На прэмію Саюзнай дзяржавы

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

18 красавіка ў Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная вынікам пасяджэння Экспертнага савета па прэміях Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва пры Пастаянным Камітэце Саюзнай дзяржавы.

У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел: старшыня Экспертнага савета ад расійскага боку, намеснік міністра культуры і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі А.Бусыгін, члены Экспертнага савета рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства Р.Смольскі, загадчык кафедры малюнка БДАМ У.Тоўсцік, мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі Ю.Гільдзюк, старшыня Саюза мастакоў РФ В.Сідараў, начальнік Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы І.Наркевіч, начальнік Дэпартамента па забеспячэнні дзейнасці Саветніка Прэзідэнта РФ па пытаннях развіцця культуры і Савета пры Прэзідэнце РФ па культуры і мастацтве А.Цярэхін, начальнік аддзела сацыяльнай палітыкі Дэпартамента Сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы І.Яновіч.
У сваім выступленні А.Бусыгін адзначыў, што, у адпаведнасці з Палажэннем аб прэміі, у Экспертны савет да 1 сакавіка павінны былі быць прадстаўлены прапановы ад беларускага і расійскага бакоў. Усе кандыдатуры на атрыманне прэміі Саюзнай дзяржавы за 2007 год будуць разглядацца да 1 мая.
Ад Рэспублікі Беларусь вышукальнікамі прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва — 2007 вызначаны: народны артыст Беларусі, кіраўнік Нацыянальнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі РБ Міхаіл Фінберг, які прысвяціў шмат гадоў творчай дзейнасці музычнаму мастацтву, стварэнню яркіх канцэртных праграм; скульптар Валянцін Занковіч за стварэнне помніка “Партызанам Палесся” ў Пінску і манумента “Беларусь партызанская” ў Мінску; народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін, які сыграў болей за 70 галоўных роляў у мастацкіх і тэлевізійных фільмах.
Расіяне вылучылі на атрыманне прэміі: рэжысёра тэатра і кіно Валерыя Ахадава за пастаноўку спектакля “Спакуса” А.Мікалаі і артыстаў творчага калектыву “Міжнароднае тэатральнае агенцтва “Арт-Парнёр ХХІ”; народнага артыста Расіі, рэжысёра Сяргея Арцыбашава за пастаноўку спектакля “Тры сястры” А.Чэхава і іншых драматургічных твораў; пісьменніка Івана Сабілу за раман “Адкрыты рынг”.
Старшыня Саюза мастакоў РФ В.Сідараў выказаў прапанову — пашырыць колькасць намінантаў і вызначаць пераможцаў у канкрэтным накірунку дзейнасці: у сферы кіно, тэатра, літаратуры, выяўленчага мастацтва. Яго думку падтрымаў Р.Смольскі, а У.Тоўсцік дадаў, што варта было б зацвердзіць спецыяльную прэмію для маладых, для тых творцаў, хто закліканы фармаваць культуру ХХІ стагоддзя.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА