Арганізатарамі Дзён культуры выступілі Пасольства СРВ у Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства культуры, спорту і турызму СРВ пры садзейнічанні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
На ўрачыстым адкрыцці Дзён культуры В'етнама 18 кастрычніка ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце прысутнічаў і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш. У сваім выступленні ён зазначыў, што неабходна больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял культуры для пашырэння беларуска-в'етнамскага дыялога ва ўсіх сферах.
- Культура заўсёды будзе ствараць той добры фон, дзякуючы якому будуць развівацца і палітычныя стасункі, і экалагічныя сувязі паміж нашымі краінамі, - падкрэсліў намеснік міністра.
Цягам пяці дзён мінчане змаглі пазнаёміцца з выстаўкай прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народнасцей В'етнама, фотавыстаўкай, прысвечанай Ханою і іншым адметным мясцінам краіны, а таксама пабываць на дэманстрацыі калекцыі в'етнамскага нацыянальнага жаночага адзення (Ao Dai) дызайнера Лан Хыонг, якая прайшла ў Палацы культуры ветэранаў 19 кастрычніка.
Як адзначыў перад пачаткам дэфіле Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам у нашай краіне Данг Хыу Чан, дадзеная калекцыя яскрава і запамінальна адлюстроўвае традыцыі азіяцкай дзяржавы, якую ён прадстаўляе ў Беларусі.
Таксама дыпламат падкрэсліў, што правядзенне Дзён культуры В'етнама ў нашай рэспубліцы паспрыяе далейшаму культурнаму збліжэнню народаў.
Нагадаем, што ў гэты ж перыяд адбыўся візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі ў В'етнам. Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацыянальнага сходу.
Перспектывы развіцця двухбаковага палітычнага дыялога, аспекты пашырэння ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і В'етнамам у міжнародных арганізацыях абмеркавалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу нашай рэспублікі Уладзімір Андрэйчанка і кіраўнік В'етнама Нгуен Мінь Чыет.
На здымку: у час адкрыцця Дзён культуры В'етнама.