Ладдзя Рагвалода

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

З адметнасцю таго або іншага народа можна пазнаёміцца не толькі праз архітэктурныя помнікі або шэдэўры мастацтва, але і праз нацыянальныя гульні, некаторыя з якіх маюць багатую гісторыю.

 

 Алесь Астроўскі, прафесар кафедры медыцынскай біялогіі Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта, цягам дзесяці гадоў працаваў над узнаўленнем некаторых малавывучаных аспектаў беларускай матэрыяльнай культуры. І якраз да гадавіны Грунвальдскай бітвы свет пабачыў плён працы даследчыка: беларускія шахматы, інтэлектуальная гульня, якой, відавочна, захапляліся нашы продкі.

Што, па сутнасці, уяўляюць з сябе традыцыйныя шахматы? Як адзначыў Алесь Астроўскі, гэта найперш - злепак таго ўзроўню развіцця дзяржавы і палітычнай культуры, якая панавала ў раннім Сярэднявеччы. Інакш кажучы, ва ўсіх невялічкіх дзяржавах былі свае правадыры, якія карысталіся аўтарытэтам...

 Адноўленыя і ўдасканаленыя старадаўнія шахматы маюць шэраг адрозненняў ад звычных нам. У прыватнасці, павялічваецца камбінатыўнасць гульні, бо, па словах Алеся Астроўскага, замест традыцыйнага 64-клеткавага поля з'яўляецца 81-клеткавае. І, да таго ж, дадаюцца па дзве фігуры ў кожным з бакоў, а таксама "трон", які цяпер становіцца мэтай партыі, карэнным чынам змяняючы ўсю тактыку гульні.

Трэба прыгадаць, што за ўвесь перыяд развіцця шахмат было разгледжана шмат розных варыянтаў іх мадэрнізацыі, але ўсе яны абмяжоўваліся выкарыстаннем дадатковых фігур з дзіўнымі магчымасцямі (напрыклад, нейкая фігура магла хадзіць як конь і як слон адначасова). У гэтым сэнсе змяненне прыярытэтаў гульні з'яўляецца вызначальным момантам, бо адразу вылучае такія шахматы з шэрагу розных мадыфікацый, робячы іх унікальнымі, напоўненымі беларускім каларытам.

Акрамя ўсяго іншага, стваральнік вярнуўся да традыцыйных назваў шахматных фігурак, уласцівых беларускай палітычнай і вайсковай культуры розных часоў, пачынаючы ад Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага. Звыклы сённяшняму вуху "кароль" стаў "князем", "ферзь (каралева)" - "гетманам", "слон" - "гарматай", "тура" - "ладдзёй", "пешка" - "ратнікам"... Верыцца, што менавіта ў гэтыя шахматы гулялі нашы продкі.

Звернемся толькі да некаторых момантаў гульні. У прыватнасці, цэнтральная клетка поля (Е5) называецца тронам, праз які не дазваляецца "пераскокваць" ніводнай фігуры, акрамя вершніка і княжыча. На "трон" маюць права ўступаць толькі князь і княжыч. Пры гэтым трон не павінен быць "бітым" полем саперніка. Ігрок абавязаны выратоўваць свайго князя, калі княжыч адсутнічае на полі. Пры адсутнасці магчымасці абароны свайго князя апошняму абвяшчаецца мат.

Для перамогі ў гэтай гульні дастаткова, каб князь або княжыч аднаго з ігракоў пратрымаўся на троне хаця б адзін ход.

Мікалай ТАМАШЭВІЧ

На здымках: шахматныя фігуры, знойдзеныя пад час раскопак у Слуцку, Брэсце, Лукомлі.