Плён і план у дакументах

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Як вядома, шмат дакументаў, звязаных з мінуўшчынай Беларусі, воляй лёсу раскіданы па-за межамі нашай краіны. А таму кожная знаходка архіўных матэрыялаў мае велізарнае значэнне для даследчыкаў. Гэта можна сказаць і пра дакументы, прысвечаныя эвакуацыі грамадзян у 1941 годзе з тэрыторыі Беларусі ўглыб тагачаснага Савецкага Саюза.

 

Сумеснымі намаганнямі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Татарстан, Цэнтральнага архіва гісторыка-палітычнай дакументацыі Рэспублікі Татарстан выйшаў з друку зборнік "Белорусы в советском тылу. Июль 1941 г. - 1944 г.".

Як адзначыў Вiталь Скалабан, загадчык аддзела публiкацый дакументаў Нацыянальнага архiва нашай краіны, у кнігу ўвайшлі некалькі дзясяткаў дакументаў, прысвечаных працоўнаму подзвігу эвакуіраванага насельніцтва, прадстаўнікоў навукі і культуры, якія ўнеслі свой уклад у набліжэнне Перамогі.

У пераважнай большасці, дакументы распавядаюць пра дзейнасць прадпрыемстваў у эвакуацыі. Але, сярод іншага, вялікая ўвага ў зборніку надаецца і тэме беларускай культуры, адукацыі, навукі. У прыватнасці, асвятляецца работа Акадэміі навук БССР, тэатраў, ВНУ. Шэраг матэрыялаў зборніка прысвечаны планам і першым крокам па аднаўленні эканомікі ў вызваленых раёнах Беларусі.