З лічбавым прысмакам

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Летуценны настрой плюс ціхая музыка — так звычайна адкрываюцца выстаўкі традыцыйнага жывапісу. Але арганізатары II Мінскага міжнароднага фестывалю лічбавага мастацтва “Terra Nova” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі паказалі іншым сталічным галерэям сапраўдны майстар-клас па тым, як правесці запамінальны вернісаж для маладой аўдыторыі, прэзентуючы ёй творчасць аднагодкаў. Адкрыццё форуму ўяўляла з сябе надзвычай удалы, гарманічны сінтэз сучасных мастацтваў.

/i/content/pi/cult/293/4850/7-5.jpg

Паўзмрок, амаль дыскатэчнае лазернае святло, рытмічная электронная музыка, дынамічны хіп-хоп з элементамі R'n'B - усё гэта крыху здзівіла з самага пачатку. Пасля ж яшчэ шмат часу вялікая колькасць гледачоў блукала па галерэях выставачнага комплексу, з задавальненнем абмяркоўваючы фотаграфіку і лічбавыя фота нашых суайчыннікаў, а таксама творы ўдзельнікаў фестывалю з Расіі, Украіны, Літвы, Эстоніі, Малдовы, Сербіі і Нарвегіі.

Пасля такога ўступу хацелася пабачыць эксперыменты з выкарыстаннем розных апрацовак, з ілюзіямі і канцэптуальнымі ідэямі. Першым прыцягнуў увагу малдаванін Ігар Свірноў са сваімі экспрэсіўнымі каляровымі целамі-душамі, быццам выкінутымі пасля таго, як іх рэсурс выпрацавалі. Камп'ютарная графіка беларускі Святланы Кандыбовіч уяўляе з сябе стыльныя манахромныя нацюрморты з металічным "прысмакам". Каляровы каляндар, кампазіцыя "М&Ж" суайчынніка Аляксея Юшкоўскага вылучаюцца высокім майстэрствам валодання лічбавым "пэндзлем" і добрым карыкатурным гумарам. Фота літоўца Евальдаса Іванаўскаса зацікавіла процілеглым: засяроджанасцю, шэрай задуменнасцю, нечаканым аб'ектам для сучаснага творцы - каровай.

 Загадчык галерэйна-выставачнага комплексу НББ Фёдар Ястраб адзначае: "Сёння ў нас няма ніводнай пляцоўкі, дзе пастаянна дэманстраваўся б відэа-арт, няма дзе паказваць невялікія відэа-работы, лічбавае мастацтва. Цягам фестывалю мы можам даведацца пра тое, наколькі ўдала ствараюць гэта нашы і замежныя аўтары. Дадам, што форум - вельмі прадстаўнічы, колькасць работ - вялізная, нашмат большая, чым у мінулы раз, таму наведвальніка трэба выкарыстоўваць магчымасць усё паглядзець. Спадзяюся, што сярод іншых знаных еўрапейскіх фестываляў "Terra Nova" зойме пачэснае месца".

 Творы відэамастацтва будуць дэманстравацца ў канферэнц-зале бібліятэкі 26 кастрычніка, а таксама 3, 9 і 16 лістапада для ўсіх ахвотных. 18 лістапада адзначаць і ўзнагародзяць лепшых, а перад гэтым адбудзецца "круглы стол" з абмеркаваннем праблем лічбавага мастацтва ў нашай краіне.