Прыпевачным рэхам

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Свята антыалкагольнай прыпеўкі не так даўно праводзілася на базе Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі. Мерапрыемства гэтае пад трапным дэвізам “Прыпевачным рэхам — па “п’яных” агрэхах!” стала “першай ластаўкай” раённай акцыі “Бярэзінскія самадзейныя артысты — супраць шкодных звычак”. Сцэнічнае выкананне актуальных антыалкагольных прыпевак “з прыцэлам на 40 градусаў” стала дасціпнай трыбунай творчасці бярэзінскіх жанчын-прыпевачніц супраць заганнай сацыяльнай з’явы, якая набыла сёння памеры ўсенароднай бяды.

Прыпеўка — унікальны па змесце і форме жанр народнай творчасці. Яна не мае сабе роўных і амаль імгненна адгукаецца на ўсякую з’яву, даючы ёй сваю ацэнку, пры якой важную ролю адыгрываюць гумар і іронія. Лёгкасць запамінання, лятучая рыфма, даходлівая і жывая мова — усё гэта дазваляе выкарыстоўваць прыпеўку і як сродак масавай агітацыі.
Згаданае мерапрыемства праходзіла ў форме жаночых пасядзелак. З яе хітрынкай, гарэзлівасцю, феерверкам эмоцый прыпеўка невыпадкова прылічана да любімага жаночага жанру. На заклік прыняць удзел у свяце адгукнуліся жанчыны розных узростаў, сацыяльнага статуса, прафесій і аматарскіх прыхільнасцей. Тут былі прадстаўніцы самадзейных калектываў прадпрыемстваў і ўстаноў культуры, аматарскіх аб’яднанняў, грамадскіх арганізацый і таварыстваў — моладзь, людзі працаздольнага ўзросту, пенсіянеры.
“На прыпеўкі далі ход — стаў паэтам увесь народ!” Тэксты прыпевак дасылалі мясцовыя самадзейныя паэты, складалі іх і самі выканаўцы. Сярод удзельнікаў свята антыалкагольнай прыпеўкі былі слынныя ў раёне і вобласці спявачкі Тамара Дземяшкевіч, Валянціна Жураўская, Іна Юшкевіч. Раённае таварыства інвалідаў дэлегавала сваю самую галасістую прадстаўніцу — прыпевачніцу Ганну Толкач з вёскі Паложына. Жанчына ад нараджэння невідушчая, аднак валодае раздольным каларытным голасам і навучылася здабываць святло з любой цемры. Бадай, самымі шматлікімі аказаліся мастацкія калектывы ўстаноў культуры. Прыпевачную эстафету адно аднаму перадавалі самадзейныя артысты Паплаўскага, Любушанскага, Галоўналяцкага, Капланецкага сельскіх дамоў культуры, народнага ансамбля “Лявоніха” Бярэзінскага РДК.
Голас антыалкагольнага пратэсту бібліятэкараў раёна агучыла “мабільная” спеўная брыгада работнікаў бібліятэк Пагосцкага сельскага савета. Самымі старэйшымі ўдзельніцамі гэтага жаночага форуму сталі сёстры-прыпевачніцы з вёскі Вязе Марыя Архіпец і Еўдакія Лебядзь — паважанага 78-гадовага ўзросту. Іх выступленне даказала, што прыпеўка — песня ўсіх узростаў.
Раённы клуб маладой сям’і прадстаўлялі прыгажуні-мамы і дачушкі-шчабятушкі сем’яў Рафаловічаў і Вераб’ёвых. Прыпевачніца “залатога ўзросту” і “бойкага калібру” Раіса Кузняцова прадстаўляла гарадскі клуб сталых людзей “Рамантыка сустрэч”, Святлана Васіліў — жанчын-прадпрымальніц і шматдзетных маці.
Вастрыё хлёсткіх і з’едлівых частушак-баявушак было скіравана на жаночае п’янства, “маладзёжную забаўку, алкагольную ўдаўку” — піва, самагонаварэнне, п’яную пагрозу генафонду краіны — пітушчых татаў і мужоў, п’яных кавалераў.
Ва ўнісон прагучала прывітанне антыалкагольнаму жаночаму фэсту ад мясцовай паэткі Дзіны Трапянок.Арганічным дапаўненнем да букета трапных прыпевак сталі лаканічныя мудраслоўі, міні-сцэнкі і інтэрмедыі, байкі жыхара вёскі Новая Калюжыца Міхаіла Башарымава.… Прыпеўкі ў вусным бытаванні, на жаль, недаўгавечныя. Іх былое паўсядзённае выкананне змянілася асобнымі ўсплескамі на гуляннях. Таму асабліва важна занатаваць гэты унікальны жанр вуснай народнай творчасці. Звыш тысячы матуліных прыпевак сабрала ў зборнік і перадала ў дар нашай бібліятэцы супрацоўніца раённага Цэнтра дзіцячай творчасці Алена Лапыцька. Усе творы гэтага жанру, агучаныя бярэзінскімі самадзейнымі артыстамі падчас свята, будуць уключаны ў спецвыпуск зборніка прыпевак, якім, дарэчы, ужо зацікавіліся ў Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі. Так што, бойкае слова бярэзінскіх прыпевачніц і па-за межамі раёна не засталося незаўважаным.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
аўтар праекта,
загадчыца
аддзела маркетынгу
Бярэзінскай ЦБС