Выхад у акадэмічны космас

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1505 ад 18 кастрычніка Нацыянальнаму канцэртнаму аркестру Беларусі прысвоены статус акадэмічнага.

 

 - У параўнанні з іншымі прафесійнымі калектывамі, якія ўжо носяць званне акадэмічных, наш - самы малады, - адзначае мастацкі кіраўнік калектыву, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг. Але галоўная наша заслуга, лічу, нават не ў колькасці праведзеных канцэртаў, фестываляў і іншых мерапрыемстваў, у тым ліку і за мяжой, і з лепшымі расійскімі зоркамі. Галоўнае - гэта тое, што мы стварылі сваю ўласную школу ігры, якой няма ні ў адной навучальнай установе, ні ў якім іншым калектыве краіны. Навучальныя ўстановы даюць неабходныя веды, разлічваючы іх на музыкантаў шырокага профілю. Мы ж, можна сказаць, займаемся той прыступкай спецыялізацыі, што вянчае піраміду навучання і дае выхад у папраўдзе бясконцы космас далейшага ўдасканалення. Бо музыкант у любым узросце - гэта яшчэ і штодзённыя самастойныя заняткі. Не зробіш крок наперад - значыць, не проста застанешся на тым жа месцы, а рушыш назад. Нашы музыканты засвоілі гэта даўно...

Дый як не засвоіць, калі творчае жыццё ў аркестры папраўдзе віруе. Днямі калектыў вярнуўся з Турава, дзе правёў чарговае Свята камернай музыкі. 1-га лістапада - канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філармоніі з прэзентацыяй новай праграмы, прысвечанай Уладзіміру Караткевічу. Сімвалічна, што гэтую вечарыну калектыў зладзіць ужо ў новай якасці.