg

 Стужка Ірыны Волах "Зоська Верас" карацейшая па часе - 10 хвілін ("Свет Караткевіча" - 27), але выглядае куды больш цэласнай. У ёй прысутнічаюць усе тыя ж элементы, што і ў фільме Яўгена Сяцько, аднак ілюстратыўны матэрыял у выглядзе фотакартак куды больш цікавы і насычаны. Карціна ў асноўным пабудавана на эфекце параўнання: архіўныя фатаграфічныя віды гарадоў, лёсавызначальных для паэткі Зоські Верас (Людвікі Сівіцкай-Войцік) - Гродна, Мінска, Вільні, - вельмі трапна змяняюцца сучаснымі кадрамі тых жа мясцін ды будынкаў. Такім чынам, гісторыя ў стужцы Ірыны Волах не толькі ажывае, але аказваецца наўпрост звязанай з сучаснасцю. Закадравы тэкст з'яўляецца ў фільме "Зоська Верас" асноўнай сувязной канструкцыяй, якая, тым не менш, гарманіруе з візуальным шэрагам. Фрагменты біяграфіі пісьменніцы, фотаі кінахроніка дапамагаюць дасягнуць галоўнага станоўчага эфекту карціны: адчування старасвецкай атмасферы і характару гераіні. Стужка Ірыны Волах - невялікі, але насычаны нарыс, які мае на мэце зацікавіць масавага гледача адной са знакавых постацей нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Падаецца, такую задачу яна выконвае.

На здымках: кадры з фільмаў "Зоська Верас" і "Свет Караткевіча".