У рамках гэтай экспазіцыі ў слуцкай Галерэі мастацтваў, якой, дарэчы, 8 кастрычніка споўнілася пяць гадоў, дэманстраваліся работы мастакоў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Міншчыны, а цяпер з гэтай выстаўкай знаёмяцца жыхары і госці Гомеля. У адказ на Случчыну завіталі мастакі Гомельшчыны.
Такім чынам, днямі ў Слуцкай галерэі адбыўся святочны вернісаж. Прадстаўлены 44 жывапісныя, графічныя, скульптурныя і дэкаратыўныя творы больш за 30 мастакоў і скульптараў з Гомеля, Мазыра, Светлагорска.
Зямля беларуская - невычэрпная крыніца натхнення, а нашы краявіды - непаўторныя. Таму пейзажы мастакоў, у прыватнасці, творцаў з Гомельшчыны, блізкія душы чалавека, валодаюць сугучнымі ёй пачуццямі і, у той жа час, узвышаныя і таямнічыя. Гледзячы на пейзажы Р. і В. Ландарскіх, М.Казакевіча, Б.Звінаградскага, В.Ягорава, П.Фея, В.Казачэнкі, В.Сідоркіна ды іншых сапраўды сэрцам успрымаеш родную зямлю. Ёсць творы, выкананыя і ў авангарднай манеры (А.Отчык, В.Дзенісенка), але яны абуджаюць жаданне разважаць пра духоўную сутнасць свету.
Нацюрморты і кветкавыя кампазіцыі В.Баранава, П.Лук'яненкі, Л.Сцяпанавай, М.Кухарэнкі, А.Крылова, А.Гайлевіча, С.Ігнаценкі выкананы ў розных тэхніках, але іх аб'ядноўвае прыгажосць, тонкі густ, прыродная любоў да зямлі.
Стварэнне партрэта эпохі немагчымае без партрэта сучаснікаў. На выстаўцы прадстаўлены партрэт заслужанай артысткі Беларусі Галіны Паўлянок, які стварыла мастачка С.НаздрынПлатніцкая, а фігурныя кампазіцыі А.Двароніна, Г.Говара, І.Сямекі, Ю.Платонава падкрэслены ўсплёскамі святла і колеру, пластыкай ліній, бударажаць свядомасць.
Графіка прадстаўлена акварэллю С.Курашовай і пастэллю У.Андрыянава ды У.Кароткага. Разнастайнасць колераў, жывая трапятлівасць каларыту ўласцівыя гэтым работам. Скульптары Д.Папоў і В.Далгоў знаёмяць гледача са сваімі станковымі творамі, што вызначаюцца глыбінёй псіхалагічнага спасціжэння чалавека, вастрынёй назіральнасці ў перадачы характэрных асаблівасцей аблічча натуры. Цудоўныя і непаўторныя габелены Л.Зуевай вабяць шырокай гамай фарбаў і колераў і, у той жа час, тонкім эстэтычным густам.
Работы творцаў розных пакаленняў, стыляў і напрамкаў мастацтва ўдала спалучаюцца ў экспазіцыі і ствараюць цікавую, разнапланавую карціну сучаснай выяўленчай культуры Гомельшчыны.
Валерый АЖЭЎСКІ, навуковы супрацоўнік філіяла "Галерэя мастацтваў" Слуцкага краязнаўчага музея